Пяць беларускіх кампаніяў трапілі пад санкцыі ЗША за вайну ва Украіне


Міністэрства фінансаў ЗША 12 чэрвеня ўвяло новыя санкцыі ў сувязі з агрэсіяй Расеі супраць Украіны. У санкцыйны спіс трапілі больш за 30 фізічных асоб і больш за 200 кампаній, у тым ліку з Беларусі.

Сцяг ЗША.
Фота: pixabay.com

Санкцыі накіраваныя на абмежаванне магчымасцяў расейскага ВПК і закранаюць фізічныя асобы і прадпрыемствы з Расеі, Беларусі, Балгарыі, Брытанскіх Вірджынскіх астравоў, Казахстану, Кітаю, Кыргызстану, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Сербіі, Турцыі і Паўднёвай Афрыкі.

«Расейская ваенная эканоміка глыбока ізаляваная ад міжнароднай фінансавай сістэмы, таму крамлёўскія вайскоўцы адчайна патрабуюць доступу да вонкавага свету. Сённяшнія санкцыі наносяць удар па магчымасцях, якія засталіся ў іх, атрымліваць міжнародныя матэрыялы і абсталяванне, у тым ліку падрываюць іх залежнасць ад крытычна важных паставак з трэціх краін. Мы павялічваем рызыку для фінансавых установаў, якія маюць справу з ваеннай эканомікай Расеі, і ўстараняем шляхі для ўхілення ад выплаты падаткаў, а таксама памяншаем магчымасці Расеі атрымліваць выгаду ад доступу да замежных тэхналогіяў, абсталявання, праграмнага забеспячэння і ІТ-паслуг», – заявіла міністарка фінансаў ЗША Джанэт Елен.

Мінфін ЗША ўводзіць санкцыі ў дачыненні да больш за дзесяць транснацыянальных сетак, якія адмываюць золата для расейскага вытворцы, дапамагаюць Расеі ў вытворчасці беспілотнікаў, закупляюць крытычна важныя тавары, у тым ліку матэрыялы для расейскай праграмы хімічнай і біялагічнай зброі, абсталяванне барацьбы з дронамі, станкі, прамысловае абсталяванне і мікраэлектроніку. Вашынгтон забараняе наданне паслуг IT-кансультавання і праектавання любой асобе на тэрыторыі Расеі, паслуг IT-падтрымкі і воблачных сэрвісаў для праграмнага забеспячэння для кіравання прадпрыемствам, праектавання і вытворчасці.

Сярод іншага пад санкцыі трапілі Маскоўская біржа, Нацыянальны разліковы дэпазітарый, Нацыянальны клірынгавы цэнтр, Расейская нацыянальная перастраховачная кампанія, «Газпром інвест», АТ «СОГАЗ», АТ «РусГазДобыча», ТАА «Арктик СПГ 1» і ТАА «Арктык СПГ 3», ТАА «Нафтавы тэрмінал «Белакаменка».

З беларускіх прадпрыемстваў санкцыі закранулі ААТ «Беларусьгуматэхніка», ТАА «КВАНД ІС», ТАА «БАЗцюб», УП »Завод СВТ«, УЧ НВП «Тэхналіт», а таксама іх кіраўнікоў: Дзмітрыя Манько, Алега Шпакава, Сяргея Тыцыка, Алена Перасяляк, Валяціна Міклашэвіча, Аляксандра Бадзяку.

Нагадаем, што Польшча ў канцы траўня ўвяла санкцыі супраць прадпрыемства «Мазырсоль». З пачатку чэрвеня Літва ўскладніла вываз аўтаў у Беларусь, каб перадухіліць іх рээкспарт у Расею. Таксама Вільня забараніла ўвоз больш за 2800 тавараў з Беларусі і Расеі. А Рада Еўразвязу 30 траўня ўхваліла пастанову ўвесці падвышаныя мыты на збожжавую і алейную прадукцыю, што паходзяць з Беларусі і Расеі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў