Беларус, якога выправадзілі з Польшчы, сказаў кодавае слова і перастаў выходзіць на сувязь


Беларуса Дзмітрыя Смактуновіча 11 чэрвеня выправадзілі з Польшчы. Ён спрабаваў падаць заяву на міжнародную абарону, але 12 чэрвеня быў вымушаны пайсці да беларускіх памежнікаў. «Белсат» пагаварыў з ягонаю жонкаю Наталляю, чаму Дзмітрыя дэпартавалі і чаму яна думае, што муж у небяспецы.

Дмитрий Смоктунович
Дзмітрый Смактуновіч на Варшаўскім мосце. Мяжа Беларусі і Польшчы. 12 ліпеня 2024 года.
Фота: відавочца / Брэст – Цярэспаль / Telegram

Наталля, жонка Дзмітрыя Смактуновіча, расказала «Белсату», што апошні раз размаўляла з мужам аб 11:40. Ён патэлефанаваў і сказаў, што садзіцца ў аўтобус у бок Менску. Ад пытання, ці быў допыт, ён ухіліўся, але сказаў па-польску кодавае слова: «Potem» (потым).

«Раз ён выкарыстаў кодавае слова, значыць, хтосьці стаяў побач, хто мог гэта пачуць, нейкія падрабязнасці гэтыя, – кажа Наталля. – Голас у яго быў ужо спакойны быццам бы. У параўнанні з тым, што было на мосце, вядома, ён спакайнейшы быў. Ці ён мяне спрабаваў супакоіць такім чынам…»

З той размовы сувязі з ім няма: тэлефон дасяжны, гудкі ёсць, але ён не здымае слухаўку, хоць дамаўляліся, што ён па дарозе будзе пісаць кароткія паведамленні.

Пазней на дзяржаўным берасцейскім тэлеканале паказалі кароткі каментар Дзмітрыя: ён кажа, што «ламаўся назад», бо «не хоча сям’і губляць».

Чаму выслалі і да чаго тут перавоз мігрантаў?

Жонка ўпэўненая, што Дзмітрыя выслалі не праз судзімасць у сувязі з удзелам у перавозе мігрантаў. Тая судзімасць пагашаная, пакаранне было ўмоўнае, штраф ён аплаціў, прэтэнзіяў да яго не мелі, арыштаваную асабістую машыну вярнулі.

«Ён гэтую падпрацоўку знайшоў недзе ў адным з чатаў, – расказвае Наталля. – Тое, што гэта нелегальна, ён не ведаў на той момант, бо аб’ява так мудрагеліста гучала, што трэба падвезці людзей і тыпу гэта трэба тэрмінова».

За гэтую падпрацоўку прапаноўвалі «смешныя грошы», каля 1000 злотых (крыху больш за 250 долараў), згадвае яна. Але грошы былі патрэбныя: пасля пераезду Наталля не магла працаваць паводле спецыяльнасці (яна медычная працаўніца, трэба было перавучвацца ці атрымліваць пацвярджэнне кваліфікацыі), а ў іх трое дзяцей. І мужа не выклікалі на асноўную працу, у рэйсы дальнабойнікам, ён толькі падпрацоўваў таксоўцам.

Дзмітрый пагадзіўся, 16 красавіка 2023 года забраў людзей на дарозе наводдаль мяжы. На дарозе яго спыніў памежнік, той здаўся і супрацоўнічаў са следствам, падкрэслівае Наталля. Яна паўтарае, што муж не разумеў, што робіць, бо яшчэ мала жыў у Польшчы, не заглыбляўся ў законы і не чытаў навінаў.

Абноўлена
З Польшчы выправадзілі беларуса. Ён баіцца вяртацца ў Беларусь і застаецца на нейтральнай паласе
2024.06.12 12:47

Што было з відам на жыхарства?

Наталля расказвае, што муж працаваў з 2019 года дальнабойнікам у Еўропе і меў літоўскі від на жыхарства, парушэнняў не меў. Перыядычна вяртаўся ў Беларусь з рэйсаў, апошні раз быў на радзіме ў 2022 годзе.

У Літве ВНЖ Дзмітрыя адзін раз падаўжалі, але ў 2023 годзе анулявалі. Як адзначае Наталля, гэта адбылося падчас «кампаніі адносна беларусаў, якія хоць неяк мелі дачыненне да структураў МУС, да ўзброеных сілаў» (раней яна распавядала, што Дзмітрый у 2003 годзе працаваў дзяжурным у папраўчай калоніі).

Дзмітрый Смактуновіч на Варшаўскім мосце. Мяжа Беларусі і Польшчы. Ноч на 12 ліпеня 2024 года.
Фота: Наталля, жонка Дзмітрыя / Mostmedia.io

Жонка сцвярджае, што Дзмітрый не ведаў пра ануляванне ВНЖ, дакументы «праходзілі ўва ўсіх службах», у тым ліку ў паліцыі, яго неаднаразова спынялі для правярання дакументаў і не затрымлівалі.

У лютым 2023 года беларус перабраўся ў Польшчу, у пачатку сакавіка за ім пераехала жонка з дзецьмі. Яшчэ да заканчэння літоўскага ВНЖ (ён дзеяў да 12 траўня 2024 года) Наталля падала дакументы на ўз’яднанне Дзмітрыя з сям’ёй, гэта значыць з сабою. Заяву яна падала праз пошту, яе зарэгістравалі на платформе MOS, даслалі пацверджанне аб прыёме. Дзмітрый працаваў легальна, у Польшчы плаціў падаткі і страхавыя ўнёскі, сцвярджае жонка.

«А потым высвятляецца, што, аказваецца, ён працуе нелегальна, жыве нелегальна, – абураецца Наталля. – І для нас, калі шчыра, гэта было шокам. Мы былі ўпэўненыя, што від на жыхарства працуе. І ён планаваў блізкім часам зрабіць польскія дакументы і пайсці працаваць дальнабойнікам».

Раніцаю 11 чэрвеня 2024 года Дзмітрыя спыніла паліцыя, праверыла дакументы. А 7:40, расказвала Наталля, муж напісаў ёй, што не зможа падвезці яе, можа затрымацца. А ўжо а 10:30 ёй патэлефанаваў працаўнік польскай памежнай службы і паведаміў, што Дзмітрый цяпер на памежным пераходзе ў Тэрэспалі, ёсць дакументы на ягоную дэпартацыю.

Наталля мае на руках дакументы, якія Дзмітрыю выдалі пры высылцы. У гэтых дакументах напісана: ён унесены ў «спіс нядобранадзейных» праз тое, што ў яго анулявалі від на жыхарства ў Літве.

Жонка не верыць, што мужу ў Беларусі нічога не пагражае

Паводле Наталлі, Дзмітрыя вывезлі на Варшаўскі мост – паміж польскім і беларускім памежнымі пераходамі. Ён хацеў падаць заяву на міжнародную абарону ў Польшчы, але заявы не прынялі.

У Памежнай ахове Польшчы «Белсату» заявілі, што ён прыйшоў да памежнікаў пешшу, а пункт пропуску не працуе для пешых падарожнікаў, таму яго і развярнулі. Як ён апынуўся на мосце, у Памежнай ахове не сказалі, бо за дэпартацыю не адказваюць.

Наталля ж сцвярджае, што муж некалькі разоў безвынікова спрабаваў звярнуцца да памежнікаў, папрасіўся ў беларускі аўтобус і даехаў да польскага пераходу, але яго зноў вывезлі на мост. Ён збіраўся заставацца на мосце, пакуль яго не пусцяць назад у Польшчу, але польскія памежнікі, як сцвярджае Наталля, прынеслі слезацечны газ і пагражалі яго распыліць. Тады Дзмітрый выбраўся за парэнчы мосту. Наталля сцвярджае, што пасля гэтага польскія памежнікі сталі паводзіць сябе агрэсіўна. У выніку Дзмітрый здаўся беларускім памежнікам.

Hавiны
Памежны камітэт Беларусі: у дэпартаванага з Польшчы мужчыны няма праблемаў з беларускім заканадаўствам
2024.06.12 16:36

Паведамленням беларускіх памежнікаў Наталля таксама не верыць. Беларускі бок, адзначае яна, расказваў, што польскія памежнікі выправадзілі Дзмітрыя без сродкаў да існавання. Наталля ж кажа, што ў яго пры сабе былі наяўныя грошы ў злотых і сродкі на картцы.

Заявам, быццам Дзмітрыю нібыта нічога ў Беларусі не пагражае, яна не верыць. Наталля кажа, што муж не браў удзелу ў пратэстах і не меў палітычных затрыманняў, на тэлефоне не меў «экстрэмізму». Але меў цвёрдую пазіцыю супраць уладаў Беларусі і вайны ва Украіне.

«У нашым горадзе ёсць вайсковы аэрадром невялікі, і мы чулі, як адтуль узляталі самалёты ў бок Украіны, гэта было вельмі страшна, – успамінае Наталля. – Мы разумелі, што калі, крый божа, Украіна дасць нейкі ўдар у адказ, то нас проста знясе з аблічча зямлі. І гэта было вельмі страшна, маючы на ​​той момант малое дзіця на руках. Ну проста паніка».

Даведка

Аб’яднанне былых беларускіх сілавікоў «BYPOL» праверыла інфармацыю пра Смактуновіча і высветліла, што яго не было ў базе сілавікоў «Закалоты» станам на 2021 год; інфармацыі пра яго ўдзел у пратэстах і негатыўных каментароў у адрас уладаў Беларусі не выявілі; кампраматнай інфармацыі, за якую яго могуць прыцягнуць у Беларусі да адказнасці, у сацсетках няма. Акрамя таго, «BYPOL» сцвярджае, што раней Смактуновіч працаваў кантралёрам у пазаведамаснай ахове грамадзянскім спецыялістам.

Ірына Юр’ева, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў