Лукашэнка памілаваў «цукровага мафіёзі», праз якога саджаў самалёт, і прызначыў яму пасаду


Выйшаў на волю былы дырэктар Гарадзейскага цукровага камбінату Міхаіл Крыштаповіч, які ў 2021-м быў асуджаны да 13 гадоў калоніі за хабарніцтва ў асабліва буйным памеры. Яму нават далі кіраўнічую пасаду, піша «Наша Ніва».

Міхась Крыштаповіч, былы дырэктар Гарадзейскага цукровага камбіната. 
Фота: tut.by

Паводле звестак выдання, шматразовыя хадайніцтвы Міхаіла Крыштаповіча на імя Аляксандра Лукашэнкі аб памілаванні далі плён, і ён быў памілаваны. Днямі ён выйшаў з калоніі і нават атрымаў у падпарадкаванне калгас.

У канцы студзеня 2021 года ў незалежных СМІ з’явілася інфармацыя пра арышт дырэктара Гарадзейскага цукровага камбінату Міхаіла Крыштаповіча, дырэктара Скідзельскага цукровага заводу Дзмітрыя Ягорава, дырэктара Жабінкаўскага цукровага заводу Віктара Міронава, дырэктара Слуцкага цукрарафінаднага камбінату Мікалая Прудніка і кіраўніка Беларускай цукровай кампаніі Дзмітрыя Кірылава. Дзеля затрымання Міхаіла Крыштаповіча спецслужбы Беларусі разгарнулі ў небе над Польшчай пасажырскі самалёт «Белавія», які ляцеў з Менску ў Мюнхен. Цягам 11 дзён улады не каментавалі знікненне дырэктараў усіх цукровых заводаў краіны.

4 лютага Лукашэнка прызнаў, што затрымання адбыліся паводле ягонага загаду. Кіраўнік дзяржавы назваў дырэктараў заводаў «падонкамі», якія «нахабна сярод белага дня крадуць». У той жа дзень на тэлеканале «Беларусь-1» выйшаў сюжэт пад назваю «Цукровая мафія», дзе распавядалася пра маштабную карупцыю ў цукровай галіне. Прадстаўнік КДБ Канстанцін Бычак паведаміў, што распачаты шэраг крымінальных справаў за атрыманне і дачу хабару. «Штогод сумы хабараў вылічаліся сотнямі тысяч долараў», – адзначыў ён. Таксама прадстаўнік КДБ пацвердзіў арышт экс-кіраўніка 2-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС палкоўніка Уладзіміра Ціхіні, які за хабары «страхаваў цукровую мафію і яе схему».

Hавiны
«Цукровая справа»: як выглядае расейскі след
2020.02.13 16:12

У судзе Заводскага раёну Менску 30 снежня 2021 года абвясцілі прысуды фігурантам «цукровай справы». Міхаілу Крыштаповічу прысудзілі 13 гадоў, астатнім фігурантам – ад 7 да 11 гадоў калоніі.

Усім дзесяці фігурантам справы, якую раней расследавала КДБ, былі выстаўленыя абвінавачанні ў атрыманні альбо дачы хабару ў асабліва буйных памерах. Гаворка ішла пра сумы ад 3 да 50 тысяч долараў.

Hавiны
Абвясцілі прысуды па «цукровай справе»: да 13 гадоў калоніі
2021.12.30 15:46

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў