Пасля «наезду» на малочнікаў узяліся даіць маршрутнікаў. Што вядома аб гучных справах?


Сілавікі ў Беларусі нярэдка распачынаюць маштабныя тэматычныя справы, напрыклад, «справу медыкаў» і «цукровую справу». Цяпер трываюць новая «малочная справа» і «справа маршрутнікаў». «Белсат» расказвае, што вядома пра гэтыя справы і чым заканчваліся ранейшыя падобныя.

Затрыманне
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паказальнае затрыманне.
Фота: Ohrana.gov.by

«Малочная справа»

Затрыманні ў гэтай справе пачаліся, паводле звестак «Нашай Нівы», 1 лістапада. Масавыя затрыманні пацвердзіў 14 лістапада Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго, «восем камерцыйных групаў усталявалі кантроль над экспартам у Расею прадукцыі шэрагу малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў». Ён сам адзначыў, што зараз пачнуць прыгадваць «справу медыкаў, справу яшчэ кагосьці».

«Я спецыяльна гэта пры губернатарах кажу, таму што гэта характэрна для вас. Я проста ўзяў “Бабушкину крынку“. Але адказваць будзеце ўсе. Прытым жорстка будзеце адказваць», – сказаў Лукашэнка старшыням аблвыканкамаў.

Ён заявіў, што карупцыйная схема не магла рэалізоўвацца без удзелу дзяржаўных органаў, «там свецяцца і чальцы ўраду».

Камітэт дзяржаўнай бяспекі расказаў, што затрымана было 26 чалавек, з іх 15 арыштаваныя, а сетка пасярэднікаў зарабляла не менш за 10 млн долараў на год. Сярод фігурантаў справы былы дырэктар «Бабушкиной крынки» Генадзь Скітаў, які нібыта «замкнуў на сябе фінансавыя плыні», і ягоны знаёмы, кіраўнік афіляваных кампаніяў Уладзімір Сіруць. Яны, як сцвярджаецца, праз падкантрольныя кампаніі ў Расеі прадавалі прадукцыю з мінімальнай нацэнкай, да канчатковага спажыўца прадукцыя даходзіла ўжо за вышэйшую цану, а дзяржава недаатрымлівала падаткі.

Дзяржаўны тэлеканал ОНТ раскрыў і іншых фігурантаў: у схеме нібыта ўдзельнічалі кіраўнікі Полацкага і Лепельскага малочных камбінатаў, Слуцкага сыраробнага камбінату, Рагачоўскага малочнакансервавага камбінату.

Каментар
Гучнае адкрыццё заводу ў 2013-м і яго банкруцтва ў 2023-м. Але вінаватых у марнатраўстве няма
2023.04.19 07:30

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне тлумачыла радыё «Свабода», што цэны для трэйдараў у Расеі заніжалі не вытворцы, а ўрад – дзеля «росту экспарту».

Паводле НАУ, схема з гандлёвымі дамамі за мяжой «выкарыстоўваецца практычна ўсімі імпарцёрамі і экспарцёрамі», у тым ліку буйнымі дзяржаўнымі заводамі. Большую частку нацэнкі пакідаюць за мяжой, каб адначасова вывесці капітал і ўхіліцца ад падаткаў.

«Справа маршрутнікаў»

У гэтай справе таксама масавыя затрыманні ў цэлай галіне, але справа больш заблытаная і шматгранная, а затрыманыя ў ёй, падобна, не дзяржаўныя чыноўнікі – хоць і пра чыноўнікаў згадваюць.

Масавыя правяранні міжгародніх маршрутак пачаліся вясной 2023 года, за нелегальны перавоз пасажыраў машыны пачалі адбіраць спачатку ў маршрутнікаў, потым і ў таксістаў. Летам з’явіўся праект указу, у якім прапанавана ўвесці для кіроўцаў таксовак новыя патрабаванні і забараніць выкарыстанне праграмаў і рэсурсаў, серверы якіх не размяшчаюцца ў Беларусі.

Лукашэнка склікаў 14 лістапада нараду аб пасажырскіх зносінах, наскардзіўся на перавознікаў-«нелегалаў» і загадаў узмацніць ім пакаранні, распрацаваць жорсткія правілы і да канца года адсправаздачыцца пра вынікі.

Hавiны
«BELPOL»: Мінабароны Беларусі «пілуе» мільёны долараў на продажы верталёта ў Расею
2023.07.17 18:17

КДБ амаль адразу пасля гэтага распавёў пра выкрыццё злачыннай схемы з няўлічанымі перавозкамі і ўхіленнем ад падаткаў, «дарожныя войны» між маршрутнікамі. Крымінальную справу пачалі супраць больш як 20 чалавек. Справа шматгранная: яе пачалі за нясплату падаткаў ды ўвагу акцэнтуюць на бяспецы пасажыраў, а ў дзяржаўных медыях кажуць таксама пра «сабатаж і дыскрэдытацыю ўлады» і «шантаж мясцовай улады». І пасля нарады аб гэтай справе ў Лукашэнкі віцэ-прэм’ер Анатоль Сівак запэўнівае, што гэта зусім не супрацьстаянне дзяржаўных і прыватных перавознікаў, «як гэта часам спрабуюць паднесці».

З названых імёнаў затрыманых вынікае, што прэтэнзіі ў сілавікоў да праграмы-агрэгатару квіткоў «Атлас». Але, магчыма, не толькі да яе: Лукашэнка, цытуючы праект указу, казаў, што агрэгатарам трэба размясціць інфармацыйныя сістэмы на тэрыторыі Беларусі, каб не было «ніякіх польскіх, нямецкіх, галандскіх фірмаў». Ці закране гэта «Яндэкс.Таксі» або іншыя праграмы-агрэгатары, невядома.

Чым такое канчалася раней

Падобныя справы вакол карупцыі, хабараў і нясплаты падаткаў у Беларусі ўзнікаюць рэгулярна. Яны заканчваюцца масавымі буйнымі пакараннямі, пасля якіх прынамсі некаторыя фігуранты хутка выходзяць на волю і атрымліваюць ад дзяржавы новую працу. Пра вызваленне і працаўладкаванне не абвяшчаюць публічна – найчасцей журналісты з уласных крыніцаў даведваюцца, што кагосьці з фігурантаў маглі вызваліць, а потым высвятляецца новае месца працы вызваленага, прытым лёс рэшты фігурантаў застаецца невядомым.

Цяперашняя «малочная справа» нагадвае нядаўнюю «цукровую справу». У канцы 2021 года дзесяці фігурантам прысудзілі ад 7 да 11 гадоў калоніі, з часткі абвінавачаных спагналі 11 млн рублёў «неабгрунтавана атрыманай выгады». Найбольшы вырак тады атрымаў былы дырэктар Гарадзейскага заводу Міхаіл Крыштаповіч, дзеля якога ў пачатку 2020 года разварочвалі і садзілі самалёт «Белавіі». У ліпені 2023 года пайшлі чуткі аб ягоным памілаванні, а ў лістападзе ён знайшоўся на пасадзе кіраўніка буйнога свінакомплексу ў Рэчыцкім раёне. Былую дырэктарку таго прадпрыемства якраз нядаўна асудзілі на 4 гады калоніі за ўтойванне звестак аб падзяжы свіней.

Не адбылі і паловы тэрміну прынамсі два высокапастаўленыя фігуранты «справы медыкаў», аб якой згадваў Лукашэнка. У 2019 годзе былы кіраўнік РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Бялецкі атрымаў 7,5 года калоніі, былы намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі – 6 гадоў. Летам 2021 года стала вядома, што іх памілавалі і вызвалілі.

Аб’ектыў
Крадзяжы, карупцыя, прыпіскі: сілавікі ўзяліся за сельскую гаспадарку
2023.09.20 22:32

У гэтым верасні выйшаў на волю былы міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа, якому ў студзені прысудзілі 7,5 года калоніі за хабар. Неўзабаве ён знайшоўся на пасадзе кіраўніка лесапаляўнічай гаспадаркі. У кастрычніку выйшаў на волю былы дырэктар «Белтэлекаму» Сяргей Сівадзедаў, якога ў ліпені 2020 года асудзілі на 7 гадоў за карупцыю пры імпарце ў Беларусь тэлекамунікацыйнага абсталявання.

Магчыма, ёсць і выпадак, калі садзіць той, каго Лукашэнка патрабаваў пасадзіць. Масавы пераслед сельскагаспадарчай эліты Гомельскай вобласці журналісты звязваюць з вяртаннем да працы ў аблвыканкаме былога старшыні камітэту сельскай гаспадаркі Гомельскага аблвыканкаму Дзмітрыя Петражыцкага, супраць якога Лукашэнка ў 2017 годзе патрабаваў распачаць крымінальную справу. Тады справы не пачалі, Петражыцкага толькі знялі з пасады, а ўвесну 2023 года паставілі першым намеснікам старшыні аблвыканкаму – пасля чаго пачаліся масавыя затрыманні ў аграрнай галіне вобласці.

Гэта не дапамагае

Непадобна, каб гучныя карупцыйныя справы ліквідавалі праблему карупцыі ў Беларусі. Аляксандр Лукашэнка яшчэ да пачатку свайго прэзідэнцтва на словах шмат увагі надаваў барацьбе з карупцыяй, працягнуў і пасля 1994 года. Ён пра гэта і сам нагадваў, калі здымаў з пасады за непрыняцце антыкарупцыйных захадаў міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча, на месца якога паставіў пазней асуджанага за карупцыю Дрожжу.

Эксперт «MediaIQ» Паўлюк Быкоўскі разважае ў эфіры «Белсату»: можа, Лукашэнка думае, што раз прыйшоў да ўлады праз кампанію барацьбы з карупцыяй, дык паспяховы прыём можна паўтараць, «ратаваць народ ад карумпаваных элітаў» паводле старых схемаў.

За гады кіравання Лукашэнкі Беларусь не надта высока ўзнялася ў рэйтынгу ўспрымання карупцыі «Transparency International», а з 2020 года істотна пагоршыла паказнікі і аказалася на ўзроўні Малдовы і Калумбіі, крыху лепей за Аргентыну, Бразілію, Марока, Танзанію і Эфіопію.

Hавiны
У рэйтынгу супрацьдзеяння адмыванню грошай і фінансаванню тэрарызму Беларусь побач з Саудаўскай Аравіяй і Зімбабвэ
2023.11.14 15:34

Былы працаўнік адміністрацыі Лукашэнкі Анатоль Котаў кажа «Белсату»: сама сістэма Лукашэнкі была збудаваная так, што без карупцыі не можа функцыянаваць, правакуе парушэнні законаў. Сілавікі ж проста занатоўваюць парушэнні, «кладуць у папку», каб з нейкай нагоды гэта выцягнуць, пасадзіць чалавека і неўзабаве вызваліць, «нагадаўшы, што за табой сочаць», і праверыўшы лаяльнасць рэжыму.

Гэтыя справы наўрад ці развязваюць і праблемы, выкліканыя карупцыяй. Гэтак, у Беларусі працягваюць судзіць лекараў у «справе артапедаў», распачатай у мінулым сакавіку. Шмат якія фігуранты ўжо выйшлі на волю, сплаціўшы «выкупы» звыш 100 тысяч долараў, хтосьці вярнуўся на працу. А праблемы з эндапратэзамі як былі, так і засталіся, калі не пагоршыліся: эксперты казалі, што якраз з пераследу артапедаў пачаўся калапс у галіне.

Агляд
Чортаў тузін справаў, «сенсацыйна раскрытых» Лукашэнкам
2023.03.09 14:48

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў