Лукашэнка зноў загаварыў пра выбары-2025: «Галоўнае – не пакрыўдзіць людзей»


Аляксандр Лукашэнка 11 чэрвеня сустрэўся са старшынём Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігарам Карпенкам, выслухаў справаздачу пра мінулыя выбары, атрымаў пасведчанне старшыні «Усебеларускага сходу» і зноў загаварыў пра наступныя прэзідэнцкія выбары.

Аляксандр Лукашэнка (злева) сустрэўся са старшынём Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігарам Карпенкам. Менск, Беларусь. 11 чэрвеня 2024 года.
Фота: Rec.gov.by

Старшыня ЦВК Ігар Карперка прызнаў, што ў мінулую выбарчую кампанію былі памылкі, абяцаў іх «падкарэктаваць», але выказаў упэўненасць у тым, што заканадаўства пад наступныя выбары можна не мяняць.

Аляксандр Лукашэнка, як заўсёды, наракаў на «няпросты час». Выказаў гатовасць абмеркаваць прэзідэнцкія выбары, якія маюць адбыцца не пазней за 20 ліпеня 2025 года. Ён паабяцаў, што гэтыя выбары пастараецца правесці «каб камар носа не падтачыў»:

«Нам няма ніякай неабходнасці, як гэта было і ў мінулыя гады, націскаць, адміністрацыйны рэсурс выкарыстоўваць. Мы здольныя сумленна і прыстойна правесці гэтыя выбары, – казаў Лукашэнка. – Мы павінны правесці годна гэтыя выбары. Не пакрыўдзіць людзей. Вось гэта галоўнае. Выбары для народу, для нашай дзяржавы. Але не пакрыўдзіць людзей».

Апошнімі беларускімі выбарамі, якія лічацца свабоднымі і дэмакратычнымі, былі тыя прэзідэнцкія выбары, па выніках якіх Лукашэнка прыйшоў да ўлады. Ніводныя выбары і рэферэндумы пасля 1994 года незалежныя беларускія і заходнія назіральнікі і праваабаронцы не называлі свабоднымі і справядлівымі, у тым ліку пастаянна заяўлялі аб выкарыстанні адміністрацыйнага рэсурсу – як то ў агітацыі, фармаванні выбарчых камісіяў і прымусе да галасавання. Так было і на апошніх на сёння выбарах 25 лютага 2024 года.

Аналітыка
«Застануся назло». Лукашэнка прыдумаў абгрунтаванне, каб не аддаваць улады да смерці
2024.02.26 16:36

Вынікамі выбараў-2020 Лукашэнка пакрыўдзіў вельмі многіх беларусаў: паводле афіцыйных вынікаў ЦВК, ён перамог з 80,1 % галасоў, ды незалежныя аналітыкі падлічылі, што ён прайграў Святлане Ціханоўскай: ён атрымаў каля 34 %, яна – не менш за 56 %. Супраць удзельнікаў пратэстаў 2020 года дасюль працягваюцца масавыя палітычныя рэпрэсіі. Патэнцыйным незадаволеным выбарамі-2025 ён ужо пагражаў.

Лукашэнка таксама раскрытыкаваў выбары ў Каардынацыйную раду сваіх праціўнікаў. Ён адзначыў, што ўдзел у выбарах узялі толькі 6 тысяч чалавек (насамрэч, 6723):

«І нічога, яны сябе лічаць выбранымі, парламент выбралі, паехалі прасіць грошы па гарадах і вёсках. Але гэта іхныя праблемы, навошта тут паралелі праводзіць… Я проста намякаю: ну калі вы ўладу абвінавачвалі ў тым, што яна несумленна паводзіла сябе, адміністрацыйны рэсурс выкарыстоўвала, то як называецца гэта цяпер у іх?»

Што меў на ўвазе Лукашэнка, незразумела. На выкарыстанне нейкага адміністрацыйнага рэсурсу падчас выбараў не скардзіліся нават тыя, хто ў КР не прайшоў, а парогу яўкі на гэтых выбарах не было.

Аналітыка
Ад «катастрофы» да «нам ёсць чым ганарыцца». Беларусы паспрачаліся пра вынікі выбараў у Каардынацыйную раду
2024.05.28 20:09

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў