Сталі вядомыя вынікі ЦЭ па беларускай і расейскай мовах. Расейскую здалі лепш


Міністэрства адукацыі Беларусі апублікавала статыстыку вынікаў цэнтралізаваных экзаменаў (ЦЭ) па беларускай і расейскай мовах, якія беларускія школьнікі здалі 30 траўня (або калі не здалі, то змогуць здаць у рэзервовыя дні – 21 і 23 чэрвеня).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выпускнікі здаюць Цэнтралізаванае тэставанне і Цэнтралізаваны экзамен у БНТУ. Менск, Беларусь. 6 чэрвеня 2024 года.
Фота: Bntu.by

ЦЭ па беларускай мове здавалі 11,5 тысячы вучняў, па расейскай – 44 тысячы. Летась ЦЭ па беларускай здавалі тыя ж 11,5 тысячы, па расейскай – 41,9 тысячы (але пазней ЦТ па беларускай напісалі 3 тысячы, па расейскай – 12 тысяч).

Максімальныя 100 балаў атрымалі 177 вучняў, якія здавалі беларускую мову, і 292 вучні, якія здавалі расейскую. Па першым профільным прадмеце 100 балаў атрымалі 636 вучняў. Адна выпускніца, Дзіяна Жаносек з Лепеля, атрымала 100 балаў па абодвух ЦЭ: па матэматыцы і па расейскай.

Сярэдні бал па беларускай мове склаў 61,7, па расейскай – 63,3. Выходзіць, беларускую ў сярэднім здалі горш, але доля стабальнікаў у 2,3 раза вышэй сярод тых, хто здаваў беларускую.

Нуль балаў за ЦЭ па беларускай і расейскай мовах не атрымаў ніхто. Але на ЦЭ па іншых прадметах было 64 вучні, якія атрымалі нуль балаў, сярод іх 50 – па матэматыцы. Летась тры вучні напісалі ЦЭ па беларускай мове на нуль балаў, 47 – па матэматыцы, яшчэ 13 – па іншых прадметах.

Паглядзець вынікі ЦЭ можна тут на сайце РІКВ. Працуе толькі расейская версія старонкі, беларускую версію для праверкі вынікаў ЦЭ не стваралі.

Дакументы на паступленне ў каледжы і ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі пачнуць прымаць з 15 чэрвеня, з 27-га будуць прымаць дакументы на паступленне ў ВНУ, з 20 ліпеня – ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Вялікіх зменаў і скандалаў з ЦЭ сёлета не было. Галоўныя змены – пашырэнне магчымасцяў так званага мэтавага набору і паступлення без экзаменаў.

Агляд
Што новага ва ўступнай кампаніі ў беларускія ВНУ і колькі месцаў пакінуць «простым смяротным»
2024.06.10 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў