Масква пагражае змяніць сваю ядравую дактрыну


Намеснік міністра замежных справаў Расеі Сяргей Рабкоў заявіў, што дзеянні ЗША і NATO ставяць перад Масквой пытанне аб неабходнасці змянення яе базавых дакументаў у ядравай сферы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ядравая зброя.
Фота: mil.ru

Сутнасці магчымых зменаў дыпламат не раскрыў.

«Да прыняцця адпаведных пастановаў у нашай практыцы адсутнічае папярэдняе асвятленне таго, якія змены могуць быць унесеныя», – цытуе намесніка міністра замежных справаў Расеі Сяргея Рабкова «РИА Новости».

«Магу сказаць толькі, што абстаноўка мае тэндэнцыю да далейшага ўскладнення. Тыя выклікі, што памнажаюцца ў выніку непрымальных эскалацыйных дзеянняў ЗША і іх саюзнікаў з NATO, без усялякага сумневу ставяць перад намі на ўвесь рост пытанне аб тым, як базавыя дакументы ў сферы ядравага стрымлівання могуць быць прыведзеныя ў большую адпаведнасць з цяперашнімі патрэбамі», – дадаў чыноўнік.

Нагадаем, цяперашняя Ваенная дактрына Расеі прадугледжвае, што ядравая зброя можа быць выкарыстаная падчас вонкавай агрэсіі, але толькі ў двух выпадках: пры выкарыстанні праціўнікам зброі масавага знішчэння або пры выкарыстанні звычайнай зброі, «калі пад пагрозу пастаўленае існаванне дзяржавы».

Аналагічная норма ёсць у дакуменце пад назвай «Асновы дзяржаўнай палітыкі Расейскай Федэрацыі ў галіне ядравага стрымлівання». Там зазначаецца, што ядравае стрымліванне ажыццяўляецца ў дачыненні дзяржаваў або кааліцыяў дзяржаваў, якія валодаюць ядравай зброяй, а таксама тых дзяржаваў, якія валодаюць «значным баявым патэнцыялам сілаў агульнага прызначэння.

Hавiны
У Маскве заявілі, што ў выпадку з’яўлення ў Польшчы ядравых абʼектаў яны стануць цэллю РФ
2024.04.25 20:31

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў