«BYPOL» не знайшоў апазіцыйнай актыўнасці ў дэпартаванага ў Беларусь Смактуновіча


Аналітыкі «BYPOL» праверылі інфармацыю ў дачыненні Дзмітрыя Смактуновіча, якога польскія памежнікі 12 чэрвеня дэпартавалі з Польшчы. Але праўладныя рэсурсы абяцаюць яму праблемы, хоць і выкарыстоўваюць сюжэты з мужчынам у прапагандзе.

Дзмітрый Смактуновіч на нейтральнай паласе.
Фота: жонка Дзмітрыя Наталля.

Паводле «BYPOL», Дзмітрый Смактуновіч у базе «Закалоты» на 2021 год не быў. Таксама не выявілі інфармацыі пра ягоны ўдзел у пратэстах ці ў напісанні негатыўных каментароў у дачыненні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Няма інфармацыі, за якую яго могуць прыцягнуць у Беларусі да адказнасці, і ў сацсетках Смактуновіча. Сам ён раней працаваў кантралёрам у пазаведамаснай ахове грамадзянскім спецыялістам.

Пры гэтым пралукашэнкаўскія тэлеграм-каналы ўжо абяцаюць Смактуновічу «максімум праблемаў» пасля каментароў ягонай жонкі ў медыях. Паводле іх, «і без таго было ясна, што Дзмітрый Смактуновіч зусім не проста так баіцца трапіць у Беларусь».

Пры гэтым сам дэпартаваны ўжо выступіў на дзяржаўным тэлебачанні. У сюжэце на «Беларусь 4» ён заявіў, што жыў у Польшчы не адзін, і «ламаўся назад», бо не хацеў губляць сям’і, перадае «Медиазона». Сяргей Дзмітрыеў, афіцыйны прадстаўнік берасцейскай памежнай групы заявіў, што Смактуновічу «надаюць практычную дапамогу, каб ён мог вярнуцца дадому». Цяпер, як гаворыцца ў роліку, ён будзе вырашаць з пасольствам пытанне пра ўзʼяднанне з сямʼёй.

Смактуновіча выправадзілі з Польшчы пасля таго, як 11 чэрвеня спынілі для правярання дакументаў, падчас чаго аказалася, што ў мужчыны ануляваны літоўскі дазвол на жыхарства. Атрымаць польскі дазвол беларус раней не здолеў, бо яго судзілі за перавоз мігрантаў, якія незаконна пераходзілі беларуска-польскую мяжу. Пакуль трываў судовы разбор, у мужчыны забіралі пашпарт, на руках была толькі копія. Каля месяца таму, як толькі Дзмітрыю аддалі пашпарт, ён падаў заяву на польскі дазвол на жыхарства, аднак не паспеў яго атрымаць.

Памежны камітэт Беларусі заявіў, што інфармацыя, быццам Смактуновіч, якога 12 чэрвеня выправадзілі з Польшчы, баіцца вяртацца на радзіму з прычыны прыцягнення да крымінальнай адказнасці, не адпавядае рэчаіснасці.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў