Польшча ўводзіць абмежаванні на прысутнасць у памежных з Беларуссю тэрыторыях


Міністэрства ўнутраных справаў і адміністравання Польшчы паведаміла пра ўвядзенне часовай забароны на прысутнасць на пэўных тэрыторыях у памежнай з Беларуссю зоне.

Польскія памежнікі ля вёскі Грыбаўшчызна ў Падляскім ваяводстве, Польшча. 20 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Пастанова МУС Польшчы мае набыць моц 13 чэрвеня і будзе дзеяць 90 дзён.

Агулам абмежаванні ахопяць участак працягласцю 60,67 км у межах тэрыторыяў памежных заставаў у Нараўцы, Белавежы, Дубічах-Царкоўных і Чаромсе. Паводле глыбіні абмежаванні будуць нераўнамернымі: на ўчастку працягласцю каля 44 км забароненая зона ахопіць 200 м углыб краіны ад лініі дзяржаўнай мяжы, а на ўчастку працягласцю каля 16 км у зоне запаведнікаў – 2 км ад мяжы.

У міністэрстве падкрэсліваюць, што абмежаванні пераважна не будуць датычыць населеных пунктаў і турыстычных маршрутаў, каб не ўскладняць жыцця мясцовым жыхарам, турыстам і бізнесу.

У МУС Польшчы дадаюць, што абмежаванне прысутнасці старонніх асобаў у зоне службовых дзеянняў накіраванае на запэўніванне бяспекі і спыненне дзейнасці кантрабандыстаў, якія спрыяюць незаконнай міграцыі.

Hавiны
Польскі ўрад ухваліў стварэнне буфернай зоны на мяжы з Беларуссю
2024.06.10 20:46

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў