У Расеі курс долара і еўра цяпер будуць вызначаць па-новаму – усё праз санкцыі ЗША


У сувязі з увядзеннем ЗША абмежавальных мер у дачыненні да Групы «Маскоўская біржа» ў Расеі прыпыняецца правядзенне біржавых таргоў і разлікі паставачных інструментаў у доларах ЗША і еўра. Пра гэта 12 чэрвеня паведамілі ў «Маскоўскай біржы».

Долары ЗША і еўра.
Фота: Белсат

Як паведамілі ў Банку Расеі, таргі на ўсіх астатніх біржавых сегментах і па біржавых інструментах у рублях і ў іншых валютах будуць праводзіцца ў штатным рэжыме. Здзелкі з доларам ЗША і еўра будуць ажыццяўляцца на пазабіржавым рынку.

Для вызначэння афіцыйных курсаў долара ЗША і еўра да расейскага рубля Банк Расеі будзе выкарыстоўваць банкаўскую справаздачнасць і звесткі, якія паступаюць ад лічбавых платформаў пазабіржавых таргоў.

У банку заявілі, што кампаніі і грамадзяне могуць працягваць купляць і прадаваць долары ЗША і еўры праз расейскія банкі. Таксама там заявілі, што працягнуць захоўваюць усе сродкі ў доларах ЗША і еўрах на рахунках і ўкладах грамадзянаў і кампаніяў.

Міністэрства фінансаў ЗША 12 чэрвеня ўвяло новыя санкцыі ў сувязі з агрэсіяй Расеі супраць Украіны. У санкцыйны спіс трапілі больш за 30 фізічных асоб і больш за 200 кампаній, у тым ліку з Беларусі. Сярод іншага пад санкцыі трапілі Маскоўская біржа, Нацыянальны разліковы дэпазітарый, Нацыянальны клірынгавы цэнтр, Расейская нацыянальная перастраховачная кампанія, «Газпром інвест», АТ «СОГАЗ», АТ «РусГазДобыча», ТАА «Арктик СПГ 1» і ТАА «Арктык СПГ 3», ТАА «Нафтавы тэрмінал «Белакаменка».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў