Польшча назвала прымальным адсотак адмоваў беларусам у візах. Ён адзін з самых высокіх сярод краінаў ЕЗ


У МЗС Польшчы пракаментавалі «Белсату» статыстыку Еўракамісіі пра выдаванне шэнгенскіх візаў у Беларусі амбасадамі краінаў ЕЗ. У ведамстве заявілі, што адсотак адмоваў не выклікае нараканняў, хаця гэты паказнік амбасады і консульстваў Польшчы – адзін з самых высокіх сярод іншых шэнгенскіх краінаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польская віза.
Фота: Белсат

Паводле звестак Еўракамісіі, летась беларусы атрымалі 158 тысячаў візаў, 31 тысячу выдала амбасада і консульствы Польшчы. Больш візаў далі Нямеччына і Італія (52 і 40 тысячаў адпаведна).

І калі ў нямецкай амбасадзе адхілілі 0,8% заявак, а ў італьянскай – 0,2%, то польскія консулы – ад 10% да 13,3%.

Таксама высокі адсотак адмоваў беларусы зазналі ад Эстоніі (8,8%) і Латвіі (11,4%).

У міністэрстве замежных справаў Польшчы ў адказ на запыт «Белсату» заявілі, што колькасць адхіленых хадайніцтваў на візу нельга лічыць высокаю:

«Адсотак на гэтым узроўні не выклікае нараканняў, а пастанова аб выдаванні візы залежыць ад пададзеных дакументаў і добранадзейнасці заяўніка».

Hавiны
Еўракамісія паведаміла, якія краіны найчасцей адмаўлялі беларусам у візах
2024.06.02 15:33

У МЗС таксама нагадалі, што консул абавязаны адмовіць у візе ў шмат якіх выпадках, напрыклад, калі заяўнік не даказаў мэты і ўмоваў перабывання або калі ўзнікаюць сур’ёзныя сумневы ў сапраўднасці пададзеных дакументаў ці ў тым, што асоба плануе вярнуцца ў Беларусь да канца тэрміна дзеяння візы.

«Падчас працэдуры консул вывучае інфармацыю, што маецца, для прыняцця пастановы ў справе, ацэньвае заяўленую мэту і ўмовы перабывання, а таксама пэўнасць сцвярджэнняў заяўніка на візу», – адзначылі ў МЗС.

Агляд
«Шэнгенскі квэст». Як беларусам атрымаць візу ў Еўразвяз?
2024.05.29 13:45

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў