Міністра лясной гаспадаркі асудзілі за хабар на 7,5 года, а адпусцілі праз паўтара?


Паводле непацверджаных звестак «Белсату», экс-міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа выйшаў на волю, не адсядзеўшы прысуджанага тэрміну. Наўпроставых пацверджанняў гэтаму няма, ды ёсць ускосныя.

Віталь Дрожжа.
Фота: Mlh.by

Як расказала крыніца «Белсату», у калонію, дзе адбываў пакаранне Віталь Дрожжа, нядаўна прыязджала камісія для памілавання, пасля чаго экс-міністра адпусцілі на спатканне, з якога ён не вяртаецца ў няволю ўжо прынамсі пяць дзён. Іншая крыніца «Белсату» кажа, што такім жа чынам нядаўна выйшаў на волю іншы чыноўнік: пайшоў «на трохдзённае спатканне» і не вярнуўся за краты.

Пад выглядам жонкі былога сукамерніка журналістка «Белсату» патэлефанавала сыну Віталя Дрожжы. Той не пацвердзіў і не абвергнуў вызвалення, а сказаў толькі, што бацька «не можа зараз» сустрэцца. Але калі журналістка дадала, што сустрэча з Дрожжам магла б адбыцца цягам некалькіх дзён і што яна гатовая пад’ехаць у запрапанаванае месца, сын экс-міністра папрасіў нумар тэлефона і паабяцаў ператэлефанаваць, як толькі высветліць, ці гэта будзе магчыма. На пытанне аб тым, як наогул у бацькі справы, адказаў, што «нібы больш-менш».

Hавiны
Лукашэнка памілаваў «цукровага мафіёзі», праз якога саджаў самалёт, і прызначыў яму пасаду
2023.07.22 14:29

Віталь Дрожжа стаў міністрам лясной гаспадаркі ў красавіку 2018 года, да таго ўзначальваў нацыянальны парк Браслаўскія азёры, а перад тым кіраваў Бабруйскім лясгасам. Аб ягоным затрыманні стала вядома ў красавіку 2022 года. У студзені 2023-га яму прысудзілі 7,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму за атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры, але скарацілі тэрмін на год паводле амністыі. З запісаў размоваў міністра стала вядома, што ў Беларусі сістэматычна высякалі больш лесу, чым было дазволена.

Гэта не першы чыноўнік, якога вызвалілі датэрмінова

Прадпрымальнік і блогер, былы вязень папраўчай калоніі № 3 «Віцьба» (дзе сядзеў таксама і Дрожжа), вядоўца «Атмасферы» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч расказвае: экс-міністра маглі вызваліць датэрмінова, бо да найвышэйшага складу наменклатуры зусім не такое стаўленне, як да іншых асуджаных. Кныровіч нагадвае: пяць гадоў таму намесніка старшыні праўлення «Беларусбанку» Генадзя Гаспадарыка асудзілі на тыя самыя 7,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму, а адпусцілі менш як  праз паўтара года.

«Я вельмі рады за былога міністра, але я жадаў бы, каб такое стаўленне было да ўсіх астатніх асуджаных і агулам да жыхароў Беларусі», – адзначае Кныровіч.

У такім памілаванні, са словаў Кныровіча, няма нейкіх асаблівых умоваў: трэба толькі цалкам прызнаць віну, цалкам кампенсаваць вызначаную ўладамі шкоду і папрасіцца ў Аляксандра Лукашэнкі на волю. Кныровіч не сумняецца, што Дрожжу яшчэ прызначаць намеснікам кіраўніка якой-небудзь буйной дзяржаўнай карпарацыі – ніяк не калгасу.

зона.бел
«Найлепшая калонія Беларусі»? Як жывуць зняволеныя ў ПК-3 «Віцьба» – і ці можна з яе ўцячы
2022.07.31 08:30

Намеснік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Брухан тлумачыць «Белсату», што практыка такіх памілаванняў у Беларусі даволі распаўсюджаная, і сапраўды па вызваленні могуць даць пасаду, хай і не самую высокую.

«Тут справа ў лаве запасных, – кажа Брухан пра экс-міністра, які, паводле яго, працаваў у міністэрстве, наўмысна выбудаваным пад карупцыю. – Такія кадры патрэбныя для справаў, якія звязаныя з, мабыць, абыходам санкцыяў ці з нейкімі такімі шэрымі схемамі».

Усе чыноўнікі высокага рангу могуць быць затрыманыя або вызваленыя толькі з асабістага дазволу Лукашэнкі, упэўнены Брухан. Ён разважае: Лукашэнку кладуць на стол такія дакументы, з якіх вынікае, што чалавека можна выкарыстаць, «каб іншым было непавадна». Каб трымаць чыноўнікаў у страху, трэба перыядычна кагосьці караць і паказваць, што няма тых, каго нельга караць. А калі спатрэбяцца супрацоўнікі, сілавікі могуць прапанаваць зняволенаму напісаць новае прашэнне аб памілаванні.

Брухан згадвае, што ў адным з абласных выканкамаў затрымалі намесніка старшыні, асудзілі, вызвалілі і прызначылі старшынём сельскага выканкаму. Вызвалены па-ранейшаму зможа браць удзел у карупцыйных схемах, але цяпер будзе «на кручку» сілавікоў. Так чалавек становіцца цалкам залежным і будзе выконваць любыя загады.

Каментар
«У нас спрабуюць пабудаваць СССР». Эксперт растлумачыў карупцыю ў сельскай гаспадарцы
2023.07.14 18:28

belsat.eu

Стужка навінаў