Памежны камітэт Беларусі: у дэпартаванага з Польшчы мужчыны няма праблемаў з беларускім заканадаўствам


Памежны камітэт Беларусі заявіў, што інфармацыя, быццам Дзмітрый Смактуновіч, якога 12 чэрвеня выправадзілі з Польшчы, баіцца вяртацца на радзіму з прычыны прыцягнення да крымінальнай адказнасці, не адпавядае рэчаіснасці.

Дзмітрый Смактуновіч на мосце праз раку Буг на беларуска-польскай мяжы.
Фота: gpk.gov.by

«У грамадзяніна адсутнічаюць праблемы з беларускім заканадаўствам, і, значыць, ён бесперашкодна можа вярнуцца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Раней гэты грамадзянін неаднаразова мінаў беларускую мяжу», – гаворыцца ў паведамленні Памежнага камітэту.

Паводле памежнікаў, яны растлумачылі мужчыну парадак дзеянняў, пасля чаго ён скіраваўся на беларускі бок. Цяпер беларускі бок надае грамадзяніну неабходную дапамогу, бо «польскія прадстаўнікі ўлады выправадзілі мужчыну без сродкаў да існавання».

Таксама памежны камітэт Беларусі зазначае, што Дзмітрый Смактуновіч увесь час да пераходу на беларускі бок быў на тэрыторыі Польшчы, а не на «нейтральнай тэрыторыі», бо такой тэрыторыі паміж Беларуссю і сумежнымі краінамі не існуе.

Абноўлена
Беларус, дэпартаваны з Польшчы, перайшоў на беларускі бок мяжы
2024.06.12 12:03

Польская памежная служба сцвярджае, што Дзмітрый спрабаваў прайсці ў Польшчу з боку Беларусі. Прадстаўнік Надбужанскага аддзелу памежнай службы Дар’юш Сеніцкі паведаміў Pap.pl, што каля 9:00 паводле польскага часу 12 чэрвеня ў пункце пропуску «Тэрэспаль» грамадзянін Беларусі спрабаваў пешшу перайсці мост у бок польскай мяжы.

«Аўтамабільны памежны пераход у Тэрэспалі абслугоўвае толькі аўтамабільны рух. Мы не прапускаем пешаходаў. Гэтага чалавека вярнулі на беларускі бок. Падчас умяшання мужчына пагражаў скочыць у ваду», – заявіў прадстаўнік памежнай службы.

Дзмітрыя Смактуновіча выправадзілі з Польшчы пасля таго, як 11 чэрвеня спынілі для правярання дакументаў, падчас чаго аказалася, што ў мужчыны ануляваны літоўскі дазвол на жыхарства. Атрымаць польскі дазвол беларус раней не здолеў, бо яго судзілі за перавоз мігрантаў, якія незаконна пераходзілі беларуска-польскую мяжу. Пакуль трываў судовы разбор, у мужчыны забіралі пашпарт, на руках была толькі копія. Каля месяца таму, як толькі Дзмітрыю аддалі пашпарт, ён падаў заяву на польскі дазвол на жыхарства, аднак не паспеў яго атрымаць.

Пасля таго як мужчына аказаўся на беларускім баку мяжы, польскія памежнікі дазволілі рух транспарту ў абодва бакі. Аб 11:40 пра аднаўленне руху паведаміў Памежны камітэт Беларусі.

Абноўлена
З Польшчы выправадзілі беларуса. Ён баіцца вяртацца ў Беларусь і застаецца на нейтральнай паласе
2024.06.12 10:47

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў