news
Агляд
Лукашэнка выканаў «хатнюю працу», каб стаць васалам Кітаю? Што стаіць за яго візітам у КНР
Усяго некалькі месяцаў таму назіралася пахаладанне ў стасунках Менску і Пекіну.
04.12.202318:46

Аляксандр Лукашэнка нечакана наведаў Кітай, дзе ўжо правёў чатырохгадзінную сустрэчу з старшынёй КНР Сі Цзінь Пінам. Сама сустрэча была нечаканай яшчэ і таму, што ўсяго некалькі месяцаў таму назіралася пахаладанне ў стасунках Менску і Пекіну. Цяпер выглядае, што яны палепшыліся. Разбіраліся, што стаіць за гэтым паляпшэннем. 

Аляксандр Лукашэнка і старшыня КНР Сі Цзінь Пін. 4 снежня 2023 года.
Фота: president.gov.by

Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі скіраваўся ў Кітай 3 снежня з кліматычнага саміту COP28, які праходзіў у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах пад эгідай ААН. Афіцыйна на парадку дня кітайскага візіту былі пытанні гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай і міжнароднай супрацы ды шэраг падзеяў «сацыяльна-гуманітарнага напрамку».

Аднак наведванне Кітаю не анансавалася раней, таму стала пэўнай нечаканасцю для вонкавых назіральнікаў. Тым больш, менш як два месяцы таму, 17 кастрычніка, Аляксандр Лукашэнка не паехаў – таксама з не да канца зразумелых прычынаў – у Кітай на форум «Адзін пояс – адзін шлях», куды прыбылі прадстаўнікі 23 краінаў. Неафіцыйна паведамлялася, што Пекін адмовіў ва ўдзеле ў форуме Лукашэнку, бо ён стаў persona non grata нават для такога сходу. Аднак афіцыйнай адмовы з боку Кітаю ў публічнай прасторы не было.

Таксама Беларусь сёлета не пусцілі ў дзве арганізацыі, дзе Кітай гуляе ці не вядучую ролю – у Шанхайскую арганізацыю супрацы і ў BRICS, хоць Менск імкнуўся трапіць і туды, і туды.

Вось і цяпер гучалі розныя думкі на конт нечаканага наведвання КНР. Гэтак, тэлеграм-каналы «Ник и Майк» і «The Бульба» пісалі, што Лукашэнку менавіта выклікалі ў Кітай, каб нібыта абмеркаваць транзіт улады і пытанні вайсковай прамысловасці. У сваю чаргу «БЕЛАРУСКАЯ ВЫВЕДКА» заяўляла, што ён сам «напрасіўся ў Пекін», каб «прадаваць «ф’ючарсы» будучага добрасуседства з ЕЗ і прасіць абароны ад празмернага ціску Крамля».

Паводле тэлеграм-каналу, Лукашэнка збіраўся «прасіць адтэрміноўку «адлігі» да заканчэння прэзідэнцкіх выбараў і фармавання ўстойлівай структуры будучай улады. Пасля гэтага ён абавязуецца наладзіць прымальныя для ўсіх зацікаўленых актараў умовы мірнага суіснавання з ЕЗ». Таксама ён нібыта збіраўся прасіць Сі Цзінь Піна «дапамагчы намякнуць Пуціну, каб ён згортваў планы па міграцыйным ціску на мяжу ЕЗ з тэрыторыі Беларусі».

Заахвочванне ці выклік на дыван?

Палітычны аглядальнік праекту «Позірк» Аляксандр Класкоўскі ў эфіры праграмы «Тыдзень» на «Белсаце» адзначыў, што «Кітай вельмі выручае ў абыходзе заходніх санкцыяў». Пра што сведчыць, напрыклад, статыстыка гандлю беларускім каліем, які трапіў пад заходнія санкцыі: Беларусь стала ключавым пастаўшчыком калію на кітайскі рынак. За дзесяць месяцаў наша краіна паставіла ў КНР калійных угнаенняў на $ 1,32 млрд, што на $ 545 млн больш, чым за аналагічны перыяд мінулага году.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Перавальванне ўгнаенняў «Беларуськалію».
Фота: Birių krovinių terminalas / bkt.lt

Тым не менш, мяркуе аглядальнік, мігранцкі канфлікт Лукашэнкі з еўрапейскімі суседзямі б’е па кітайскіх транзітных інтарэсах, чаму ён і пралятаў яшчэ нядаўна, «як фанера над Пекінам».

«А вось цяпер тут трэба яшчэ падумаць: ці гэта заахвочванне такое, ці можа выклік на дыван», – сказаў Класкоўскі, адзначыўшы, што апошнім часам плынь мігрантаў з Беларусі ў ЕЗ зменшылася.

Беларусь пачала выконваць хатнюю працу?

Палітолаг Ігар Тышкевіч у разборы на сваім канале звязаў нечаканы візіт Лукашэнкі ў Пекін з тым, што «дамашнюю працу Рэспубліка Беларусь пачала выконваць». Дамашняя ж праца, паводле яго, заключаецца ў тым, што Менск зацвердзіў тэкст пагаднення з КНР пра абарону кітайскіх інвестыцыяў, а таксама пачаў «дэманстраваць жаданне» палепшыць стасункі з суседзямі. У прыватнасці, «частка мігрантаў, якія штурмавалі межы краін Балтыі і Польшчы, раптоўна паехалі на расейска-фінскую мяжу».

«Ёсць яшчэ некалькі тэмаў, якія ў прынцыпе Кітай цікавяць, у тым ліку і ўнутрыпалітычны крызіс, і трансфармацыя эканамічнай мадэлі, але пакуль што нават той хатняй працы, якую зрабілі, Кітаю хапіла для таго, каб даслаць знак, што, хлопцы, вы ідзяце ў правільным кірунку», – мяркуе Тышкевіч.

Аналітыка
Тупік на Шаўковым шляху? Беларуска-кітайскі «Вялікі камень» спыняецца ў сваім развіцці
2023.08.18 08:00

Таксама ён нагадаў, што напрыканцы кастрычніка – пачатку лістапада Кітай наведваў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін, які абмяркоўваў з кітайскімі калегамі магчымасці вайскова-тэхнічнай супрацы. Затым у Менск прылятала дэлегацыя Міністэрства прамысловасці КНР, якая «правярала» ўзровень супрацы і іншых кітайскіх ведамстваў.

Урэшце быў зменены і амбасадар Беларусі ў Пекіне: замест былога старшыні Мытнага камітэту Юрыя Сянько, які «не адпавядаў задачам», ім стаў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў.

Сярод пытанняў, якія, на думку Тышкевіча, абмяркоўвалі бакі: выкананне Менскам «хатняй працы», узаемны гандаль, вайскова-прамысловая супраца, бо «Кітай падае відавочны сігнал, што ён гатовы працаваць з беларускім войскам наўпрост без расейскага пасярэдніка», беларуская актыўнасць у Афрыцы ў рэчышчы кітайскай палітыкі, у тым ліку актыўнасць «Гардсэрвісу», пытанні расейскага ціску і стасункаў з РФ і Украінай. Таксама палітолаг не выключае, што магла абмяркоўвацца пастаўка Менскам Кубе ракетных комплексаў «Паланэз», якія б маглі пагражаць ЗША, і спробы паляпшэння стасункаў Менску з Захадам на прыкладзе Венесуэлы ў абмен «на нібыта дэмакратызацыю».

Менск не паспявае выконваць планы

Паведамленне прэс-службы Лукашэнкі па выніках перамоваў 4 снежня з Сі намякаюць усё ж, што менавіта самаабвешчаны кіраўнік Беларусі напрошваўся на сустрэчу, бо, паводле яго ж, у кітайскага лідара «апошнім часам вельмі напружаны графік».

«Таму я Вам вельмі ўдзячны за гэтую сустрэчу, за аператыўнасць», – сказаў ён.

Пры гэтым Лукашэнка спрабаваў патлумачыць Сі, што адносна двухбаковых стасункаў няма «ніводнага пытання, у якім бы не было руху», адзінае пытанне – «гэта хуткасць». Паводле яго, «час настолькі спрасаваны», што Менск не паспявае за прызначанымі тэрмінамі, і гэтая спрасаванасць, маўляў, ад яго не залежыць.

Лукашэнка запэўніваў Сі, што з’яўляецца «надзейным партнёрам для Кітаю» і хваліў ягоныя ініцыятывы, якія вызначаюць ажно «адзіны лёс чалавецтва».

Старшыня КНР у сваю чаргу паабяцаў умацоўваць стратэгічнае ўзаемадзеянне з Менскам і пахваліў Лукашэнку за тое, што яму «ўдалося пераадолець уздзеянне розных негатыўных фактараў, захаваць сацыяльную гармонію і стабільнасць, ажыццявіць эканамічнае аднаўленне і рост, што заклала трывалую аснову для далейшага развіцця».

Перамовы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй КНР Сі Цзінь Пінам. 4 снежня 2023 года.
Фота: president.gov.by

Падрабязнасці сустрэчы паведаміла і кітайская «Сінь-Хўа». Паводле выдання, Сі адзначыў, што «за мінулы год яшчэ больш умацаваўся палітычны ўзаемны давер паміж дзвюма краінамі, а міжнародная супраца стала больш шчыльнай». Ён выступіў «супраць умяшання вонкавых сілаў ва ўнутраныя справы Беларусі» ды паабяцаў «працягваць умацоўваць стратэгічную супрацу», бо дзве краіны «зʼяўляюцца важнымі сіламі, якія ўдзельнічаюць у рэфармаванні і пабудове сістэмы глабальнага кіравання». Сі таксама адзначыў неабходнасць «палепшыць спрашчэнне трансгранічных перавозак і садзейнічаць эканамічнаму, гандлёваму і кадраваму абмену». Апроч таго, паведамляецца, што кіраўнікі дзвюх дзяржаў абмяняліся думкамі «па ўкраінскім крызісе і іншых пытаннях».

Пасля чатырохгадзіннай размовы Лукашэнкі і Сі адбылася таксама сустрэча першага віцэ-прэмʼера Мікалая Снапкова з віцэ-прэмʼерам Дзяржсавету КНР Лю Гачжунам, каб усе намеры і дамоўленасці «прызямліць, перавесці ў пэўныя праекты».

«Прыемна адзначыць, што ва ўзгодненых намі пытаннях дасягнутыя пазітыўныя зрухі», – сказаў кітайскі віцэ-прэмʼер.

Курс на васалізацыю

У каментары «Белсату» прэзідэнт грамадскай арганізацыі «Ліберальна-дэмакратычная ліга Украіны» Артур Харытонаў адзначыў, што візіт Лукашэнкі ў Пекін сведчыць пра тое, што «Кітай разбудоўвае сваю аўтакратычную сетку і глыбей інтэгруе Беларусь у гэтую сістэму».

«Пасля саміту ў Сан-Францыска, калі Байдэн сустрэўся з Сі і яны ўхвалілі пэўныя межы канкурэнцыі, гэтакі хісткі статус-кво, Кітай пачаў прымаць шматлікія расейскія дэлегацыі і анансаваў маштабныя інвестыцыі ў Расею. Фактычна пасля гэтага прыбыў Лукашэнка, які зʼяўляецца часткай з аднаго боку расейскага свету, а з другога боку хоча быць наўпроставым васалам Кітаю», – мяркуе ён.

Аналітыка
Байдэн перамовіў з «дыктатарам» Сі. Пра што (не) змаглі дамовіцца Кітай І ЗША
2023.11.17 19:29

Паводле яго, Расея сёння ўжо стала «другаснаю» для іншых аўтакратыяў, якія цяпер «ідуць наўпрост да Кітаю». Тады як сама РФ набліжаецца да васальнага статусу КНР.

На думку Харытонава, Кітаю можа быць цікавай таксама здольнасць Лукашэнкі наладжваць кантакты з іншымі дыктатарамі – яго роля «камунікатара ў восі зла і ў саюзе аўтакратыяў».

Таксама, заявіў суразмоўца, Пекіну цікавая вайсковая супраца з Менскам. Напрыклад, ён не выключыў размяшчэння вайсковай базы ў Беларусі на мяжы з Літвой, бо «Кітай неаднаразова пагражаў Літве як дзяржаве і напярэдадні расейскага поўнамаштабнага ўварвання казаў, па сутнасці, пра такія працэсы».

Харытонаў мяркуе, што для Кітаю нават цалкам утрыманне рэжыму ў Беларусі не з’яўляецца цяжкім.

«Кітай будзе ўтрымліваць кожную маргінальную дзяржаву на планеце, кожную аўтакратыю, спансаваць яе і фактычна інвеставаць у яе аўтакратычнае развіццё», – заявіў суразмоўца.

Ён адзначыў, што кітайская прапаганда ўжо «скіраваная на замацаванне рэжыму Лукашэнкі навечна ў Беларусі». «І пакуль Кітай будзе яго падсілкоўваць, цяжка ўявіць, што будуць нейкія змены», – адзначыў Харытонаў.

Паводле яго, для Кітаю недапушчальны выхад Беларусі з «саюзу зла», бо гэта азначае для КНР страціць вялікія тэрыторыі ў Цэнтральнай Еўропе.

Лукашэнка атрымае крэдыт?

У сваю чаргу тэлеграм-канал «Люстэрка ўлады» адзначыў «ліслівыя паводзіны Лукашэнкі падчас усяго мерапрыемства»:

«Усё гэта нам нагадала паводзіны гандлёвых агентаў перад дырэктарам сеткі крамаў: яны таксама шырока ўсміхаюцца, рэкламуюць свае тавары, маўляў, гэта не проста прадукты, а «НАВІНКІ», абавязкова паспрабуйце».

На думку аўтараў каналу, па выніках гэтай сустрэчы Беларусь можа атрымаць крэдыт, хоць у адрозненні ад РФ Кітай «не будзе так ужо ахвотна даваць грошы і забывацца на іх».

Макар Мыш belsat.eu