Цудоўнае і нават цікавае. Беларусь і Кітай разам здымуць кіно пра любоў «пры любым надвор'і»


Беларусь і Кітай 20 лістапада падпісалі пагадненне аб супольнай кінавытворчасці. Подпіс пад дакументам паставілі генеральны дырэктар «Беларусьфільму» Юрый Аляксей і прадзюсар Лэй Хань, перадае БелТА.

Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзінь Пін.
Фота: president.gov.by

Міністр культуры Анатоль Маркевіч заявіў пра выхад «на зусім новы ўзровень у кінематаграфіі».

«Гэта ўпершыню ў нашай гісторыі, калі мы працуем на супольным кірунку з нашымі кітайскімі партнёрамі, сябрамі», – заявіў міністр.

Паводле яго, сюжэт фільму будзе «цудоўным» і будзе адлюстроўваць «сяброўства нашых людзей, нашых краінаў, закладзенае кіраўнікамі дзвюх дзяржаваў».

«Дакладныя даручэнні былі сфармуляваныя ў дырэктыўным дакуменце, гэтае ігравое кіно будзе цікавым, пазітыўным і, вядома ж, будзе адлюстроўваць сённяшні дзень і, самае галоўнае, перспектывы нашай далейшай супрацы праз эмоцыі, пачуцці і праз канкрэтныя крокі, якія дазваляюць нам пераканацца, што мы абсалютна правільна працуем», – сказаў Маркевіч.

Канкрэтызаваць усе этапы фільму плануецца ў студзені ў Кітаі. Здымкі будуць праходзіць у «найпрыгажэйшых» мясцінах у Беларусі і Кітаі.

«І я ўпэўнены, што мы парадуем нашых гледачоў», – заявіў міністр.

Распавёў пра ўзнікненне ідэі стварэння фільму і амбасадар Кітаю ў Менску Се Сяў Юн:

«У пачатку сакавіка гэтага года прэзідэнт Лукашэнка здзейсніў паспяховы візіт у Кітай і там са старшынём Сі Цзінь Пінам падпісаў супольную заяву аб далейшым развіцці адносінаў і супрацы пры любым надвор’і паміж Кітаем і Беларуссю. Сённяшняя падзея, калі кітайскія і беларускія кінематаграфісты пастанавілі супольна стварыць кіно, – гэта канкрэтны крок у рэалізацыі пунктаў супольнай заявы».

Беларуска-кітайскі фільм будзе пра каханне паміж маладымі людзьмі. Да 20 студзеня будуць вызначаныя галоўныя ролі. Сцэнар фільму цяпер у працэсе дапрацоўвання, але ўжо вядома, што ў ім будзе шчаслівы канец, бо «яго лейтматывам ёсць каханне і сяброўства паміж нашымі народамі», расказала кінапрадзюсарка, дэпутатка Ўан Сяў Мэн.

Аб’ектыў
У Беларусі здымуць фільм пра Лукашэнку?
2023.10.09 22:47

У Беларусі таксама хочуць зняць стужку пра Лукашэнку – заявіў дырэктар «Беларусьфільму» ў размове з прапагандыстамі. Зняць кіно пра Лукашэнку прапаноўваюць, каб падлячыць ягоную псіхалагічную траўму ад падзеяў 2020 года, мяркуе кінааглядальнік Тарас Тарналіцкі. Але хто будзе глядзець гэты фільм, «акрамя самога Лукашэнкі, цалкам незразумела».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў