Вялікі збой у працы касавых апаратаў у Беларусі. Некаторыя аб'екты гандлю прыпынілі працу


Людзі па ўсёй Беларусі сутыкнуліся 2 студзеня з праблемамі, спрабуючы аплаціць тавары і паслугі ў некаторых гандлёвых сетках і запраўках. Немагчыма было разлічыцца ні карткамі, ні наяўнымі. Пазней праблему пракаментавала МАРТ.

Міністэрства па антыманапольным рэгуляванні і гандлі пацвердзіла, што 2 студзеня 2023 года «адбыўся збой у працы касавага абсталявання».

«Паводле нашых дадзеных, адбыўся збой у праграмным забеспячэнні кампаніі «ТУССОН», якая абслугоўвае на нашым рынку частку касавага абсталявання. Праблема выяўлена, і інжынерная служба працуе ўжо над яе пераадоленнем», – цытуе БелТА прэс-службу МАРТ.

Тым часам, карыстальнікі сацыяльных сетак паведамілі аб праблемах з працай касаў у гандлёвых сетках «Востраў чысціні і густу», «Ома», «Мацярык», «Еўраопт», пішучы, што касы не прымаюць ні карткі, ні наяўныя грошы. Пазней «Еўраопт»  і «Мацярык» паведамілі аб прыпыненні працы гандлёвых кропак.

«Мацярык» прыпыніў працу гандлёвых кропак. Скрыншот абʼявы на сайце гандлёвай сеткі / diy.by

Паводле «Sputnik Беларусь», не працуюць таксама больш за 50 заправачных станцый «Беларуснафта». Там кажуць, што прычына звязана з начным збоем у рабоце рэгістратараў фіскальных чэкаў. Сярод кліентаў кампаніі знаходзяцца некаторыя сеткі фаст-фуду, крамы, сеткі аптэк і г.д.

Паводле інфармацыі «Sputnik», у кампаніі «ТУССОН» працуюць над вырашэннем гэтага пытання, аднак, калі праблема будзе цалкам ліквідаваная, не паведамляецца.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў