Як вынайсці «аналаг Тэслы» за адзін квартал у кітайскім цэху на бюджэт памерам з «Ладу Каліну»?

Жменька энтузіястаў не можа стварыць мегаарганізацыі, і нават ад чалавека з заробкам у 1000 еўраў наўрад ці правамерна патрабаваць працы ў рэжыме 24/7, нават калі гэта на карысць радзімы, ды чакаць ад яго дзеянняў, што ўплываюць на зрынанне рэжымаў, якія пагражаюць свету ядравай зброяй.

Аб'яднаны пераходны кабінет,
Святлана Ціханоўская прымае ўдзел у пасяджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінету ў час яе візіту ў Варшаву. Варшава, Польшча, 8 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Для вас пішу, змагары з беларускай карупцыяй. Пачну з некалькіх лічбаў з апошняга інтэрв’ю экс-дырэктара расейскага Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) Леаніда Волкава: У ФБК працуе 140 чалавек на фултайме, самы буйны Данат – $750 000. Тады як ва ўсіх беларускіх структурах – офісах, кабінетах, інстытутах і цэнтрах набярэцца 100 чалавек на фултайме? Што такое наогул – 100 чалавек на фултайме? 100 чалавек на фултайме па 1000 еўраў у месяц нета – гэта выдаткі мінімум 150 000 еўраў у месяц і 1,8 млн еўраў у год.

Гэта, калі вы набіраеце энтузіястаў, што гатовыя за зарплату працаўніка складу літаральна жыццём рызыкаваць. Рызыкаваць сваёй маёмасцю, свабодай блізкіх, магчымасцю бачыць родных. Адмовіцца ад паездак на радзіму. Адмовіцца ад сваёй прафесіі – пакуль вы з рэжымам змагаецеся, вы прафесійна не расцеце. Грамадзянскі актывіст, адкрыю таямніцу, гэта не прафесія. Блогерамі-мільённікамі стануць адзінкі. Тым часам, вашыя аднагодкі робяць кар’еру і растуць рэгулярна ў даходах на 30–50% штогод. Калі равеснік палаяўся з босам – ён заўтра знойдзе сабе працу. Ён жа ў чымсьці адмысловец, вучыў мовы, атрымліваў сертыфікаты. Калі супрацоўнік НДА ўвойдзе ў канфлікт з босам… ну, працу яму шукаць прыйдзецца некалькі даўжэй. Хутчэй за ўсё, трэба будзе атрымліваць новую прафесію. І гэта ўсё за 1000 еўраў у месяц, у Варшаве, напрыклад, дзе гэта +/- арэнда сціплай двухпакаёвай кватэры на ўскрайку гораду.

Няхай у нас будзе 80% выканаўцаў на 20% прафесіяналаў, са сціплым павышальным каэфіцыентам 1,5. Топы арганізацыі, якая павінна супрацьстаяць КДБ і спецслужбам краінаў, з якімі войскі ЗША ваяваць не спяшаюцца, будуць у нас атрымліваць, як памочнік бухгалтара ў польскім офісе пасля 9-месячных бухгалтарскіх курсаў. Мы іх вырашылі так шчодра ўзнагародзіць, каб надзейна абараніць ад спробаў хабараў і пагрозаў, якія мы рэгулярна бачым. Каб іх сем’і спакойна спалі і пачуваліся за імі як за каменнай сцяной.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Леанід Волкаў падчас інтэрв’ю агенцтву AFP у Вільні, Літва. 2 сакавіка 2021 года. Фота: Petras Malukas / AFP / East News«Для Пуціна гэта проста фанцікі: заплаціць некалькі тысяч еўраў і наняць спартоўцу з малатком. Я думаю, што ў Крамлі на гэта глядзяць як на надта эфектыўную аперацыю з гледзішча выдаткаў і выніку. Яны выдаткавалі некалькі тысяч еўраў, я не ведаю колькі, але цяпер мне і маім калегам трэба хадзіць з аховай, трэба перагледзець усю сістэму бяспекі жылля і офісу. У Еўропе мноства расейскіх актывістаў, палітыкаў, журналістаў. Кожнаму трэба падбаць [пра сябе] і думаць пра тое, як рэальна перабудаваць усё сваё жыццё і выбудаваць сістэму аховы. Калектыўная расейская апазіцыя, у якой з грашыма вельмі дрэнна, журналісты, актывісцкае асяроддзе мусяць выдаткоўваць сотні тысяч еўраў, каб абараніцца ад гэтае пагрозы. Разлік – відавочны і прагматычны. Крыўдна марнаваць грошы на ахову, бяспеку, відэакамеры, калі ёсць столькі палітычнай працы, якую хочацца і трэба зрабіць», – кажа Леанід Волкаў.

Але памочнік бухгалтара, учорашні выпускнік 9-месячных курсаў, правёў плацяжы ад 9:00 да 17:00, закрыў ноўтбук ды пайшоў дамоў. І тэлефанаванняў не прымае ў непрацоўны час, і на пошту не адказвае, у яго work-life balance і «А што вы хацелі за гэты заробак». І пуцінскага спартоўцы з малатком ён не баіцца.

А ад нашага топу за гэтыя 1500 еўраў чакаюць працу ў рэжыме 24/7 – бо ён жа на карысць бацькаўшчыны. Чакаюць ад яго дзеянняў, якія ўплываюць на зрынанне рэжымаў, што пагражаюць ЕЗ ядравай зброяй (і здаецца, што гэтыя пагрозы еўрапейскія палітыкі, мяркуючы па іх дзеяннях, ужо зусім пустымі не лічаць).

Для прастаты павышальны каэфіцыент для пераліку зарплаты з нета ў брута паставім 1,5: 1500×1,5×20×12 =540 000, 1000×1,5×80×12= 1 440 000. У гэтым выпадку мы маем гадавы бюджэт на заробкі каля 2 млн еўраў. Калі патрэбныя хоць неяк запатрабаваныя ў камерцыйным асяроддзі прафесіяналы, памер іхных ганарараў трэба памнажаць на два, тры і далей.

Далей. Гэтым 100 супрацоўнікам трэба дзесьці сустракацца. Абмяркоўваць. Піць каву, друкаваць дакументы, карыстацца інтэрнэтам. Сціплая юрфірма на 5–7 чалавек у 2020 годзе ў Менску мела стабільную затратную частку каля $10 000 без уліку зарплаты. Варшава даражэйшая за Менск і 2024 год даражэйшы за 2020-ы, але хай будуць тыя ж 1000 еўраў на чалавека накладных выдаткаў – і вось у нас 3 млн еўраў стабільных выдаткаў у год, а мы яшчэ нічога не зрабілі. Не паехалі ні ў адну камандзіроўку нават.

Павел Усаў піша, што Мая Санду ажыццявіла за год 21 паездку за 26 000 еўра, а Святлана Ціханоўская – «90 паездак і выніку не відаць». Ён, бадай, забыўся, што ў Малдовы канфлікт з РФ пакуль у замарожаным стане толькі ў Прыднястроўі, а не ўся Малдова захопленая. І перад Маяй Санду не стаіць задачы вывесці расейскія войскі з Малдовы. А перад намі стаіць.

У Маі Санду няма задачы Пуціну супрацьстаяць. – А ў нас?

У Маі Санду няма запыту 1500 малдаванаў вызваліць. – А ў нас?

У Маі Санду ёсць бюджэт, дзяржапарат, ахова, наперадзе пенсія, выкладанне і пісанне кніг. – А ў нас?

Калі я гэта чытаю, мне не шкада 100 000 еўраў на паездкі. Мне шкада, што ў нас няма 100 чалавек, здольных дзейнічаць, як Ціханоўская, Латушка, Кавалеўскі, Вячорка, Астапенка і яшчэ дзясяткі іншых.

Затое ў нас ёсць тысячы людзей, якія хочуць, каб жменька энтузіястаў стварыла мегаарганізацыю. Настолькі глыбока заканспіраваную, каб ніякі КДБ не змог аніводнага ейнага дакументу дастаць, нават з канфіскаванага планшэту палоннага валанцёра, якому раптам спатрэбілася з асабістага мабільнага праз лінію фронту патэлефанаваць. І адначасова настолькі празрыстую, каб за кожны выдаткаваны на Google-рэкламу рубель магла даць справаздачу.

Каб яна магла супрацьстаяць спецслужбам РФ і Лукашэнкі, і адначасова давала рады самастойна, і праводзіла сустрэчы з прэзідэнтамі і міністрамі без задзейнічання памочнікаў і менеджараў. Каб магла адначасова і спыніць гандаль Лукашэнкі, каб ён галадаў і людзей з турмаў павыпускаў, і не спыніць гандлю беларускіх бізнесоўцаў, каб яны не збяднелі. Каб яна была на першых палосах газетаў, але не выдаткоўвала ані капейчыны на медыяпрасоўванне.

Каб змагла супрацьстаяць 200-гадовай каланізацыі агрэсіўнага суседа, паўзучай акупацыі, палітычным рэпрэсіям, выкарыстанню беларускіх земляў для вайны, дапамагала мігрантам, палітвязням, прыгнятальным меншасцям… І не дапускала ўнутры свайго калектыву па гэтых пытаннях, па якіх мільёны людзей стагоддзямі дамовіцца не могуць, ніякіх рознагалоссяў і канфліктаў. Каб называла вайну вайной і ўдзел Лукашэнкі ў вайне – удзелам, і вырашала візавыя пытанні сваіх грамадзянаў, якія – які жах, што ж гэта ў нас выходзіць! – грамадзяне краіны-агрэсара? Вывозіла беларусаў як заўгодна нелегальна і дае справаздачу па выдатках на іх трансфер па стандартах МСФС.

І каб усё гэта рабілі па сціплых стандартах пачатковага заробкавага ўзроўню 100 чалавек, якія адмахнуцца ад рызыкі свайму жыццю і будучыні, – нам трэба, як мы толькі што высветлілі, сціпла мінімум 3 млн еўраў у год. Я не кажу, што ў нашай палітычнай сітуацыі ўсё так складана, што актывістам дазволена жыць па прынцыпе «не ваша справа, адкуль грошы». Трэба даваць справаздачу. Трэба быць празрыстым. Але гэтая панадлівы вобраз, які малююць журналісты – глядзець на палітыка як на менеджара, а на сябе як на акцыянера і гаварыць з ім з пазіцыі «А цяпер дай справаздачу за кожны рубель» – толькі частка працэсу.

Патрабаваць справаздачнасці трэба. Добра было б пры гэтым не ператварыцца ў акцыянера, што прыходзіць на сход і просіць вынайсці яму «аналаг Тэслы» за адзін квартал. І ўсё гэта ў кітайскім цэху на бюджэт памерам з «Ладу Каліну». Я быў на такіх сходах, выглядала гэта даволі бездапаможна.

У першую чаргу, трэба навучыцца супастаўляць маштабы чаканых вынікаў і наяўных рэсурсаў. Каб не выглядаць у грамадстве, як самадур, што патрабуе яму за тры рублі месяц з неба дастаць і па форме даць справаздачу. І ўмець засяродзіцца на галоўным.

Я ведаю, што з гэтым зраблю асабіста я. Закіну свае 1,5% гадавых падаткаў у музей Вольнай Беларусі і пайду далей адказваць на запыты на сваёй «грамадзянскай працы». У вольны час напішу яшчэ некалькі дакументаў і лістоў, каб крыху дапамагчы зрушваць нашу велізарную хворую страшную хваробу ў патрэбным кірунку.

Не існуе чароўнага сітуацыйнага пакою, дзе лёс Беларусі вырашыцца, не перавышаючы ўстаноўленых выдаткаў па еўрапейскіх стандартах. Усё давядзецца рабіць самім.

belsat.eu / ЮК

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў