Чарга крычала: Навошта нас падманулі? Як выконваюць загад Лукашэнкі праапераваць усіх, хто стаіць у чарзе на эндапратэзы


У чэрвені сёлета Аляксандр Лукашэнка загадаў разабрацца з эндапратэзаваннем беларусаў. Нягледзячы на сцверджанні міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, што чарга на суставы за апошні час (ён не ўдакладняў, які) павялічылася ў 10 разоў, праапераваць усіх, хто мае патрэбу, мусяць да канца 2023 года. Як на практыцы выглядае выкананне загаду Лукашэнкі, расказала «Белсату» чытачка з Гомля.

Скорая медицинская помощь, 103, неотложная помощь, медпомощь, Минск, Беларусь
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прыёмнае аддзяленне лякарні хуткай медычнай дапамогі ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

Надзею (імя змененае дзеля бяспекі) запісалі на замену тазасцегнавога суставу ў 2022 годзе. У чарзе перад ёю было больш за 5000 чалавек. На хуткую аперацыю гамяльчанка не разлічвала, але і жыць з пастаянным болем гатовая не была, таму пачала шукаць, як аблегчыць пакуты. Давялося схадзіць на прыём да не аднаго прыватнага спецыяліста. Усе казалі пра неабходнасць аперацыі, а пакуль раілі хадзіць на працэдуры, рабіць уколы, прымаць абязбольвальныя. Надзея – пенсіянерка і дазволіць сабе платныя паслугі не магла, таму ёй заставалася толькі чакаць.

У чацвер, 17 жніўня, жанчыне патэлефанавалі з Гомельскага гарадскога клінічнага шпіталя № 1 і запрасілі прыехаць, каб развязаць пытанне з датаю правядзення аперацыі. Надзея ўсхвалявалася, але адначасова ўзрадавалася, бо спадзявалася, што, можа, сапраўды ёсць зрухі ў чарзе. Даехаўшы да шпіталя, яна была ўражаная колькасцю людзей. Высветлілася, што пацыентаў запрашалі не размаўляць пра аперацыю, а папросту рабіць рэвізію чаргі.

«Людзей было мора. Мне сказалі, што можна прыязджаць з наступнага аўторка, 22 жніўня, з 13:00, канкрэтнай гадзіны не было. Вядома, усе палічылі, што чым раней прыедуць, тым хутчэй вырашаць справу. Было шмат хворых з апорна-рухальным апаратам, людзей на мыліцах і тых, хто не мог ні стаяць, ні сядзець. Прыехалі ж не толькі гарадскія. Чарга хадуном хадзіла, людзі крычалі: навошта вы нас падманулі? Навошта была нашая прысутнасць? Рэвізію можна і праз тэлефон зрабіць. Калі б людзі ведалі, што гэта ўпарадкаванне чаргі, ніхто б не паехаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Эндапратэзаванне каленнага суставу.
Фота: freepik.com

У кабінет Надзея не трапіла. У людзей проста ў калідоры сабралі накіраванні, а пасля раздалі без тлумачэнняў, чаго чакаць далей.

«Я разумею, што ўпарадкаванне чэргаў мае памагчы ў тым, каб хутчэй трапіць на аперацыю. Але «отказников», тых, хто адмовіўся ад аперацыі, у той дзень было толькі чалавек 5-6. Я б хацела, каб сістэма была больш празрыстаю, каб хутчэй мог трапіць чалавек пры патрэбе. Бо сапраўды ў чаргу запісваюцца розныя пацыенты. Адна села на ровар і паехала, а я ледзь дакалдыбала дадому».

З размоваў у чарзе Надзея пачула, што адным паабяцалі аперацыю ў кастрычніку, другім – у лістападзе. Ёй сказалі разлічваць на люты. Жанчына не верыць у рэальнасць тэрміну.

«Іх запужалі, таму яны вырашылі зрабіць выгляд, што прымаюць захады. Людзей адмыслова ўводзяць у зман. Побач са мною стаяла жанчына, і яна кажа: я ў чарзе з 2017 года, калі мая аперацыя?»

Як цяпер выглядае сітуацыя з эндапратэзаваннем у Беларусі

Эндапратэзаванне, або замена тазасцегнавога і каленнага суставаў, належыць у Беларусі да самых распаўсюджаных аперацыяў з доўгімі чэргамі і ёсць адною з самых вялікіх праблемаў у сферы аховы здароўя. Адною з прычын чэргаў намеснік міністра аховы здароўя Юрый Горбіч называе дэфіцыт тытану, якога не хапае айчыннаму вытворцу пратэзаў.

Аднак на чэргі таксама паўплывалі пандэмія COVID-19 і затрыманне летась увесну 35 траўматолагаў. Эксперты сцвярджалі, што «справа артапедаў» прывяла да калапсу цэлай медычнай галіны. У справе фігураваў нават доктар Аляксандра Лукашэнкі. Траўматолагі нібыта падказвалі пацыентам, «якія імпартныя артапедычныя дэталі ім у цела ўставіць», і атрымлівалі хабар. Выгады ад «справы артапедаў» і забароны на ўсталяванне дзяржаўнымі шпіталямі імпартных пратэзаў атрымала менская клініка «Мерсі», звязаная з сям’ёю Лукашэнкі.

Аналітыка
Ні лекараў, ні эндапратэзаў. Беларусь закупляе індыйскія, а беларусы едуць мяняць суставы ў Расею
2022.07.21 13:35

Паводле звестак міністра аховы здароўя Дзімтрыя Піневіча, да пандэміі ў Беларусі праводзілі трансплантацыю каля 6 тысячаў тазасцегнавых суставаў на год і каля 1,5 тысячы каленных суставаў. Больш за 70 % з агульнай колькасці былі медычнымі вырабамі айчыннай вытворчасці. Беларускія пратэзы вырабляе фірма «Алтымед». Таксама каленныя пратэзы пачалі выпускаць на базе прадпрыемства «Навукова-тэхналагічны парк БНТУ «Палітэхнік».

У чэрвені намеснік прэмʼер-міністра Ігар Петрышэнка заявіў, што абʼёмы эндапратэзавання трэба павялічыць не менш як да 14 тысяч аперацыяў на год. У Беларусі замены суставаў станам на чэрвень 2023 года чакаюць больш за 29 тысяч чалавек: 14 тысячаў – замены тазасцегнавога сустава; яшчэ 15 тысячаў – каленнага. Пратэзаваць тазасцегнавыя суставы ў Беларусі могуць 45 клінік, каленныя суставы – 16 клінік.

«Белсат» ужо некалькі разоў даследаваў праблему эндапратэзавання ў Беларусі. Мы працягваем сачыць за тэмай і рыхтуем новы матэрыял. Калі вам удалося замяніць сустаў у Беларусі (ці, можа, у Расеі), падзяліцеся сваёй гісторыяй з намі.

Разбор
«А чаму не беларускія?.. Не хочаце? Ну і не трэба!» Ці з’явіліся ў Беларусі імпартныя эндапратэзы
2022.10.20 11:00

Дар’я Форман belsat.eu

Стужка навінаў