У Беларусі трэці дзень не працуюць касавыя апараты. Што вядома і калі ўжо запрацуюць?


Навагоднія сюрпрызы другі год не перастаюць «радаваць» беларусаў. У 2022 годзе на святы абваліўся мост на Нямізе ў Менску, а сёлета здарыўся масавы збой у працы крамаў і заправак. І хоць улады і абяцаюць хуценька развязаць усе пытанні, зрабіць гэта пакуль не атрымліваецца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Праблемы пачаліся ў навагодні панядзелак, 2 студзеня, і закранулі ўсю Беларусь. Паведамлялася аб праблемах з працаю касаў у гандлёвых сетках «Востраў чысціні і густу», ОМА, «Мацярык», «Еўраопт», «Спортмайстар», «Дабраном», у сетках фаст-фуду, аптэк і на запраўках «Беларуснафта» і «Газпромнефть». У людзей не прымаюць ні картак, ні наяўных грошай. «Еўраопт»  і «Мацярык» нават заяўлялі аб прыпыненні працы гандлёвых пунктаў.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю паведаміла, што 2 студзеня «адбыўся збой у праграмным забеспячэнні кампаніі «Тусон», якая абслугоўвае на нашым рынку частку касавага абсталявання». Паводле МАРГ, «праблема выяўлена, і інжынерная служба працуе ўжо над яе пераадоленнем».

Паводле «Sputnik Беларусь», прычына звязаная з начным збоем у працы рэгістратараў фіскальных чэкаў. Выданне адзначала, што ў кампаніі «Тусон» працуюць над развязаннем гэтага пытання, аднак, калі праблема будзе цалкам ліквідаваная, не паведамляецца.

Як пісаў блогер «Мерзкий Кокобай», «Тусон» ужо падрыхтаваў новую прашыўку для абсталявання, але яе яшчэ мусяць ухваліць БелДІСС і падатковая.

Даць рады не атрымліваецца

3 студзеня намеснік кіраўніка Гомельскага аблвыканкаму Андрэй Канюшка заявіў, што праблему плануюць развязаць да канца дня.

«Збой закрануў фіскальнага рэгістратара, у выніку немагчыма адкрыць змену», – адзначаў чыноўнік.

Абяцалі медыям развязаць 3 студзеня праблему і ў самой кампаніі «Тусон».

Некаторыя сеткі сапраўды здолелі развязаць праблемы з касамі. Напрыклад, з 3 студзеня «ў штатным рэжыме» працуе менскі «Мацярык». Часткова запрацавалі касы ў гіпермаркетах ОМА, некаторыя запраўкі «Беларуснафты» і асобныя крамы «Еўраопту» ды «Вострава чысціні». Але аднаўленне ўсё ж не стала паўсюдным, і дагэтуль нават у межах адной сеткі могуць працаваць не ўсе крамы ці бензастанцыі.

«З прычыны тэхнічных непаладак у кампаніі «Тусон», якая абслугоўвае касавыя апараты, 4 студзеня некаторыя крамы «Еўраопт» могуць часова не працаваць», – заявілі ў гандлёвай сетцы.

Яшчэ дзесяць дзён?

У Міністэрстве падаткаў і збораў наагул паведамілі, што пытанне можа не развязацца бліжэйшыя 10 дзён.

«У выпадку, калі праблема функцыянавання касавага абсталявання не будзе вырашаная да 13.01.2023, просім інфармаваць МПЗ шляхам звароту ў кантакт-цэнтр па тэлефоне (017) 229 79 79 ці 189», – адзначылі ў ведамстве.

Там падкрэслілі, што праблема з працай выкліканая «збоем у праграмах самога касавага абсталявання і не звязаная з функцыянаваннем сродку кантролю падатковых органаў».

У МПЗ заклікалі суб’ектаў гаспадарання пры наяўнасці праблемаў з касавым абсталяваннем ад «Тусон» «падаць заяўку (зафіксаваўшы дату і нумар заяўкі) на яе развязанне».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Калі ў Вас адбыўся збой у функцыянаванні абсталявання, звяртайцеся да пастаўляльнікаў касавых апаратаў», – паведамляе ААТ «Банкаўскі працэсінгавы цэнтр», які адзначае, што ягонае тэрмінальнае абсталяванне «працуе ў штатным рэжыме».

Як мага хутчэй – гэта калі?

На сайце кампаніі «Тусон» адзначаюць, што праблемы ўзніклі на тыпах фіскальных рэгістратараў TFP-115, TFP-116 і TFP-118. Там таксама падалі кантакты ў Менску і рэгіёнах «для аператыўнай ліквідацыі ўзніклай памылкі».

Карэспандэнты «Белсату» пад выглядам пакупнікоў патэлефанавалі ў «Тусон» і распыталі пра тэрміны, калі плануецца развязаць праблемы. У кампаніі адзначылі, што ўжо часткова аднавілі працу касавых апаратаў.

«Мы працуем над ліквідацыяй гэтай праблемы. У нас вельмі вялікая колькасць апаратаў «злавіла» гэтую праграмную памылку. Інжынеры працуюць дзень і ноч», – заявіла суразмоўца.

Паводле яе, кампанія застаецца на сувязі з усімі крамамі і кліентамі ды спрабуе «як мага хутчэй пераадолець гэтую праблему». Гандлёвыя сеткі намагаюцца самастойна развязаць праблему, частку касавых апаратаў прывозяць у «Тусон» і замяняюць.

«Але на гэта ў любым выпадку трэба трошкі часу, каб яны здолелі перамясціць з іншых аб’ектаў працоўныя [касавыя апараты. – Рэд. belsat.eu] або неяк пераразмеркаваць», – адзначыла суразмоўца.

Але агулам, паведамілі ў кампаніі, «тэрмінаў [адносна аднаўлення працы ўсіх касавых апаратаў. – Рэд. belsat.eu] ніякіх у нас няма».

Праблема зацягваецца

Ужо пасля публікацыі матэрыялу стала вядома, што Міністэрства падаткаў і збораў дазволіла суб’ектам гандлю, якія выкарыстоўваюць касавае абсталяванне кампаніі «Тусон», карыстацца:

  • адкарэктаваным праграмным забеспячэннем – да правядзення экспертызы касавага абсталявання;
  • неадкарэктаваным праграмным забеспячэннем – да 1 лютага;
  • без устаноўленых сродкаў кантролю – да 1 сакавіка.

Таксама дазволена выкарыстоўваць да 1 лютага ў гандлёвых аб’ектах з гандлёвай плошчай 200 квадратных метраў і больш касавае абсталяванне, якое не забяспечвае дыферэнцыраваны ўлік звестак пра тавары і не фармуе ў плацежным дакуменце найменне тавару. Апроч таго, дазволена перамяшчаць касавае абсталяванне паміж гандлёвымі аб’ектамі суб’екта гандлю.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў