З Польшчы выправадзілі беларуса. Ён баіцца вяртацца ў Беларусь і застаецца на нейтральнай паласе


Беларуса Дзмітрыя Смактуновіча 11 чэрвеня выправадзілі з Польшчы за парушэнне правілаў перабывання ў Еўразвязе, распавядае «MOST» са спасылкай на жонку мужчыны Наталлю. Літва анулявала Дзмітрыю дазвол на жыхарства. Прычынай можа быць удзел беларуса ў транспартаванні мігрантаў, хоць судзімасць за гэта ў мужчыны пагашаная. 

Дзмітрый Смактуновіч на нейтральнай паласе.
Фота: жонка Дзмітрыя Наталля.

Цяпер Дзмітрый застаецца ў нейтральнай зоне і баіцца апынуцца ў Беларусі з увагі на сваю грамадзянскую пазіцыю. Польскія памежнікі перакрылі ўезд, каб ён не змог вярнуцца назад у Польшчу, на беларускім баку яго чакаюць сілавікі.

Дзмітрыю 40 гадоў, ён родам з Бабруйску. З канца 2019 года працаваў дальнабойнікам у Еўропе, атрымаў дазвол на жыхарства ў Літве. Аднак перыядычна ездзіў у Беларусь – апошні раз у 2022 годзе.

У Польшчу Дзмітрый з жонкай і трыма дзецьмі пераехаў у пачатку 2023 года. Мужчына ўладкаваўся на працу ў таксі ў Беластоку.

11 чэрвеня 2024 года паліцыя спыніла беларуса для правярання дакументаў. Аказалася, што ў яго быў ануляваны літоўскі ДНЖ.

«Раніцай ён традыцыйна выехаў таксаваць. А 7:40 напісаў, каб я ехала на працу самастойна. Яго спыніла паліцыя для правярання, і ён можа затрымацца. У мужа быў дазвол на працу, таму мы ні пра што не падазравалі», – распавяла жонка Дзмітрыя.

А 10:30 Наталлі патэлефанаваў працаўнік польскай Памежнай аховы і паведаміў, што ейны муж цяпер на памежным пераходзе ў Тэрэспалі, а ў іх – дакументы на ягоную дэпартацыю. Пагутарыць з Дзмітрыем Наталлі не дазволілі.

«Яму не далі забраць з машыны рэчаў, надзелі кайданкі, пасадзілі ў машыну і этапавалі на памежны пераход. Там яму падсунулі дакументы. З польскай мовай у яго не вельмі добра. І ён усё падпісаў», – распавядае жанчына.

Дзмітрый Смактуновіч на мосце праз раку Буг.
Фота: terespol / Telegram

Памежнікі вывелі Дзмітрыя ў нейтральную зону паміж Беларуссю і Польшчай. Мужчына застаецца на мосце праз раку Буг.

«MOST» зазначае, што нагодаю для затрымання беларуса магло быць тое, што ён перавозіў мігрантаў, якія незаконна перасякаюць беларуска-польскую мяжу. Жонка Дзмітрыя распавяла, што яго насамрэч затрымлівалі за гэта ў красавіку 2023 года, аднак мужчына супрацоўнічаў са следствам, дзякуючы чаму польскія службы змаглі выйсці на іншых удзельнікаў каналу транспартавання. Судзімасць у Дзмітрыя пагашаная.

Як паведамляе выданне «Виртуальный Брест», Літва магла пазбавіць беларуса ДНЖ праз тое, што ён раней некалькі гадоў працаваў у папраўчай калоніі.

Інцыдэнт пацвердзіў Памежны камітэт Беларусі.

«На беларуска-польскай мяжы ў пункце пропуску “Берасце” (сумежны польскі – “Тэрэспаль”) ускладнены рух транспарту ў абодвух кірунках. Паводле папярэдніх звестак, гэта звязана з інцыдэнтам на польскім баку, – гаворыцца ў паведамленні Памежнага камітэту. – Згодна з наяўнай інфармацыяй, польскія памежнікі не прапускаюць грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і спрабуюць у прымусовым парадку выправадзіць яго са свайго боку на беларускую тэрыторыю».

Каля 11:30 Дзмітрый перайшоў на беларускі бок мяжы. Рух транспарту ў абодва бакі быў адноўлены.

Hавiны
У Польшчы асудзілі беларуса за спрыянне незаконнай міграцыі
2024.04.03 11:25

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў