«Мы коцімся туды, адкуль хутка не вяртаюцца». Аляксандр Апейкін – пра перспектывы прафесійнага спорту ў Беларусі


Паразмаўлялі з кіраўніком Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандрам Апейкіным пра спартовую індустрыю, а таксама пра тое, якімі шляхамі спартоўцы ідуць да Алімпіяды ў Парыжы.

Аляксандр Апейкін.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

– 13 беларускіх цяжкаатлетаў пацвердзілі статус нейтральнасці ў адносінах ваенных дзеянняў ва Украіне і былі дапушчаныя да кваліфікацыйных спаборніцтваў на Алімпіяду-2024. Гэта як? Лукашэнка падтрымоўвае вайну, а спартоўцы, якія жывуць у Беларусі – не?

– Ну, вось, падпісалі. І такое будзе адбывацца далей абавязкова. А іншага варыянту допуску да Гульняў проста не існуе. І гэта трэба асэнсоўваць, што толькі праз антываенную пазіцыю, праз Антываенную дэкларацыю будуць адчыняцца дзверы ў вялікі спорт. Гэта вельмі сур’ёзны факт. Ён застаўся малазаўважным чамусьці. Часта медыйная праблематыка забіваецца інфармацыйным смеццем шмат у чым, а гэта трэба заўважаць, аналізаваць. Такія вельмі тонкія факты значаць вялізныя працэсы. Яны ж не маглі падпісаць вось так вось: узялі і вырашылі. Значыць, гэта было ўзгоднена з найвышэйшым кіраўніцтвам. А расейскія штангісты адмовіліся, палічыўшы такія патрабаванні прыніжальнымі. І салідарнасць з імі ніхто выказваць не збіраецца. Гэта тое, пра што мы казалі на Канферэнцыі. Пакуль не будзе адэкватнага разумення, што такое цывілізаваны свет, вяртанне ў гэты свет немагчымае.

Хутчэй за ўсё, Антываенная дэкларацыя будзе асноўным крытэрыем допуску. Па ўсіх відах спорту. І я думаю, што Міжнародны алімпійскі камітэт прыйдзе да гэтага ў самы найбліжэйшы час. І тут варыянт толькі такі: хто гатовы асудзіць ваенную агрэсію ва Украіне і паехаць на Алімпіяду, а хто не гатовы. Калі мы гаворым пра ачышчэнне спорту ад прапаганды – пуцінскай, лукашэнкаўскай, – то гэта адзіны дасяжны крок, адзіны дасяжны інструмент. І ён, гэты інструмент, спадзяюся, будзе ўніверсальны, і яго ў многіх федэрацыях прымуць за асноўны. Далей, думаю, мы будзем бачыць мінімальную колькасць расейцаў, якія падпішуць, і нейкі лік беларусаў. Тое ж самае, што было з Антываеннай дэкларацыяй Беларускага фонду спартовай салідарнасці напачатку вайны. Мы бачылі 120 беларусаў, якія падпісаліся, і толькі тры ці чатыры расейцы. Прыкладна ў такіх жа прапорцыях сітуацыя захаваецца. І тут трэба разумець, што ні Беларусь, ні Расея не задаюць аніякага трэнду. Ні ў чым.

– У людзей кар’еры рушацца праз Лукашэнку і Пуціна. Тады чаму яны падтрымоўваюць дыктатараў, чаму расейцы тыя ж паўтараюць, што мы не здрадзім нашаму прэзідэнту?

– Ніякага спорту па-за міжнародным кантэкстам існаваць не можа. Рэальных, перакананых фанатычна ябацек увогуле вельмі мала. Многія зрабілі нейкі прагматычны выбар, а цяпер зразумелі, што гэта быў вельмі памылковы, нават трагічны крок. І калі пасля 2020 года бар’еры былі яшчэ мінімальныя, то зараз яны вельмі выраслі і сталі надта высокія для тых, хто жадае вярнуцца. І ўсё роўна, спрабаваць трэба. Праблема, дарэчы, утварылася праз вельмі просты фактар: многія беларускія спартоўцы – футбалісты, хакеісты, гандбалісты – атрымліваюць даходы вышэйшыя, чым іх гульнёвы ўзровень, чым узровень іх спартовага майстэрства. Прэзідэнцкая стыпендыя проста жудасна распесціла спартоўцаў. Бо ўва ўсім свеце паспяховыя гульцы – яны яшчэ і паспяховыя адмыслоўцы ў іншай сферы. Цудоўны прыклад – украінскі спартовец Станіслаў Гаруна. Ён перш за ўсё прафесійны адукаваны юрыст. А пасля ўжо бронзавы алімпійскі прызёр па каратэ і чэмпіён Еўропы. Ніхто яму кватэры, шалёныя грошы за бронзавы медаль, які ён, дарэчы, выставіў [на аўкцыён] у падтрымку свайго народу, не даваў і нават не прапаноўваў. А ў Беларусі менавіта грашыма купляюць спартоўцаў, і яны забываюцца пра ўсё на свеце акрамя таго, як толькі служыць рэжыму. І гэтыя датацыі ўзамен на лаяльнасць – вельмі ганебная рэч. А ці даўно мы бачылі нейкія асаблівыя вынікі ад іх? Гэты фактар лаяльнасці і маўклівасці спартоўцаў быў сфармаваны тым, што яны цудоўна разумелі: на рэальным спартовым рынку многія з іх з сябе ўвогуле нічога не ўяўляюць. І не развіваюцца пры гэтым. А ў рэальным спартовым свеце трэба пахаць і пахаць, каб чагосьці дасягнуць.

Бяда ў тым, што ўсё ляціць у найсур’ёзнейшую яму. І тут вайна, палітычныя рэпрэсіі – гэтыя фактары важныя, але не галоўныя. Галоўнае – некампетэнтнае кіраўніцтва ў беларускім спорце, якое (міністр спорту Кавальчук і яшчэ група такіх самых «прафесіяналаў») і прывяло да рэзкага і беззваротнага падзення ўзроўню спорту.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адборачны матч Еўра-2024. Каманда Румыніі супраць каманды Беларусі. 28 сакавіка 2023 года.
Фота: George Calin / Reuters / Forum

– Уявім, што адбыліся змены ў краіне. Колькі трэба часу прафесійнаму спорту на аднаўленне?

– Без дэмакратызацыі вяртанне ў вялікі спорт будзе адбывацца або скрайне доўга, або скрайне беспаспяхова. Мы зараз кажам пра тэрміны ад пяці гадоў. Не менш. Гэта калі заўтра адбываецца грамадская кансалідацыя, то толькі праз пяць гадоў мы да нейкага стану 2018, 2019 года неяк крыху-крыху падыдзем. І тое не факт. А так, хутчэй, будзем вяртацца і 10 гадоў. Зноў жа, падкрэслю, калі ўжо заўтра грамадства прачнецца і аб’яднаецца. Пры тым што будуць працаваць выключна прафесіяналы. Рэальныя прафесіяналы. Рэальна распачне развівацца спонсарскі рынак, вярнуцца на працу прафесійныя функцыянеры, тады асяроддзе пачне ажываць. Цяперашнія функцыянеры не граюць нават аніякай прапагандысцкай ролі. Калі да 24 лютага 2022 года яшчэ можна было падцягваць прапагандысцкія наратывы, то цяпер ужо ўсё. То бок поўнасцю выпаленая зямля. Замежныя санкцыі за падтрыманне і ўдзел у вайне і нежыццяздольная сістэма ўнутраная, памножаная на абсалютна не пісьменнае кіраванне, вядуць і нашую краіну, і Расею ў бездань сямімільнымі крокамі.

Рэпартаж
Якія павінны быць крытэры допуску спартоўцаў з Беларусі і Расеі на Алімпійскія гульні?
2023.05.17 18:18

– Давайце яшчэ закранем Першую Міжнародную канферэнцыю, якую Беларускі фонд спартовай салідарнасці правёў у Талліне. Яна рыхтавалася амаль год. З чым гэта было звязана?

– Мы сыходзілі з рэальных магчымасцяў, якія ў нас былі. Рабілі ўсё мерапрыемства па сродках. І каб Канферэнцыя мела сэнс і канкрэтны ўплыў. Галоўны вынік – гэта нейкая новая, больш свежая камунікацыя паміж тымі прадстаўнікамі спартовай грамадскасці (мы не гаворым выключна пра беларускую, гэта ўсё ж такі міжнародная Канферэнцыя), якія маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Гэта былі і дзейныя і былыя спартоўцы, функцыянеры. Гэта была ў першую чаргу экспертная Канферэнцыя, і задачай стаяла сабраць пункты гледжання з розных ракурсаў. Бо вялікі спорт – індустрыя, а спартоўцы – адзін з элементаў яе. І гэтая індустрыя не можа функцыянаваць без менеджараў, без трэнераў, без спартовых экспертаў, без спецыялізаваных медыяў, без спартовых юрыстаў і спартовых псіхолагаў, а таксама, што цяпер вельмі важна, і без праваабаронцаў. Трэба было рэпрэзентаваць як мага больш спартовых кірункаў. Я гэта кажу як чалавек, які ў розных іпастасях быў у спорце, цудоўна разумею, як уладкаваны вялікі спорт.

– У абмеркаванні выніковай дэкларацыі ўдзельнічалі ўсе запрошаныя на Канферэнцыю. Які яе далейшы шлях?

– Дэкларацыя адразу была накіраваная ўва ўсе асноўныя міжнародныя спартовыя інстытуты. І гэтая дэкларацыя, як і самая Канферэнцыя, – элементы вялікай дыпламатычнай працы. Нельга іх разглядаць асобна, як адарваныя ад усяго працэсу работы. Не, гэта частка ўсёй агульнай дыпламатыі, якую мы выбудоўваем на працягу ўжо трох гадоў і якая дае вынік. Зразумела, усё па кроплі робіцца. Павінныя быць дэкларацыі, якія робяцца на пастаяннай аснове, перамовы, якія таксама павінныя праходзіць на пастаяннай аснове, медыйная праца – гэта ўсё вядзе да годнага выніку. І мы бачым, што ўжо ў заяве G7 нарэшце зʼявіўся абзац аб спорце. Гэта вельмі сур’ёзны факт, і гэта ёсць вынікам таго, што выбудоўвалася падчас доўгага працэсу. І таму такая Канферэнцыя павінная быць штогадовай, а ў наступным годзе яшчэ больш прадстаўнічай.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў