Калі салідарнасць - апошняе, што засталося: як беларусы дапамагаюць і падтрымліваюць адзін аднаго


Тое, што беларусы здольныя на моцную салідарнасць, выдатна паказалі падзеі жніўня 2020 года. У адказ на жорсткі гвалт сілавікоў незнаёмыя паміж сабой людзі знаходзілі шляхі для падтрымкі адзін аднаго: сустракалі з ізалятараў, дапамагалі з аплатай штрафаў, набывалі лекі і прадукты. Гэту еднасць рэжым спрабуе зламаць вось ужо тры гады: зараз у палоне знаходзяцца тысячы палітзняволеных. Але падтрымка і салідарнасць беларусаў трывае і далей. Распавядаем, хто і як дапамагае палітвязням і іх сем’ям.

Акцыя салідарнасці з палітзняволеным журналістам Анджэем Пачобутам у Беластоку. 27 чэрвеня 2023 года.
Фота: Michal Kosc / Forum

Сёння ў Беларусі афіцыйна прызнаныя палітвязнямі амаль дзве тысячы чалавек. Але рэальная лічба можа дасягаць некалькі сотняў тысяч. Гэтую колькасць можна смела павялічваць у некалькі разоў, бо разам з вязнямі гэты цяжар нясуць таксама іх родныя і сем’і. Такое выпрабаванне блізкім палітвязняў цяжка пацягнуць маральна і фінансава. Таму беларусы ствараюць разнастайныя ініцыятывы, каб дапамагчы ім.

Абноўлена
«Нам не ўсё адно!»: марафон салідарнасці з палітвязнямі. ОНЛАЙН
2023.07.29 10:37

Марына Касінерава, ініцыятыва Dissidentby: Людзі працягваюць дапамагаць, але робяць гэта больш акуратна і асцярожна

Ініцыятыва Dissidentby праз данаты нераўнадушных людзей збірае вялікія перадачы па 50 кг для зняволеных у калоніях. У месяц атрымліваецца падтрымаць 20-25 сем’яў.

«Практычна ўся нашая праца – гэта дапамога палітвязням унутры Беларусі. Зваротаў вельмі шмат, і яны павялічваюцца. Мы працягваем збіраць перадачы ў калоніі – да нас звяртаецца вялікая колькасць сваякоў палітвязняў, якія адбываюць пакаранне. Але мы дапамагаем таксама і людзям, якія заходзяцца ў СІЗА. Ёсць валанцёры, якія носяць перадачы, адпраўляюць пасылкі ў Беларусі. Ёсць людзі, якія звяртаюцца да нас з прапановай дапамагчы сабраць гэтыя вялікія перадачы. Мы звязваем людзей, яны сустракаюцца і разам збіраюць. Людзі працягваюць дапамагаць, але робяць гэта больш акуратна і асцярожна. Знаходзяць шляхі, спосабы. Я бачу і адчуваю гэтую салідарнасць», – кажа ў каментары «Белсату» праваабаронца Марына Касінерава.

Ініцыятыва стварае разнастайны тэматычны мерч, звязаны з палітвязнямі, і распаўсюджвае яго за данаты. Усе сродкі ідуць на падтрымку сем’яў палітвязняў. Таксама гэта спосаб асобны раз нагадаць і распавесці пра сітуацыю ў Беларусі.

«У мінулым годзе мы рабілі цішоткі, на якіх была намаляваная разбураная Валадарка. Гэты мерч ужо разышоўся. Зараз мы таксама маем новыя рэчы. Мы раздаём іх за данаты: калі чалавек ахвяруе ў падтрымку палітвязняў, мы высылаем налепкі ці цішоткі ў любую кропку свету. Гэта яшчэ і інфармацыйна падтрымка тых, хто знаходзіцца за кратамі. Кожная такая рэч – гэта нагода распавесці, што адбываецца ў Беларусі, хто сядзіць у Беларусі. На мерапрыемствах мы раздаём наш мерч людзям, якія прыязджаюць з іншых краін, і просім распавесці пра сітуацыю ў Беларусі ў сябе дома», – распавядае Марына Касінерава.

Пасля вызвалення былыя палітвязні распавядаюць, што часам, нягледзячы на блакаду ліставання, да іх усё ж даходзілі нейкія лісты, паштоўкі, пасылкі. Таму трэба працягваць пісаць, нават калі з тысячы дойдзе адзін ліст – гэта будзе вялікая падтрымка для чалавека за кратамі. У СІЗА бандэролі могуць дасылаць людзі, якія не з’яўляюцца сваякамі, і гэта таксама вельмі падтрымлівае палітвязняў.

«Беларусы ўнутры краіны шукаюць шляхі падтрымання: хто бандэролямі, хто пералікам – і пакуль гэта ўсё працуе. У нас ёсць сэрвіс па адпраўцы лістоў у месцы зняволення, і вось нядаўна мы на дзіва атрымалі зваротны ліст з калоніі ў Навасадах. З СІЗА лісты прыходзяць часцей. Таму варта працягваць пісаць, магчыма, менавіта ваш шчаслівы ліст трапіць да чалавека за кратамі», – адзначае нашая суразмоўца.

Таксама ініцыятыва збірае пажаданні палітвязням, якія сваякі ці адвакаты перадаюць ім падчас спатканняў. Гэта кранае вязняў да слёз. Любая праява падтрымкі і салідарнасці вельмі важная для іх.

«Самі палітвязні распавядаюць, што сістэма баіцца выхаду інфармацыі пра тое, як годна трымаюцца людзі за кратамі. Таму яны часта сядзяць у ШІЗА, шмат нашых вязняў – моцныя духам ідэйныя людзі. Іх спрабуюць максімальна ізаляваць. Вязні выходзяць і кажуць, што пра гэта ўсё трэба гучна казаць, бо сістэма баіцца розгаласу», – падкрэслівае Марына Касінерава.

Сваякам таксама варта пісаць скаргі, калі яны бачаць парушэнні ў адносінах да іх родных. У Наваполацкай калоніі нават асудзілі аднаго капітана міліцыі за перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Ён збіў палітвязня, і той пачаў пісаць у пракуратуру, іншыя інстанцыі. Калі выйшаў, працягнуў гэта рабіць, і гэты капітан у выніку атрымаў чатыры гады калоніі, адбывае пакаранне ў Віцьбе.

«Кажуць, што пасля гэтага выпадку ў Наваполацкай калоніі ніхто не хацеў кранаць палітвязняў. Калі мясцовая пракуратура можа яшчэ нешта прыкрыць, то генеральная пракуратура намагаецца трымацца нейкіх нормаў. Сістэма насамрэч не шкадуе нікога. Яны там таксама баяцца наступстваў», – кажа нашая суразмоўца.

Існуе таксама інстытут «вартаўнікоў» – больш за 120 чалавек узялі пад сваю апеку палітвязняў і дапамагаюць ім і іх сем’ям. Людзі ўнутры Беларусі дапамагаюць па-рознаму, часта нават побытавымі рэчамі: напрыклад, абсталяваць пакой, прывезці канапу.

«Мы намагаемся працаваць дэцэнтралізавана, злучаць людзей і наладжваць гарызантальныя сувязі. Напрыклад, дваравая ініцыятыва бярэ шэфства над нейкім палітвязнем і падтрымлівае яго цягам усяго тэрміну зняволення. Нядаўна напісаў адзін чалавек, што яны едуць сустракаць палітвязня, бо столькі яго чакалі, падтрымлівалі яго і ягоную сям’ю, што цяпер, як ён выйшаў на волю, свята ва ўсяго двара», – кажа Марына Касінерава.

Як падтрымліваць узровень салідарнасці і ўзаемадапамогі сярод беларусаў, бо прайшло ўжо тры гады? Па словах Марыны, трэба проста заставацца сабой, верным сваім каштоўнасцям.

«Свабода, якой мы прагнем, не даецца проста. Мы працуем як хірургі, нам нельга паддавацца на эмоцыі і трэба канцэнтравацца, каб атрымаўся вынік. Усё, што адбываецца, трэба разумець як частку гістарычнага працэсу: так заўсёды было. Варта знаходзіць аднадумцаў, гуртавацца, дзе б вы не знаходзіліся, бо кожны носіць свой сусвет з сабой, і не важна, дзе ты знаходзішся фізічна. Глядзець на свае дзеянні і мэты і рухацца да іх», – падсумавала праваабаронца.

Ганна Шымановіч, ініцыятыва «Вольныя паштоўкі»: Шмат людзей зараз за кратамі, бо яны хочуць бачыць новую Беларусь, і мы можам зараз ствараць гэтую новую Беларусь

Збіраць сродкі для палітвязняў ініцыятыве Dissidentby дапамагае яшчэ адна ініцыятыва – «Вольныя паштоўкі», якая стварае паштоўкі і разнастайны мерч з малюнкамі і выказваннямі палітвязняў.

«Мы прыдумалі Вольныя паштоўкі больш за два гады таму. Аднойчы я пабачыла ліст ад Марыі Калеснікавай, дзе яна проста абвяла сваю руку. Гэта было так кранальна: кожны чалавек мог атрымаць руку ад Марыі Калеснікавай. Так прыйшла ідэя, што мы можам рабіць паштоўкі з малюнкамі палітвязняў і збіраць данаты на іх падтрымку», – распавядае ў каментары «Белсату» валанцёрка ініцыятывы Ганна Шымановіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзень Волі ў Беластоку. 25 сакавіка 2022 года.
Фота: Anatol Chomicz / Forum

Зараз ёсць каля 300 малюнкаў-дызайнаў для мерчу. Сярод іх ёсць простыя, як рука Калеснікавай, і больш складаныя, як напрыклад карціны Алеся Пушкіна. Пэўна, самае папулярнае – гэта шоперы і цішоткі з фразай Вітольда Ашурка «Ці могуць незнаёмыя беларусы быць сябрамі? Могуць, калі яны беларусы». Вельмі прыгожыя металічныя кубкі з нанесенымі на іх вершамі палітвязняў. Кожны чалавек можа даслаць малюнак ад палітвязня, валанцёры ініцыятывы яго алічбуюць і нанясуць на паштоўкі ці іншыя рэчы. За 2,5 гады ініцыятыва сабрала больш за 11 тысяч еўра данатаў.

«Данатаў заўсёды ідзе больш, калі мы выпускаем нешта новае. Таму наша задача – пастаянна штосьці прыдумляць, шукаць новыя формы. Усё залежыць ад нас. Нам трэба ганарыцца тым, што мы беларусы. Купляць і падтрымліваць усё беларускае, падтрымліваць адно аднаго, пачынаць размаўляць на беларускай мове – шмат людзей зараз за кратамі, бо яны хочуць бачыць новую Беларусь са сваёй мовай, культурай, і мы можам зараз ствараць гэтую новую Беларусь», – перакананая Ганна Шымановіч.

Акрамя гэтага, дапамагаюць з перадачамі такія ініцыятывы, як:

  • «Палітвязынка» – праект, які дапамагае палітзняволеным беларускам. Нядаўна яны запусцілі калекцыю ўпрыгожанняў, усе сродкі ад продажы якой будуць накіраваныя на падтрымку жанчын за кратамі.
  • me дапамагае пасябраваць і апекавацца палітзняволенымі, ліставацца з імі. Ініцыятыва дапамагае збіраць грошы на адвакатаў для палітвязняў.
  • Аднаразовую матэрыяльную дапамогу для сем’яў палітвязняў аказвае Фонд «Краіна для жыцця». Там жа можна атрымаць юрыдычную і псіхалагічную дапамогу.
  • Дапамога таксама патрабуецца тым палітвязням, якія губляюць працу за сваю пазіцыю і вымушаныя з’ехаць з Беларусі, ратуючыся ад пераследу. Індывідуальныя зборы ў такіх выпадках вядзе праект «Хуткая ўзаемадапамога».

«Нават у самыя чорныя гадзіны, калі вам здаецца, што ўсё скончана, памятайце: ёсць людзі, якія вам дапамогуць, і трэба абавязкова да іх звяртацца»

Адной з самых гучных гісторый узаемадапамогі беларусаў стала гісторыя Віталя Тысева. Пасля збіцця міліцыянтамі ў пастарунку ў жніўні 2020 у актывіста абвастрылася старая траўма. У эміграцыі стан пагоршыўся, штодня Віталь жыве з болем, праблемамі з дыханнем і рызыкай паралічу ўсяго цела. Пасля абследавання ў польскай клініцы Віталь атрымаў накіраванне на аперацыю, кошт якой вагаўся ад 20 да 26 тысяч долараў. Гэтую суму ўсяго за некалькі дзён дапамаглі сабраць неабыякавыя беларусы праз адмысловы збор. Але напярэдадні аперацыі клініка ў Польшчы адмовілася яе рабіць. Аднак узяліся дактары ў Нямеччыне. Вось толькі сума вырасла амаль удвая – 55 100 еўра. І зноў на дапамогу прыйшлі беларусы, працягваючы данаціць. Зараз сабраныя больш за 50 тысяч еўра, засталося зусім крыху.

Галоўным чыннікам такога эфектыўнага збору заснавальнік Фонду BY_HELP Аляксей Лявончык лічыць шокавасць і медыйнасць гісторыі Віталя Тысева. На менш эмацыйныя гісторыі дапамога збіраецца нашмат цяжэй.

«Калі становіцца занадта шмат бяды, жахаў, зацягваюцца вайна і рэпрэсіі, плюс ты можаш атрымаць турму за факт доната, то мала жадаючых заданаціць», – тлумачыць Аляксей Лявончык.

Ад пачатку пратэстаў Фонду BY_HELP атрымалася падтрымаць каля 18 тысяч асобаў. Гэта аплата штрафаў, адвакатскіх паслуг, кампенсацыі пацярпелым ад гвалту. Фонд і сёння працягвае падтрымліваць тых, хто трапіў пад рэпрэсіі. За дапамогай можна звярнуцца альбо непасрэдна да Аляксея Лявончыка (@eolonir) альбо праз адмысловую форму па спасылцы http://bit.ly/byhelpme. Гаворка ідзе пра выезды, эвакуацыю, рэабілітацыю.

Для таго каб палітвязні пасля вызвалення хутчэй адаптаваліся і маглі самі сябе забяспечваць, Фонд BYSOL разам з колішнімі палітвязнямі запусціў праграму перавучвання. Існуе яна не за кошт данатаў, а са сталай крыніцы фінансавання, і дае магчымасць засвоіць такія спецыяльнасці як SMM-менеджар і SEО-аптымізацыя сайтаў, а таксама вывучыць ангельскую мову на базавым узроўні. У пілоце праграмы прымаюць удзел 40 асобаў.

Хто можа перанавучацца? Вызваленыя палітзняволеныя, якія адседзелі не менш за тры месяцы па палітычных прычынах. Каб даведацца падрабязнасці, у тым ліку даты збору новых груп, трэба напісаць на гарачую лінію Фонду (на сайце BYSOL ёсць адпаведная кнопка). Прыняць удзел у гэтых курсах могуць таксама і былыя палітзняволеныя, якія засталіся ў Беларусі.

«Калі вы выйшлі з-за кратаў, праз бяспечныя каналы сувязі звяжыцеся з нашымі спецыялістамі. У нас ёсць праграма, па якой можна атрымаць адзінаразовую дапамогу, можна адкрыць ананімны альбо персаналізаваны збор на нашай платформе і сабраць грошы на вашыя патрэбы. Наша служба эвакуацыі дапаможа з выездам. Плюс у нас ёсць гайды на сем краін, куды выязджаюць беларусы, дзе можна паглядзець, якія першыя крокі па пераездзе трэба рабіць, што трэба ўлічыць. Перад тым як ехаць кудысьці, уступіце ў супольнасці беларусаў таго месца, куды збіраецеся, пачытайце што там пішуць, пазадавайце свае пытанні. Часта гэтыя чаты маюць арганізацыйную структуру, у чаце Вільні, напрыклад, ёсць бот, які па запыту «жыллё», «праца», «дзеці» выдае ўсю накопленую за гэты час інфармацыю, якая грунтуецца на асабістым досведзе.

Выбярыце горад для пераезду, знайдзіце ў ім чалавека, які зможа быць вашым ментарам там. Ёсць шмат беларусаў, якія займаюцца дапамогай у адаптацыі. Варта памятаць, што нават у самыя чорныя гадзіны, калі вам здаецца што ўсё скончана, вы едзеце нікуды, часта з дзецьмі і без грошай, ёсць людзі, якія вам дапамогуць, і трэба абавязкова да іх звяртацца. Без нерваў, з разуменнем, што пачынаецца новы этап жыцця, да якога трэба ставіцца сур’ёзна, рыхтавацца, што першы час будзе вельмі цяжка, але як паказвае практыка пасля 1-2 гадоў ўсё ўладкоўваецца», – кажа ў каментары «Белсату» кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак.

Па яго словах, зараз дапамога ў параўнанні з 2020 годам на нізкіх паказчыках. Тым не менш, на стан 20 ліпеня толькі на персанальных зборах Фонд сабраў дапамогі на паўмільёна еўра. Гэта амаль такія ж паказчыкі, якія былі ў мінулым годзе, пры тым што палова данатаў у мінулым годзе была на дапамогу Украіне і ўкраінцам. У гэтым жа годзе беларусы больш пачалі данаціць на дапамогу сваім. З пачатку гэтага года Фонд дапамог больш чым 1500 чалавекам. Калі лічыць ад пачатку вялікай вайны, лютага 2022 году, то дапамога была аказаная дзясяткам тысяч чалавек. Адна толькі гарачая лінія правяла больш за 20 тысяч кансультацый.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Michal Kosc / Forum

«І гэта толькі фонд BYSOL, а падобных структур ствараецца ўсё больш, што мяне вельмі цешыць. Шмат дыяспараў мае сваю невялікую фундацыю, якая займаецца ўзаемадапамогай», – адзначыў Андрэй Стрыжак.

Нягледзячы на такую колькасць ініцыятываў, дапамагчы кожнаму палітвязню досыць складана. Па самых сціплых падліках, на падтрымку толькі афіцыйна прызнаных палітзняволеных і іх сем’яў штомесяц неабходна выдаткаваць 750 тысяч еўра.

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў