«Галасаванне онлайн – толькі адзін невялікі штрых». У Беларусі распачынаюць працэс лічбавізацыі выбараў


Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі распрацавала канцэпцыю лічбавізацыі. Пра яе сутнасць у эфіры «Беларусь 1» 11 чэрвеня распавёў кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка.

Цэнтральная выбарчая камісія Рэспублікі Беларусь.
Фота: pravo.by

«Некаторыя элементы лічбавізацыі мы ўжо выкарыстоўвалі ў адзіны дзень галасавання», – зазначыў Ігар Карпенка.

Сярод іх – складанне спісаў на падставе рэгістру насельніцтва, які вядзецца ў краіне (паводле такога ж прынцыпу будзе створаны рэгістр выбарнікаў); сістэма пошуку свайго выбарчага ўчастку паводле адрасу.

Са словаў кіраўніка ЦВК, канцэпцыя лічбавізацыі ўключае ў сябе стварэнне інфармацыйнай сістэмы, што ахоплівае ўсе стадыі выбарчага працэсу. Першым этапам будзе стварэнне адзінага рэгістру выбарнікаў. У гэтым будуць удзельнічаць МУС, аддзелы, якія рэгіструюць нараджальнасць, смяротнасць, шлюбы і інш.

«Будуць ды гэтага датычныя, відавочна, і Узброеныя сілы – чалавек жыў у адным месцы, але набраўся ў армію, значыць, ён у іншым месцы, адпаведна, змянілася ягонае месца пражывання, дзе ўносіць яго ў спіс выбарнікаў», – зазначыў Карпенка.

Яшчэ адзін элемент лічбавізацыі – электроннае галасаванне для асобных катэгорыяў грамадзянаў. Агулам жа, «галасаванне онлайн – гэта толькі адзін невялікі штрых у лічбавізацыі», лічаць у Цэнтральнай выбарчай камісіі.

«Дарэчы, калі хтосьці наіўна мяркуе, што ў першую чаргу гэта сістэма для тых, хто з’ехаў у камандзіроўку за мяжу, то яны памыляюцца, – падкрэсліў кіраўнік ЦВК. – Напрыклад, у Расейскай Федэрацыі яны ўвогуле электроннае галасаванне з-за мяжы адключаюць, бо, як правіла, гэты элемент выкарыстоўваецца для атак на адзіную сістэму галасавання».

Hавiны
Лукашэнка зноў загаварыў пра выбары-2025: «Галоўнае – не пакрыўдзіць людзей»
2024.06.11 17:39

Канцэпцыя лічбавізацыі ўжо распрацаваная і яшчэ будзе абмяркоўвацца, пасля чаго будзе вызначаны паэтапны план дзеянняў для яе рэалізацыі. Падчас складання канцэпцыі беларуская ЦВК вывучала досвед Расеі, Кыргызстану, Казахстану і Узбекістану, што датычыць увядзення лічбавых тэхналогіяў у выбарчы працэс, аднак пры рэалізацыі канцэпцыі Беларусь будзе абапірацца на «свой айчынны праграмны прадукт і ні ў якім выпадку не залежаць ад некага звонку».

«У тым ліку мы павінны спадзявацца на свае тэхнічныя магчымасці, бо часта бывае так, калі купленая нейкая прылада, яе ўкаранілі, але яна зламалася, тут увялі санкцыі, дэталі не даюць і гэтак далей. То бок мы не можам быць закладнікамі гэтай сітуацыі», – зазначыў Ігар Карпенка.

Раней, у рамках рыхтавання да прэзідэнцкіх выбараў, Цэнтрвыбаркам правёў адпаведны семінар-нараду. Там Ігар Карпенка распавёў, што трэба «намеціць пэўныя падыходы да арганізацыі будучай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі».

«Хачу нагадаць, што яна павінна прайсці не пазней за 20 ліпеня 2025 года і фактычна завяршыць выбарчы цыкл, які мы праводзілі ў адпаведнасці са зменамі і дапаўненнямі ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, прынятымі на рэспубліканскім рэферэндуме ў 2022 годзе», – сказаў Карпенка.

Выбары ў КР
«Стварылі сусветны прэцэдэнт. Пакуль усе трындзяць, мы робім». Павел Лібер – пра галасаванне ў КР
2024.06.02 09:52

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў