«BYPOL»: Спецслужбы Беларусі планавалі раскідаць на тэрыторыі Польшчы супрацьпяхотныя міны


Арганізацыя былых сілавікоў «BYPOL» сцвярджае, што 28 траўня, калі смяротнае раненне на мяжы атрымаў 21-гадовы польскі жаўнер Матэўш Сітэк, спецслужбы Беларусі рыхтавалі сур’ёзную правакацыю.

Супрацьпяхотная міна «Лепесток» (ПФМ-1).
Фота: вооружение.рф

Паводле інфармацыі «BYPOL», мігранты, якія атакуюць мяжу з Польшчай, праходзяць навучанне ў інструктараў АСАМ Дзяржаўнага памежнага камітэту на базе вучэбнага цэнтру «Дынама» ва Уруччы. Мігрантаў нібыта вучаць выбуховай справе, а таксама таму, як арыентавацца ў лесе, незаўважна перасоўвацца па сцежках, рабіць праходы ў плоце і карыстацца компасам. Пасля навучання мігрантаў дзеляць на групы з 10-12 чалавек і перавозяць да мяжы з Польшчай у размяшчэнне памежных заставаў, сцвярджае «BYPOL».

«BYPOL» заяўляе, што 28 траўня спецслужбы Беларусі на ўчастку мяжы непадалёк заставы ў Дубічах-Царкоўных планавалі сур’ёзную правакацыю:

«Некаторым мігрантам раздалі нажы і навучылі імі карыстацца. Акрамя таго, са складоў былі дастаўленыя супрацьпяхотныя фугасныя міны «Лепесток» (ПФМ-1) вытворчасці СССР, з партыі, прызначанай для пастаўкі ў Польскую Народную Рэспубліку.

Характэрнай рысай гэтай міны ёсць тое, што яна пры выбуху практычна не ўтварае забойных аскепкаў і наносіць пашкоджанне толькі таму, хто на яе наступіў.

Гэтыя міны ў колькасці каля 30 штук мігранты павінны былі раскідаць ужо на польскай тэрыторыі для таго, каб справакаваць падрыў каго-небудзь, каб абвінаваціць Польшчу ў выкарыстанні мінаў супраць мігрантаў».

У рамках рыхтавання правакацыі загадзя была запушчаная чутка пра тое, што палякі нібыта замінавалі мяжу. Аднак 28 траўня падчас спробы прарыву мяжы міны не ўдалося пераправіць на польскі бок, а адзін з мігрантаў ударыў польскага вайскоўца Матэўша Сітэка нажом, ад чаго апошні пазней памёр у шпіталі.

«BYPOL» абяцае пазней раскрыць прозвішчы тых супрацоўнікаў спецслужбаў Беларусі, хто да гэтага датычны.

Hавiны
У Польшчы трох жаўнераў абвінавацілі ў перавышэнні паўнамоцтваў на мяжы. Урад абураны
2024.06.06 13:02

Нагадаем, што з вясны 2024 года Польшча пачала фіксаваць рост спробаў нелегальнага мінання мяжы з боку Беларусі. У праваахоўных органах Польшчы зазначаюць, што расце не толькі колькасць мігрантаў, якія спрабуюць прарвацца праз мяжу, але і іхная агрэсіўнасць. Цягам апошніх тыдняў паведамлялася пра шэраг выпадкаў, калі польскія жаўнеры атрымлівалі сурʼёзныя раненні ў выніку нападу мігрантаў.

28 траўня сталася вядома, што мігрант, які спрабаваў нелегальна трапіць з Беларусі ў Польшчу, напаў з нажом на польскага жаўнера. Раненне было сур’ёзнае, вайскоўца даставілі ў шпіталь. 6 чэрвеня 21-гадовы Матэўш Сітэк памёр у шпіталі.

Hавiны
Польскі ўрад ухваліў стварэнне буфернай зоны на мяжы з Беларуссю
2024.06.10 20:46

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў