Не толькі баршчэўнік. Якія «няродныя» для Беларусі расліны нясуць пагрозу


Баршчэўнік Сасноўскага – вядомы ў Беларусі шкоднік. Нягледзячы на гэта, кожнае лета сотні беларусаў атрымліваюць ад яго апёкі. «Зялёны тэлефон» нагадвае правілы бяспекі адносна баршчэўніка і расказвае пра іншыя віды раслінаў, якія пагражаюць беларускай прыродзе.

Кветка баршчэўніку Сасноўскага. Раёні, Грузія. 11 ліпеня 2005 года.
Фота: Arthur Chapman / Flickr, CC BY-NC-SA 2.0

У Беларусі ёсць «чорная кніга флоры» – спіс чужых для Беларусі шкодных раслінаў, інакш кажучы інвазійных, якія распаўзліся на неўласцівыя для сябе тэрыторыі праз дзейнасць чалавека і працягваюць здабываць новыя землі, выцясняць мясцовыя віды. Паралельна існуе і «чорная кніга фаўны».

«Чорная кніга флоры» налічвае больш за тры сотні відаў, але сярод іх эколагі вылучаюць найбольш небяспечныя: гіганцкі баршчэўнік (баршчэўнік Сасноўскага і з выгляду амаль такі самы баршчэўнік Мантэгацы), залатарнік канадскі і залатарнік гіганцкі, эхінацыстыс лопасцевы, клён ясенялісты, амброзія палыналістая, рабінія ілжэакацыя.

Большасць гэтых раслінаў умоўна бяспечныя для чалавека: могуць усяго толькі выклікаць алергіі, псаваць малако каровам, змяншаць ураджаі, змяняць экасістэму, пазбаўляць дзікіх жывёл харчавання…

Гіганцкі баршчэўнік займае асаблівае месца сярод небяспечных відаў: лісце, карані, сцябло, плады баршчэўніку ўтрымліваюць у сабе асаблівыя рэчывы фуракумарыны. Калі гэтыя рэчывы трапляюць на скуру, яны істотна павялічваюць яе ўспрымальнасць да ўльтрафіялету. Промні сонца пад уплывам гэтага рэчыва выклікаюць наймацнейшыя апёкі.

«Каб апячыся баршчэўнікам, дастаткова дакрануцца да яго або прайсці па зарослым участку», – падкрэсліваюць у «Зялёным тэлефоне».

Правілы бяспекі адносна баршчэўніку такія:

• Не падыходзіць і не дакранацца да баршчэўніку, папярэдзіць і засцерагаць ад небяспекі дзяцей.

• Калі даводзіцца набліжацца да яго, апранаць адзенне з тоўстых тканін.

• Калі выпадкова дакрануліся да баршчэўніку, прамыць гэтае месца вадой з густой мыльнай пенай, апрацаваць скуру спіртам, слабым растворам марганцоўкі ці растворам фурацыліну.

• Калі апёкі вялікія або сок патрапіў у вочы, рот ці на іншыя слізістыя абалонкі, тэрмінова звяртацца да лекара.

• Калі заўважылі баршчэўнік на грамадскай тэрыторыі, паведамляць вусна ці пісьмова ў раённыя інспекцыі Міністэрства прыроды, у мясцовыя выканкамы і ў органы дзяржаўнага нагляду, а яшчэ ў Інстытут эксперыментальнай батанікі.

• Калі баршчэўнік на прыватнай тэрыторыі – лепш звярнуцца ў спецыяльныя платныя службы (напрыклад, такую) або вельмі падрабязна вывучыць спосабы змагання і захады бяспекі перад спробай выдаліць баршчэўнік самастойна.

• Па бясплатныя кансультацыі можна звяртацца на «Зялёны тэлефон» праз форму на сайце, пошту greenphonehelp@gmail.com, тэлефон +375 29 1702670 і прывязаныя да яго мэсэнджары або праз Telegram-бот @Green_phone_bot.

Пазбавіцца баршчэўніку вельмі цяжка, ён даволі ўстойлівы і пладавіты. Але ў Беларусі спрабуюць знішчыць небяспечную кветку. Так, з 2011 года, як сцвярджаюць менскія ўлады, плошчу, захопленую баршчэўнікам Сасноўскага ў Менску, зменшылі ў 13 разоў, з 240 га да 15,8 га.

За непрыманне захадаў супраць баршчэўніку як чыноўнікаў, так і простых агароднікаў могуць штрафаваць.

Аб’ектыў
Як даць рады баршчэўніку
2024.06.08 21:49

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў