Сына Джо Байдэна прызналі вінаватым у незаконным захоўванні зброі


Суд прысяжных прызнаў Гантэра Байдэна, сына прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, вінаватым у незаконным захоўванні зброі. Яму пагражаюць зняволенне і штраф.

Гантэр Байдэн.
Фота: nytimes.com

Паседжанне прысяжных суда штату Дэлаўэр адбылося ў аўторак, 11 чэрвеня. Па выніках Гантэра Байдэна прызналі вінаватым паводле ўсіх трох пунктаў абвінавачання, якое яму высунулі.

54-гадовага Байдэна-малодшага абвінавацілі ў тым, што ў 2018 годзе ён схаваў сваю нарказалежнасць падчас куплі пісталета.

Прысуд будзе вынесены цягам 120 дзён, аднак канкрэтная дата пакуль не прызначаная. Гантэру Байдэну пагражае да 25 гадоў пазбаўлення волі і штраф каля 750 тысячаў долараў. На практыцы, аднак, калі Байдэна-малодшага і адправяць у турму, то не больш чым на пару гадоў, лічаць юрысты.

Гэта першы ў гісторыі ЗША выпадак, калі судзяць сына дзейнага прэзідэнта.

Абвінаваўчы прысуд наўрад ці паўплывае на прэзідэнцкую кампанію (выбары ў ЗША адбудуцца 5 лістапада 2024 года), аднак будзе цяжкім асабістым ударам для Джо Байдэна, лічыць аглядальнік Бі-Бі-Сі ў Паўночнай Амерыцы Энтані Зэркер.

У верасні ў Байдэна-малодшага будзе яшчэ адзін суд – за ўхіленне ад падаткаў з прыбыткаў памерам 1,5 мільёна долараў. Гэты працэс можа быць больш важным у палітычным сэнсе, зазначае Зэркер.

Джо Байдэн заявіў, што прыме любую пастанову суда, а таксама, хоць і мае права памілаваць сына, не будзе гэтага рабіць. У той жа час дзейны прэзідэнт не адмаўляецца ад Гантэра і будзе падтрымліваць яго.

«Як я ўжо казаў на мінулым тыдні, я – прэзідэнт, але я таксама і бацька. Мы з Джыл любім нашага сына і вельмі ганарымся тым, які ён цяпер чалавек. Мы з Джыл заўсёды будзем любіць і падтрымліваць Гантэра, як і іншых чальцоў нашай сям’і», – зазначыў прэзідэнт ЗША ў сваёй заяве.

Аналітыка
Суды, невядомасць і патэнцыйны хаос. Чаго эксперты чакаюць ад спаборніцтва Байдэна і Трампа
2024.04.19 06:10

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў