Таксі ў Беларусі будуць працаваць па новых правілах – на мясцовых серверах


Аляксандр Лукашэнка 14 лістапада правёў нараду па пытаннях пасажырскіх аўтамабільных перавозак. На ім абмяркоўваліся новаўвядзенні ў працы таксі ў Беларусі, у прыватнасці, патрабаванне размясціць свае інфармацыйныя рэсурсы на тэрыторыі нашай краіны ўжо да пачатку 2024 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

На нарадзе Лукашэнка загадаў усталяваць жорсткія, празрыстыя і зразумелыя правілы ў галіне пасажырскіх перавозак. Найперш яны будуць датычыць маршрутак і таксі. Адна з галоўных прэтэнзіяў дзяржавы да перавозчыкаў – што «выручку заніжаюць, хаваюць, у канвертах заробкі плоцяць, падаткі не плоцяць у шалёных памерах».

Лукашэнка загадаў кіраўнікам МУС і КДБ Кубракову і Церцелю да Новага года зрабіць справаздачу па гэтым пытанні «для прыняцця рашэнняў». Было агучана, што за 9 месяцаў 2023 года праверылі крыху больш за 10 тысяч аўтамабіляў, і знайшлі каля 9 тысяч парушэнняў.

Абмяркоўвалася на нарадзе і праца агрэгатараў таксі.

«Відавочна, што ўсім, хто хоча працаваць у Беларусі, неабходна размесціць свае інфармацыйныя сістэмы на нашай тэрыторыі. Да новага года гэтая схема павінна працаваць. Ніякіх польскіх, нямецкіх, галандскіх фірмаў. Гэта няўхільныя патрабаванні дзяржавы як гаранта забеспячэння бяспекі, абароны персанальных дадзеных, спынення супрацьпраўных дзеянняў. Бярыце на кантроль», – сказаў Лукашэнка.

Hавiны
У Менску ў таксоўцаў пачалі адбіраць аўтамабілі
2023.09.28 15:15

Праект указу «Аб пытаннях аўтамабільных перавозак пасажыраў» быў вынесены на грамадскае абмеркаванне яшчэ 21 ліпеня. У ім прапаноўваўся шэраг патрабаванняў, якіх павінны прытрымлівацца перавозчыкі на тэрыторыі Беларусі: электронныя карты для кіроўцаў, дыспетчараў і на аўтамабілі, працоўныя кантракты з кіроўцамі, справаздачы аб перавозках у падатковую, а таксама выкарыстанне для працы праграмаў і інфармацыйных рэсурсаў, размешчаных выключна на тэрыторыі Беларусі – на беларускіх серверах, і зарэгістраваных у адпаведных дзяржрэгістрах.

Выкарыстанне замежных інфармацыйных сістэм будзе расцэньвацца як незаконныя перавозкі і карацца паводле закону.

«То бок табе дазволілі перавозіць людзей таксі і маршруткамі, ты ў рэестры – ідзі і вазі. Правілы будуць таксама ўсталяваныя. Калі цябе там няма, і не дай Бог, ты займаешся гэтымі перавозкамі – да Кубракова і Церцеля. Самым жорсткім чынам трэба спыняць гэта, каб разумелі. <…> Крок улева, крок управа – самае жорсткае пакаранне», – сказаў Лукашэнка.

Hавiны
«Яндэкс» паабяцаў не даваць ФСБ звесткі пра паездкі на таксі за межамі Расеі. Але тэхнічная магчымасць маецца
2023.08.08 23:14

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў