У Рэчыцкім раёне дзецям у садкі прывозілі рыбу са слядамі глістоў


Правяранне арганізацыі харчавання ў дзіцячых садках і школах Гомельскай вобласці выявіла шматлікія парушэнні. Пра гэта паведамілі ў Генеральнай пракуратуры.

Беларускі металургічны завод
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: БМЗ_life / Telegram

Гэтак, у некаторых дзіцячых садках Рэчыцкага раёну закупленая рыба не адпавядала ўмовам заключанай дамовы даставы. У прыватнасці, рыба не заўсёды прыходзіла ў вытрыбушаным выглядзе. На дадатак, у 2023 і 2024 гадах рыба ў адзін з дзіцячых садкоў неаднаразова паступала ў непрыдатным для харчавання выглядзе – з гельмінтозам, выкліканым паразітарнымі чарвякамі.

Па выніках правярання да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнулі службовых асобаў раённага цэнтру забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацыяў у сферы адукацыі. З дастаўцам рыбы дамова была скасаваная.

Парушэнні былі выяўленыя і ў 11 школах Гомля. Гэтак, гарбата для школьнікаў з цукровым дыябетам выстаўлялася на агульныя сталы для ўсіх, і вызначыць, у якой шклянцы не было цукру, было немагчыма.

Апроч таго, дзецям з непрыманнем лактозы давалі бульбяное пюрэ з дабаўленнем малака, а іншым навучэнцам – апельсіны, хоць лекары раілі выключыць вітамін С з іхнага рацыёну.

Выяўленыя і іншыя парушэнні санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў.

Нагадаем, што ў студзені вучняў менскай школы шпіталізавалі з кішачнай інфекцыяй.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў