Поспехі праціўнікаў на розных участках фронту. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 840-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 12 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Сумскі і харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах аднайменных вобласцяў)

На поўначы Харкаўскай вобласці працягваюцца баявыя дзеянні на поўначы ад буйнога сяла Лыпці і на тэрыторыі гораду Ваўчанск ды ваколіцаў (у Харкаўскім і Чугуеўскім раёнах адпаведна).

Ваенкар Сямён Пегаў гаворыць, што большай актыўнасцю на гэтых участках фронту адзначаюцца ўкраінскія вайскоўцы.

Іншая прарасейская крыніца – тэлеграм-канал «Рыбарь» – фіксуе поспехі Збройных сілаў Украіны ў Ваўчанску, але не лічыць іх значнымі.

Праўкраінскі «Офіцер» піша, што ЗСУ зачысцілі яшчэ некалькі вуліцаў у горадзе, але сітуацыя ў паселішчы застаецца складаная, таму рух ідзе павольна – ад будынку да будынку.

У гэты ж час на лыпціўскім участку ўкраінцы прасунуліся на адлегласць да 600 метраў і маюць перспектывы для развіцця поспеху.

Агулам, паводле крыніцы, харкаўскі кірунак – адзіны ўчастак фронту, дзе Збройныя сілы ўдала наступаюць.

Між тым прарасейскі канал «Северный Ветер» сцвярджае, што Узброеныя сілы РФ прасунуліся ў Ваўчанску і каля Лыпцяў – на 200 і 250 метраў адпаведна. Акрамя гэтага, фіксуюцца поспехі войскаў РФ у ваколіцах сяла Зялёнае (на паўночным усходзе ад Лыпцяў недалёка ад мяжы з Расеяй), дзе яны прасунуліся ўздоўж ракі Мурам і замацоўваюцца на панавальных вышынях.

Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім кірунку баявыя дзеянні лакалізуюцца ў ваколіцах Пішчанага, Петрапаўлаўкі і Мясажароўкі, прычым каля апошняга сяла сітуацыя застаецца напружанаю для Сілаў абароны краіны.

«Рыбарь» піша, што таксама УС РФ намагаюцца прасунуцца ў бок Стэпавай Навасёлаўкі, інфармацыю пацвярджаюць аналітыкі праекту «Deepstate».

На суседнім ліманскім кірунку расейцы цягам апошніх содняў атакавалі каля Дружалюбаўкі і Неўскага, а таксама на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва, але поспеху не дасягнулі. Сітуацыя застаецца пад кантролем ЗСУ.

Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

На гэтак званым сівэрскім выступе па фронце фіксуецца напружаная для Сілаў абароны Украіны сітуацыя каля сёлаў Спірнае і Раздолаўка, дзе з пачатку содняў адбылося не менш за 11 баявых сутыкненняў. Агулам, паводле Генштабу ЗСУ, гэта адзін з самых гарачых кірункаў.

На краматорскім кірунку працягваюцца баі ва ўсходняй частцы гораду Часаў Яр, дзе расейцы намагаюцца адкінуць ЗСУ за канал Сівэрскі Данец – Данбас. Ваенкар Пегаў паведамляе пра тактычныя поспехі УС РФ.

Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На захадзе ад Аўдзееўкі ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ.

У «Deepstate» фіксуюць прасоўванні расейцаў каля Сокала і ў суседнім ад яго Новапакроўскім.

Прарасейскі тэлеграм-канал «НгП раZVедка» сцвярджае, што рухаюцца войскі РФ і ў самім Сокале, дзе пад іхным кантролем ужо каля 50 % тэрыторыі паселішча.

З поўначы ад гэтага ўчастку фронту, паводле крыніцы, расейцы выбілі праціўніка з панавальнай вышыні каля Новааляксандраўкі і занялі дамбу, што істотна пагоршыла становішча Збройных сілаў.

На курахаўскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, войскі РФ ціснуць у ваколіцах Краснагораўкі і Георгіеўкі, але поспеху не маюць – сітуацыя застаецца пад кантролем ЗСУ.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Архангел Спецназа» піша, што ніжэй па фронце ідуць баі за дарогу з поўдня ад Парасковіеўкі, якая вядзе да суседняй Канстанцінаўкі. Адзначаецца, што пакуль расейцы не могуць прасунуцца праз шчыльныя ўдары артылерыі і FPV-дронаў праціўніка.

Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На паўднёвым участку фронту ў Данецкай вобласці УС РФ штурмуюць з поўдня сяло Уражайнае, але пакуль Сілам абароны Украіны ўдаецца трымаць пазіцыі.

Нязменным застаецца фронт і ў Запарожскай вобласцяў, дзе баявыя дзеянні лакалізуюцца ў ваколіцах Арэхава.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» паведамляе, што ў Херсонская вобласці Узброеныя сілы РФ наступаюць на левым беразе Дняпра, але пакуль не могуць выбіць ЗСУ з займаных плацдармаў.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў