У Беларусі здымуць фільм пра Лукашэнку?


У Беларусі хочуць зняць стужку пра Лукашэнку – заявіў дырэктар «Беларусьфільму» ў размове з прапагандыстамі. Маўляў, прыйшоў адпаведны час. Рэжым Лукашэнкі ўсё больш актыўна выкарыстоўвае кіно ў мэтах прапаганды. Чаму ён узяўся за гэты від мастацтва? Ці ўдасца зрабіць з яго ідэалагічную зброю?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На «Беларусьфільме» разглядаюць ідэю зняць кіно пра Лукашэнку – вынікае з інтэрв’ю дырэктара кінастудыі Юрыя Аляксея. Задума не новая. Гэтак, у 2016-м у Казахстане выпусцілі фільм «Так склаліся зоркі» пра тагачаснага аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы Нурсултана Назарбаева. Ідэалагізаваныя фільмы айчыннай вытворчасці зʼявіліся і ў беларускім пракаце. Драма «На другім беразе» – як польскія ўлады крыўдзілі жыхароў Заходняй Беларусі. І «Ліст чакання» – як доктар хоча зʼехаць з Беларусі, а іншыя героі яго адгаворваюць. Неўзабаве можа зʼявіцца і кіно пра настаўнікаў. Пра гэта казалі на адукацыйнай нарадзе ў Лукашэнкі. Чаму рэжым так актыўна ўзяўся за кінематограф?

«Цяперашні трэнд, на маю думку, упісваецца ў рост запатрабаванасці прапаганды на ідэалагічнае апрацоўванне. Нельга яго разглядаць як асобную зʼяву ў кіно. Хутчэй, як частку працэсу, які адбываецца ў беларускім грамадстве, што скочваецца ў таталітарызм», – мяркуе кінарэжысёр Мара Тамковіч.

Паводле дзяржаўнага кінавідэапракату, фільм «На другім беразе» ў Менску абышоў паводле папулярнасці сусветных лідараў – «Барбі» і «Опэнгаймэра». Улады выкарысталі адміністрацыйны рэсурс – тлумачаць фенаменальны поспех незалежныя медыі.

Галоўны корпус Беларусьфільм.
Фота: wikipedia.org

«Калі мы будзем размаўляць пра запатрабаванасць у гледачоў, то ёсць адказ, чаму на гэтыя фільмы водзяць прымусова, квоты з дзяржаўных прадпрыемстваў. Бо яны не трапляюць у запатрабаванні гледачоў натуральным чынам», – кажа Мара Тамковіч.

Зняць кіно пра Лукашэнку прапаноўваюць, каб падлекаваць ягоную псіхалагічную траўму ад падзеяў 2020-га года, мяркуе кінааглядальнік Тарас Тарналіцкі.

«Хто будзе глядзець такое кіно, акрамя самога Лукашэнкі, цалкам незразумела. Яго потым, хутчэй, разбяруць на цытаты і інтэрнэт-мэмы, чым будуць сурʼёзна разбіраць ці глядзець», – кажа Тарас Тарналіцкі.

Хаця «Беларусьфільм» новыя карціны выпускае рэгулярна, Мінкульт у сваёй канцэпцыі нацыянальнай культурнай прасторы адзначаў залежнасць беларускага кінапракату ад заходняй прадукцыі.

«Тут трэба больш сучасны падыход, якога ў беларускага рэжыму няма праз адмоўную селекцыю, праз цэнзуру, пра якую яны ў гэтым рэпартажы размаўляюць. З гэтага можа атрымацца толькі добры фарс», – мяркуе Тарас Тарналіцкі.

Дырэктар «Беларусьфільму», аднак, застаецца верным, так бы мовіць, «генеральнай лініі».

Валянцін Васіленка, «Белсат»