«Цукровая справа» атрымала працяг у малочцы?


Затрыманыя адразу некалькі кіраўнікоў малочных камбінатаў, паведамляе «Наша Ніва». Спасылаюцца на тры крыніцы. Паводле журналістаў, затрыманні прайшлі на Лепельскім малочнакансервавым камбінаце, а таксама ў структуры магілёўскай «Бабушкиной крынки». Ніякай афіцыйнай інфармацыі пакуль няма.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Тэлефануем на прадпрыемствы:

«Нікога не затрымліваюць. Гэта вы чытаеце нейкія левыя навіны. У нас усё стабільна, нічога такога няма», – сцвярджаюць на Лепельскім камбінаце.

Пры гэтым на месцы дырэктара Лепельскага камбінату няма, паехаў у райвыканкам. А на «Бабушкиной крынке» нам сказалі, што дырэктар – у адпачынку. Калі серыя затрыманняў сапраўды адбылася, што ж магло стаць прычынаю?

«Паколькі мы маем справу з вялізным аб’ёмам таго самага экспарту ў Расею, то я думаю, што гэта будуць нейкія карупцыйныя схемы, звязаныя менавіта з продажам малака ды іншых тавараў у Расею», – кажа блогер, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.

«Хутчэй за ўсё, сілавікі распрацоўвалі нейкага пасярэдніка, ну, вось па следзе яны праехалі і выявілі ўмоўна, да каго ён заязджаў і каму аддзячыў», – зазначае спецыяліст у сферы сельскай гаспадаркі Мікалай Лысянкоў.

Паводле Белстату, вытворчасць малака ў Беларусі – у два з паловаю разы большая, чым патрэбна для ўнутранага спажывецкага рынку. Гэта азначае, што большая частка прадукцыі ідзе на экспарт. Натуральна, за вышэйшыя цэны.

У Расеі беларуская малочная прадукцыя папулярная, таму расейскія пасярэднікі зацікаўленыя ў супрацы з нашымі малочнымі камбінатамі. Іншымі словамі – зацікаўленыя ў тым, каб малочныя рэкі з Беларусі цяклі на ўсход, кажуць нашыя эксперты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Малочная прадукцыя на Камароўскім рынку. Менск, Беларусь. 24 лютага 2021 года.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

«Напэўна, гэтыя пасярэднікі нешта ім плоцяць, каб прадукцыя ішла, па-першае, да іх, а па-другое, да некага іншага. Ну і, магчыма, нейкая гульня малая з цэнамі. Чаму я кажу малая, бо дзяржава ўсталёўвае мінімальную магчымую цану на малако, на малочныя прадукты, сыры. Таму тут немагчымыя буйныя гульні».

Сітуацыя, калі затрымлівалі кіраўнікоў цэлага шэрагу прадпрыемстваў, прычым адной галіны, у Беларусі ўжо здаралася.

«Цукровая справа» ў студзені 2020 года. Тады затрымалі дырэктараў усіх чатырох профільных заводаў і кіраўніка Беларускай цукровай кампаніі.

«Цукар пастаўлялі не ўсім, а пастаўлялі тым, каму можна было пастаўляць, у каго быў дазвол. Ну а тыя ў сваю чаргу пасярэднікі атрымоўвалі вялікія прыбыткі, якімі дзяліліся з кіраўнікамі прадпрыемстваў. Для таго, каб і далей яны заставаліся такімі ж самымі пасярэднікамі», – узгадвае справу Мікалай Лысянкоў.

Тады дырэктараў цукровых заводаў асудзілі на вялікія тэрміны. Напрыклад, кіраўніка Гарадзейскага цукровага камбінату Міхаіла Крыштаповіча пакаралі 13 гадамі турмы. Але, як сёлета высветліла тая ж «Наша Ніва», Крыштаповіч папрасіў памілавання ў Лукашэнкі, выйшаў на волю і нават паспеў ужо ачоліць калгас.

Алесь Яшчанка, «Белсат»