Расейцы развіваюць поспех на ўсходзе Украіны. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 839-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 11 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Салдаты ўкраінскай арміі рыхтуюцца да запуску разведвальнага беспілотніка Leleka-100 у напрамку Часоў Яр у Данецкай вобласці, Украіна. 10 чэрвеня 2024 года.
Фота: Jose Colon / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Сумскі і харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах аднайменных вобласцяў)

На поўначы Харкаўскай вобласці працягваюцца баі ў ваколіцах сяла Глыбокае, якое цяпер знаходзіцца пад кантролем расейскіх вайскоўцаў. Расейскі ваенкор Сямён Пегаў адзначае, што Збройныя сілы Украіны актыўна контратакуюць, імкнучыся перахапіць ініцыятыву.

Нагадаем, раней вайскоўцам ЗСУ ўдалося адкінуць праціўніка з паўночных ускрайкаў буйнога сяла Ліпцы да Глыбокага.

У Чугуеўскім раёне баявыя дзеянні лакалізуюцца на тэрыторыі гораду Ваўчанск і ягоных ваколіцаў. Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што адначасова з контратакамі ў цэнтральнай частцы Ваўчанску Збройныя сілы распачалі ціск з усходу ад населенага пункту – каля сёлаў Ціхае і Ваўчанскія Хутары. Імаверна, такім чынам украінцы разлічваюць абысці з флангу пазіцыі праціўніка ў горадзе.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім кірунку цягам апошніх содняў Сілы абароны краіны адбілі шэраг атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Стэпавая Навасёлаўка, Пішчанае і Бераставое.

Тым часам прарасейскі тэлеграм-канал «НгП раZVедка» позна ўвечары 10 чэрвеня напісаў, што войскі РФ захапілі сяло Андрэеўка ў Луганскай вобласці.

Удзень 11 чэрвеня ў Міністэрстве абароны РФ заявілі, што іхныя вайскоўцы занялі прылеглае да Андрэеўкі сяло Мясажарыўка (у зводцы падаецца як Арцёмаўка), а таксама населены пункт Тымкоўка на Харкаўшчыне. Разам з тым апошняе сяло было ліквідаванае яшчэ ў 1987 годзе.

На суседнім ліманскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, войскі РФ атакавалі каля сёлаў Грэкаўка, Дружалюбаўка, Неўскае, Церны і Торскае, а таксама на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва, але поспеху не дасягнулі. Пры гэтым Генштаб ЗСУ адзначае, што гэты кірунак з’яўляецца адным з самых гарачых на працягу содняў.

Канал «Два майора» сцвярджае, што каля Цернаў УС РФ усё ж удалося прасунуцца падчас сустрэчных баёў.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

Прарасейскія крыніцы пішуць, што на тае званым сівэрскім выступе па фронце Узброеныя сілы РФ занялі важны ўмацаваны раён украінцаў на тэрыторыі мелавога кар’еру з поўдня ад Белагораўкі.

Таксама наступальная актыўнасць расейцаў фіксуецца каля населеных пунктаў Верхнякаменскае і Выемка.

Разам з тым на гэтых жа ўчастках контратакуюць Збройныя сілы.

А краматорскім кірунку працягваюцца баі ва ўсходняй частцы гораду Часаў Яр, дзе ўкраінцы паступова выціскаюцца да каналу Сівэрскі Данец – Данбас.

Адначасова з гэтым войскі РФ ціснуць на флангах каля сёлаў Калінаўка і Іванаўскае – з поўначы і поўдня адпаведна.

Тым часам аналітыкі праекту Deepstate пацвярджаюць поўны кантроль расейцаў над Іванаўскім.

Ніжэй па фронце УС РФ атакуюць у ваколіцах сяла Клішчыеўка. Былы дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч мяркуе, што поспехі расейцаў на гэтым участку пагражаюць атачэннем Сілаў абароны каля Андрэеўкі (на поўдні ад Клішчыеўкі) і выхадам расейцаў да гарадоў Канстанцінаўка і Тарэцк.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На захадзе ад Аўдзееўкі Узброеныя сілы РФ наступаюць шырокім фронтам і маюць поспехі на розных участках.

Канал «Два майора» піша, што на паўночным фланзе войскі РФ рухаюцца да Новааляксандраўкі, а таксама штурмуюць сяло Сокал. У цэнтральнай частцы пакроўскага кірунку яны ідуць ад Уманскага да Навасёлаўкі Першай, адначасова з гэтым расейцы выйшлі да ўскрайкаў Новапакроўскага. Такім чынам у атачэнні могуць аказацца вайскоўцы ЗСУ, якія трымаюць пазіцыі на захадзе ад Сямёнаўкі.

Тым часам яшчэ адзін прарасейскі тэлеграм-канал – «Фронтовая птичка» – сцвярджае, што войскі РФ захапілі Новааляксандраўку.

Прасоўванні УС РФ каля Новапакроўскага пацвярджаюць у Deepstate.

На курахаўскім кірунку расейцы атакуюць у Краснагораўцы, а таксама каля сёлаў Парасковіеўка і Канстанцінаўка – без істотных зменаў лініі сутыкнення.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» адзначае, што пры гэтым войскі РФ аказаліся ў крытычным становішчы ў сяле Георгіеўка (з поўдня ад Краснагораўкі), паколькі ўжо доўгі час да іх не могуць прабіцца свежыя сілы з суседняга зруйнаванага гораду Мір’інка – жывая сіла і тэхніка знішчаюцца ўдарамі FPV-дронаў ЗСУ.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На так званым урэмаўскім выступе на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў аналітыкі Deepstate фіксуюць прасоўванні расейцаў на поўначы сяла Старамаёрскае. Нагадаем, раней у Міністэрстве абароны РФ заявілі пра захоп гэтага населенага пункта.

Адначасова з гэтым ідуць баі ў суседнім Ураджайным, якое аддзяляе ад Старамаёрскага рака Мокрыя Ялы.

У Запарожскай вобласці Узброеныя сілы РФ цягам содняў атакавалі ў ваколіцах сяла Чарыўнае (побач з Гуляйполем), а таксама каля сёлаў Шчарбакі, Малая Такмачка і Навапрокапаўка (ваколіцы гораду Арэхаў), але поспеху не дасягнулі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў