Аўдзееўка замест Бахмуту і шанец ЗСУ. Тлумачым, што цяпер адбываецца на фронце


Расейскае войска працягвае атакаваць украінскія пазіцыі на Данбасе адразу на некалькіх кірунках, але нідзе не дасягае істотнага поспеху. Лінія фронту за апошнія тыдні змянілася нязначна. Як доўга будзе працягвацца пазіцыйная фаза супрацьстаяння, і на што разлічваюць бакі канфлікту?

Украінскія вайскоўцы на лініі фронту на поўдзень ад Бахмуту. 20 сакавіка 2023 года.
Фота: Wolfgang Schwan / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum

Бахмут: расейцы выдыхаюцца

Некалькі месяцаў самаю гарачаю кропкаю фронту быў Бахмут: вакол гораду адбываліся найбольш інтэнсіўныя баі, і акурат там расейцы дасягнулі максімальнага прагрэсу. ПВК Вагнэра выкарыстоўвала тактыку мабільных штурмавых групаў і паступова прагрызала ўкраінскую абарону з флангаў з мэтай акружыць Бахмут. Забеспячэнне ўкраінскіх войскаў у Бахмуце аказалася завязаным толькі на адну трасу, якую расейцы мелі магчымасць абстрэльваць.

Украінскі бок прызнаваў сур’ёзнасць сітуацыі. «Фактычна ёсць магчымасць паўтору Дэбальцаўскага катла. Дакладна гэтак жа там заставалася адна траса і пры выхадзе мы панеслі вялікія страты. Такая ж сітуацыя можа паўтарыцца ў Бахмуце», – заявіў у інтэрв’ю «Настоящему времени» камандзір аднаго з падраздзяленняў ЗСУ Дзяніс Яраслаўскі 7 сакавіка. Прадстаўнікі афіцыйнага Кіева прызнавалі, што ЗСУ, калі спатрэбіцца, могуць пакінуць Бахмут, каб не ахвяраваць людзьмі проста так. Інстытут вывучэння вайны (ISW) заўважыў у пачатку сакавіка, што ўкраінскія войскі ўжо пачалі ствараць умовы для адводу сваіх падраздзяленняў з гораду.

Вялікай бяды ў такім сцэнары ніхто не бачыў: са стратэгічнага пункту гледжання захоп Бахмуту расейцам нічога не дасць – пасля гэтага агрэсар проста ўткнецца ў наступны ўмацаваны раён Данбасу. Міністр абароны ЗША Лойд Остын публічна заявіў, што баі за Бахмут маюць хутчэй сімвалічнае, чым стратэгічнае і аператыўнае значэнне. Заходнія выданні пісалі, што Захад ужо некалькі месяцаў раіць Украіне адступіць і не марнаваць рэсурсаў на абарону гораду. Але ўкраінскае кіраўніцтва адмовілася ісці на гэта крок.

Адступленне з Бахмуту ў пачатку сакавіка здавалася амаль непазбежным. 11 сакавіка брытанская выведка сцвярджала, што вагнэраўцы за апошнія некалькі дзён узялі пад кантроль амаль усю ўсходнюю частку Бахмуту і лінія фронту цяпер праходзіць праз цэнтр гораду. Яўгеній Прыгожын, які любіць моцна перабольшваць поспехі сваіх наймітаў, наогул заяўляў, што кантралюе 70 % гораду. Аднак у другой палове сакавіка з’явіліся прыкметы таго, што сітуацыя пачала змяняцца на карысць Украіны. ЗСУ нават пачалі контратакаваць і здолелі трохі адціснуць расейцаў.

Камандзір ЗСУ Дзяніс Яраслаўскі 21 сакавіка заявіў, што крытычная кропка бітвы пройдзеная і сітуацыя паляпшаецца. У Генштабе ЗСУ таксама заявілі, што наступальны патэнцыял акупантаў на бахмуцкім кірунку зніжаецца. Аслабленне расейскага ціску заўважыла і брытанская выведка.

Пацверджаннем пазітыўных зменаў можна лічыць і той факт, што 22 сакавіка пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў пад Бахмутам наведаў Уладзімір Зяленскі – прэзідэнт наўрад ці пайшоў бы на такі візіт, калі б украінцы рыхтаваліся да адступлення. 23 сакавіка камандуючы сухапутнымі войскамі ЗСУ генерал-палкоўнік Аляксандр Сырскі заявіў, што расейскае наступленне пад Бахмутам выдыхаецца.

«Асноўнымі сіламі Расеі на гэтым кірунку ёсць прадстаўнікі ПВК Вагнэра. Не шкадуючы нічога, яны губляюць значныя сілы і выдыхаюцца. Зусім хутка мы скарыстаем з гэтай магчымасці, як у свой час рабілі гэта пад Кіевам, Харкавам, Балакліяй і Купянскам», – аптымістычна рэзюмаваў ён.

Групе Вагнэра патрэбная дапамога

Змянілася і рыторыка расейскага боку. 3 сакавіка заснавальнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын выхваляўся, што Бахмут нібыта «фактычна акружаны», і прапаноўваў украінцам пакінуць горад. 15 сакавіка ён заявіў пра «пашырэнне акружэння» Бахмуту. Аднак ужо 20 сакавіка звярнуўся да міністра абароны Сяргея Шайгу з папярэджаннем, што ў канцы сакавіка – пачатку красавіка ЗСУ плануюць нанесці фланговыя ўдары і акружыць ужо саму Групу Вагнэра. «Прашу вас прыняць усе неабходныя захады для перадухілення адсячэння ПВК Вагнэра ад асноўных сілаў УС РФ», – гаворыцца ў лісце да міністра.

Украінскія вайскоўцы вядуць агонь з артылерыйскай сістэмы 2С7 непадалёк Бахмуту. 17 сакавіка 2023 года.
Фота: Muhammed Enes Yildirim / AA / ABACA / Abaca Press / Forum

Зварот Прыгожына да Шайгу цікавы яшчэ і таму, што апошнім часам было шмат размоваў пра канфлікт ПВК Вагнэра з кіраўніцтвам Міністэрства абароны РФ. Яшчэ ў снежні 2022-га найміты пачалі скардзіцца на тое, што іх кепска забяспечваюць боепрыпасамі. У студзені Прыгожын і Міністэрства абароны завочна спрачаліся, хто з іх захапіў Салядар – найміты або Узброеныя сілы РФ. У лютым Прыгожын сам заявіў, што Міністэрства абароны наўмысна скарачае колькасць снарадаў для вагнэраўцаў і ён нічога не можа з гэтым зрабіць, нягледзячы на свае сувязі. Паралельна быў спынены набор наймітаў сярод вязняў расейскіх турмаў. Імаверна, канфлікт Прыгожына і Міністэрства абароны мае палітычную падаплёку: у Маскве з падазрэннем ставяцца да росту ўплыву заснавальніка ПВК Вагнэра і хочуць зрабіць ягоныя структуры больш кіраванымі.

Дзяніс Яраслаўскі выказаў думку, што расейскае кіраўніцтва прыняло рашэнне «пахаваць» усю Групу Вагнэра ў Бахмуце. «Гэта маё дакладнае перакананне, заснаванае на аналітыцы і разведзвестках, якія ў мяне ёсць. Пасля страты Бахмуту ўся параза за гэты кірунак будзе спісаная менавіта на тэрарыстычную арганізацыю Вагнэра, – падкрэсліў ён.

Камандзір ЗСУ, магчыма, перабольшвае, калі кажа пра намер «пахаваць» усю групоўку пад Бахмутам. Але зварот Прыгожына да Шайгу сведчыць пра тое, што ў канфлікце з Міністэрствам абароны ПВК Вагнэра зазнае паразу і чакаць нарошчвання рэсурсаў вагнэраўцам не варта.

Аўдзееўка – новы прыярытэт?

На фоне гэтых падзеяў актывізаваліся атакі расейцаў на Аўдзееўку. Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны мяркуе, што акурат Аўдзееўку Расея хоча зрабіць сваім прыярытэтам на фронце, прычым коштам якраз Бахмуту. Ва Украіне і на Захадзе ўжо называюць Аўдзееўку «новым Бахмутам».

Аўдзееўка – гэта невялікі горад Данецкай вобласці, які яшчэ ў 2014 годзе зрабіўся прыфрантавым. У 2014–2016 гадах Аўдзееўка была адной з самых гарачых кропак баявых дзеянняў на Данбасе. Падвышаную ўвагу Расеі да гэтага паселішча лёгка патлумачыць. Аўдзееўка месціцца ўсяго за 13 кіламетраў ад Данецку, навісаючы над горадам з поўначы. Расейцы называюць мястэчка «косткай, прыстаўленай вострым канцом да Данецкай агламерацыі». Акрамя таго, сама Аўдзееўка ў выпадку захопу можа зрабіцца выгадным плацдармам для далейшага наступлення ўглыб украінскай тэрыторыі, бо горад месціцца на ўзвышшы (гэта дало б перавагі пры вядзенні артылерыйскага агню) і звязаны з Данецкам чыгункаю (гэта дазволіла б расейцам хутка перакідваць рэзервы).

Расейскае камандаванне паўтарае пад Аўдзееўкай тактыку, якую ўжо выкарыстоўвала ў Бахмуце: бясконцыя атакі людскімі хвалямі з 10–15 байцоў і кругладзённае масаванае бамбаванне гарадской інфраструктуры. Паводле мясцовай адміністрацыі, у горадзе не засталося ніводнага цэлага будынку. Вады і святла няма ўжо амаль год. Пры гэтым у Аўдзееўцы застаюцца каля 2 тысяч жыхароў, якія не хочуць эвакуявацца (да поўнамаштабнага ўварвання тут жыла 31 тысяча чалавек).

Валанцёры раздаюць гуманітарную дапамогу мясцовым жыхарам у ваколіцах Бахмуту. 18 сакавіка 2023 года.
Фота: Narciso Contreras / AA / ABACA / Abaca Press / Forum

Расейцы спрабуюць узяць Аўдзееўку ў абцугі. 20 сакавіка брытанская выведка адзначыла, што цягам апошніх трох тыдняў расейскія сілы дамагліся некаторых поспехаў у гэтым раёне, хаця прасоўванне ідзе вельмі павольна.

«Некаторыя эксперты адзначаюць, што сітуацыя, якая складваецца вакол Аўдзееўкі, збольшага падобная да сітуацыі вакол Бахмуту, бо расейскія сілы паступова прасоўваюцца, абыходзячы горад з поўначы і поўдня. Аднак такой праблемы са шляхамі забеспячэння там пакуль няма», – адзначаецца ў аглядзе «Conflict Intelligence Team».

Нават сярод мілітарысцкай Z-супольнасці вельмі стрымана ацэньваюць перспектывы расейскага наступлення на Аўдзееўку. «Ніякага акружэння Аўдзееўкі няма і быць не можа ў дадзены момант і ў цяперашняй канфігурацыі фронту, таму што прарываць у такіх умовах абарону праціўніка надзвычай складана, практычна немагчыма», – кажа вайсковы карэспандэнт-прапагандыст Юрый Кацянок. «Справы там ідуць цяжкавата», – падкрэслівае вайсковы блогер Уладлен Татарскі. Былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў) 21 сакавіка сфармуляваў свае думкі больш груба: «Да акружэння Аўдзееўкі – яшчэ як ракам да Кітаю».

На што разлічваюць у Кіеве

Эксперты амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны мяркуюць, што ў цэлым веснавое наступленне расейскіх войскаў набліжаецца да сваёй кульмінацыі. Расея не дасягнула пастаўленых мэтаў. Цяпер у ЗСУ з’яўляецца магчымасць перахапіць ініцыятыву і распачаць контрнаступленне.

Hавiны
Брытанская разведка канстатуе, што страты расейскай арміі ва Украіне рэзка выраслі
2023.02.12 14:10

Украінскае кіраўніцтва не раз заяўляла, што на цяперашнім этапе іх задача – абяскровіць расейскае войска. Камандаванне ЗСУ сцвярджае, што страты расейцаў пад Бахмутам у 3–5 ці нават 7 разоў большыя, чым ва ўкраінцаў. Гэтыя ацэнкі, імаверна, перабольшаныя. Аднак страты Расеі падчас цяперашніх пазіцыйных баёў, хутчэй за ўсё, сапраўды істотна вышэйшыя за ўкраінскія.

«Гэта адзін з фактараў, для чаго нам трымаць абарону, – каб стачыць і абяскроўліваць ворага, выбіваючы з яго фізічныя магчымасці для далейшых нападаў і зніжаць яго маральны патэнцыял», – сказаў РБК-Україна спікер Усходняй групоўкі войскаў ЗСУ Сяргей Чараваты.

Чым больш рэсурсаў Расея згубіць у цяперашніх пазіцыйных баях, тым больш будзе шанцаў у ЗСУ правесці паспяховае контрнаступленне. І расейцы, і ўкраінцы цяпер часта ўспамінаюць сітуацыю вясны-лета 2022 года. Тады расейцы ўцягнуліся ў вельмі крывавыя гарадскія ды пазіцыйныя баі, нават здолелі ўзяць Севераданецк і Лісічанск, але гэтая перамога была піравай – страты ў асабовым складзе і рэсурсах былі настолькі высокімі, што наступленне выдыхнулася. Чым у сваю чаргу скарысталіся ЗСУ: восенню ўкраінцы перайшлі ў паспяховае контрнаступленне на Харкаўшчыне і Херсоншчыне. Украінцы цяпер хочуць паўтарыць гэты досвед, а расейцы баяцца такога сцэнара.

Від з вышыні на танк, які рухаецца ўздоўж лініі фронту на поўнач ад Бахмуту. 17 сакавіка 2023 года.
Фота: Ignacio Marin / AA / ABACA / Abaca Press / Forum

Разам з тым, ЗСУ, напэўна, будуць праяўляць максімальную асцярожнасць, плануючы сваё контрнаступленне. Выказваецца думка, што цана правалу можа быць занадта высокай для Украіны.

Напрыклад, амерыканскі аналітык Роб Лі лічыць, што аб’ём заходняй дапамогі дасягне максімуму вясной-летам 2023 года і далей захоўваць гэты ўзровень вайсковага падтрымання Украіны будзе цяжка. Прэзідэнт Чэхіі, былы генерал Пэтр Павэл у інтэрвʼю «Rzeczpospolita» нядаўна заявіў, што Украіна мае толькі адну спробу правесці буйнамаштабнае контрнаступленне. «Калі яна вырашыць пачаць буйное контрнаступленне і пацярпіць няўдачу, то атрымаць фінансаванне на наступнае будзе вельмі складана», – адзначыў ён. Паводле Павэла, падтрымліваць цяперашні ўзровень дапамогі пасля наступнай зімы будзе вельмі цяжка, у тым ліку праз стомленасць Захаду.

На такі сцэнар, імаверна, і спадзяюцца ў Маскве.

Аналітыка
Зімовае наступленне Расеі правалена? Тлумачым, што цяпер адбываецца на фронце
2023.03.02 18:14

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў