У Магілёве судзяць двух дактароў паводле «справы артапедаў»


У Магілёве ідзе суд над двума фігурантамі «справы артапедаў» – Алегам Абялевічам і Алегам Сарнацкім, піша «Наша Ніва».

Дактары Алег Абялевіч і Алег Сарнацкі.
Фота: mogilevnews.by, belarusinfo.by

Абодвух дактароў больш за месяц утрымлівалі ў СІЗА, потым адпусцілі, аднак звольнілі з пасадаў загадчыкаў аддзяленняў.

Справу Абялевіча разглядае суд Ленінскага раёну Магілёва. Медыку інкрымінуюць «незаконнае ўзнагароджанне» (ч. 2 і ч. 3 арт.433 КК РБ), яму пагражае да 8 гадоў зняволення. Што менавіта стала нагодай для крымінальнага пераследу, невядома.

Алег Абялевіч працаваў загадчыкам траўматалагічнага аддзялення Магілёўскай абласной лякарні. Яго затрымалі супрацоўнікі КДБ у канцы сакавіка 2022 года. Больш за месяц яго ўтрымлівалі ў СІЗА, а пасля вызвалення знялі з пасады загадчыка аддзялення і накіравалі працаваць шараговым траўматолагам у гарадскі шпіталь хуткай дапамогі.

У панядзелак, 18 траўня, Абялевіч не выйшаў на працу. Пазней стала вядома пра суд.

Гісторыі
Чарга крычала: Навошта нас падманулі? Як выконваюць загад Лукашэнкі праапераваць усіх, хто стаіць у чарзе на эндапратэзы
2023.08.25 19:25

Алег Абялевіч – траўматолаг-артапед найвышэйшай катэгорыі. Траўматалогіяй Магілёўскай абласной больніцы ён кіраваў некалькі дзясяткаў гадоў. Аўтар інавацыйных метадаў правядзення аперацыяў у замене суставаў і рэабілітацыі пацыентаў. Сярод ягоных вучняў – сын былога міністра аховы здароўя, а цяпер намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Валерыя Малашкі, Антон Малашка.

У траўні 2022 года Абялевічу «за шматгадовую працу, прафесіяналізм і асабісты ўнёсак у аказанне медычнай дапамогі насельніцтву» выказваў падзяку Лукашэнка, заўважае «Наша Ніва».

19 верасня ў Кастрычніцкім судзе Магілёва пачалі судзіць доктара Алега Сарнацкага. У чым яго абвінавачваюць, невядома.

Алегу Сарнацкаму 57 гадоў. З 2012 года ён займаў пасаду загадчыка артапедычнага аддзялення Магілёўскай лякарні № 1. Яго, як і Абялевіча, затрымалі ў сакавіку 2022 года. Пасля вызвалення з СІЗА накіравалі працаваць шараговым траўматолагам у Магілёўскі абласны шпіталь.

«Справа артапедаў» распачалася ў канцы сакавіка 2022 года, калі па ўсёй Беларусі былі затрыманыя 35 артапедаў-траўматолагаў. Большасць з іх былі кіраўнікамі траўматалагічных аддзяленняў. За кратамі апынуліся таксама прадстаўнікі пяці камерцыйных арганізацыяў.

Аналітыка
Ні лекараў, ні эндапратэзаў. Беларусь закупляе індыйскія, а беларусы едуць мяняць суставы ў Расею
2022.07.21 13:35

Затрыманых абвінавацілі ў атрыманні хабару за лабіяванне набыцця эндапратэзаў у замежных вытворцаў і ў незаконным грашовым узнагароджанні. Каб да суда выйсці на волю, медыкі мусілі прызнаць віну, кампенсаваць нанесеную шкоду ў некалькі разоў большай сумай, пагадзіцца працаваць там, дзе загадае міністр аховы здароўя. У красавіку 2022 года большасць медыкаў была вызваленая. Некаторыя мусілі прадавалі маёмасць, каб разлічыцца.

Падставай для «справы артапедаў» стала вялізная чарга на эндапратэзаванне, у якой пацыентам даводзіцца чакаць аж да 5 гадоў. Пры гэтым пратэзы, што закупляе дзяржава, паводле саміх пацыентаў, не заўсёды добрай якасці. Беларусы, якія мелі патрэбу ў пратэзаванні, самі шукалі і набывалі пратэзы за ўласныя грошы і тады маглі разлічваць на пазачарговую аперацыю.

Паводле Беларускага расследавальніцкага цэнтру, «справа артапедаў» магла быць распачатая з ініцыятывы прыватнай клінікі «Мерсі», якую звязваюць з сям’ёй Віктара Лукашэнкі.

Hавiны
«Справа траўматолагаў»: некалькі чалавек выйшлі з СІЗА, іх адпраўляюць працаваць у прыёмныя пакоі
2022.04.20 13:38

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў