Ад галівудскіх хітоў да класікі пад жывую музыку: якое кіно паказваюць у беларускіх кінатэатрах?


Галоўныя рэлізы лета, а то і года – фільмы «Барбі» і «Опэнгаймер» – пакажуць і ў беларускім кінапракаце. На паўтара-два месяца пазней за сусветныя прэм’еры, але без кінахітоў, якія па ўсім свеце вярнулі кінатэатрам гледачоў, беларусы не застануцца. Выглядае, што наш вялікі экран не так фатальна пацярпеў ад суагрэсіі рэжыму Лукашэнкі ў вайне, як гэта падавалася ў 2022-м, калі з рынка Расеі і Беларусі быццам бы сышлі галівудскія мэйджары. «Белсат» расказвае, з чаго сёння складаецца рэпертуар беларускіх кінатэатраў.

Буйныя галівудскія рэлізы. Усё яшчэ

Новы фільм пра Індыяну Джонса з Харысанам Фордам у галоўнай ролі, у стварэнні якога задзейнічаны першаразрадныя галівудскія кінакампаніі, ідзе ў беларускім кінапракаце проста цяпер. Пасля таго, як праз ваенную агрэсію супраць Украіны мэйджары быццам бы сышлі з расейскага і беларускага рынкаў, на пэўны час кінатэатры сапраўды «апусцелі». Але хутка на вялікім экране ўжо дэманстраваўся новы «Аватар» Джэймса Кэмерана. Паводле адной версіі, у Беларусі паказваюцца пірацкія копіі гучных рэлізаў, паводле другой – фільмы трапляюць на экран цалкам легальна праз фірмы-пасярэднікаў. Зрэшты, калі беларускі кінапракат афіцыйна забанены Галівудам, кіно можна лічыць пірацкім, як бы яно сюды не трапляла.

Меркаванні
Опэнгаймэр не служыць сістэме – ён яе знішчае
2023.07.31 14:28

У афішы на верасень – абсалютныя сусветныя хіты «Опэнгаймер» Крыстафера Нолана і «Барбі» Грэты Гэрвіг. На гэтых выходных з сусвету «Марвел» у пракат прыходзяць «Вартавыя Галактыкі», хутка плануецца паказ «Нястрымных 4» з Сільвестрам Сталонэ. Магчыма, гучныя прэм’еры трапляюць на вялікі экран не так хутка, як гэтага хацелася б, але беларусы ўсё яшчэ маюць магчымасць сачыць за кінанавінкамі, што абмяркоўваюцца па ўсім свеце.

76-ы Канскі кінафестываль, цырымонія адкрыцця і паказ фільму «Жанна дзю Бары». Каны, Францыя, 16 траўня 2023 г.
Фота: ERIC GAILLARD / Reuters / Forum

Фестывальнае кіно

Для кінааматараў пракат з яго арыентацыяй на прыбытковыя глядацкія карціны па-ранейшаму ўраўнаважваецца аўтарскімі фільмамі з найбуйнейшых міжнародных кінафестываляў. Зараз на вялікім экране паказваецца карціна «Жанна дзю Бары» з Джоні Дэпам і Майвэн у галоўных ролях, якая адкрывала сёлетнія Каны. Альбо ўладальніца дзвюх «Пальмавых галінаў» яшчэ мінулага Канскага кінафестывалю – стужка «Пасярэднікі» аднаго з галоўных сучасных карэйскіх рэжысёраў Хіракадзу Карэ-эды. З селекцыі зноў жа фэста ў Канах у пракаце ідзе французскі фільм «Толькі ты і я» Валеры Данзэлі.

Дыстрыб’ютары, якія працуюць з «фестывальным» сегментам кіно, не ірвалі ніякіх стасункаў з расейскім ці беларускім рынкам, таму прэм’ерам фільмаў з Кан, Венецыі ці Берліна фармальна нічога не перашкаджае адбывацца ў нашых кінатэатрах. Схема застаецца ранейшай: расейскія дыстрыб’ютары купляюць правы на паказ і рыхтуюць дубляж на расейскую мову, а падрыхтаваныя копіі прадаюць пракатчыкам у Беларусі. Проста цяпер ідзе Венецыянскі кінафестываль – імаверна, некаторыя фільмы з яго сёлетняй селекцыі будуць паказаныя на беларускім вялікім экране.

Еўрапейскае жанравае кіно

Тое самае з еўрапейскім жанравым кіно – баевікамі, камедыямі, трылерамі, драмамі, фэнтэзі, створанымі ў краінах Еўропы. Дыстрыб’ютары купляюць і прадаюць іх як раней. Дарэчы, калі б галівудскія рэлізы сапраўды зніклі з беларускага кінапракату, у еўрапейскага жанравага разам з фестывальным кіно былі б шансы заняць сабой утвораныя пустоты, а значыць, атрымаць больш гледачоў і паўплываць на густы беларускай публікі.

Зараз у пракаце ідзе нямецкі баевік «Гоншчыкі на драйве» з Цілем Швайгерам у галоўнай ролі альбо трылер брытанскага рэжысёра Гая Рычы «Перакладчык». Тут жа – біяграфічная драма капрадукцыі ЗША, Францыі і Велікабрытаніі «Быць Сальвадорам Далі» Мэры Хэран. Ёсць і менш заўважныя знаходкі, як нямецкі трылер «Падводны капкан» Максімільяна Эрленвайна. У гэтым месяцы ў пракат выйдзе брытанскі трылер «Голда. Судны дзень» з Хэлен Мірэн у галоўнай ролі ды італьянскае фэнтэзі «Першы дзень майго жыцця» Паола Джэнавезэ.

Сямейнае кіно і анімацыя

Разам з буйнымі галівудскімі рэлізамі стаўпом кінапракату, на якім трымаецца прыбытковасць, з’яўляецца «сямейнае» кіно і анімацыя, на якія прыходзяць адразу ўсёй сям’ёй, купляючы для кожнага попкорн і колу. Гэты сегмент у Беларусі закрываецца, напрыклад, гучнымі праектамі кшталту «Кот у ботах 2. Апошняе жаданне» ці «Чарапашкі-ніндзя. Пагром мутантаў». Абодва, можна меркаваць, паказваюцца тут у пірацкай копіі. Альбо кітайскім сямейным кіно – проста цяпер у пракаце ідзе «Панда з космасу», а хутка выйдзе мультфільм «Пернаты патруль». Тут жа багата расейскіх стужак.

Расейскае кіно

Расейскія фільмы – ваенныя драмы, своеасаблівыя камедыі ды фэнтэзі – заўсёды прыходзілі на беларускія экраны бесперашкодна, і сёння яны па-ранейшаму займаюць заўважную частку ў афішы кінатэатраў. Хутка ў пракат выйдуць «дачная» камедыя «Святы» ды меладрама «Я раблю крок». Проста цяпер шмат расейскіх фільмаў закрываюць акурат сегмент сямейнага кіно – гэта дзіцячыя фільмы «Баба Яга ратуе свет», «Дзяўчынка Ніна і выкрадальнікі піяніна» альбо мультфільм «Руслан і Людміла. Больш чым казка».

Рэканструкцыя кінатэатра «Перамога». Менск, Беларусь. 3 чэрвеня 2023 года.
Фота: Ірына Маліноўская / «Минск-Новости»

Беларускае кіно

Рэдкая і амаль выключна дзяржаўная птушка ў беларускім кінапракаце, але, па логіцы «канцэпцыі» культурніцкага імпартазамяшчэння, якая распрацоўваецца цяпер у міністэрстве культуры, такіх мусіць стаць больш (але не стане). 14 верасня на вялікі экран выйдзе карціна прапагандысцкага толку «На іншым беразе», дзе расказваецца пра «складаны час польскай акупацыі» у Заходняй Беларусі. Тым часам кінастудыя «Беларусьфільм» мае заданне рабіць яшчэ больш фільмаў, «накіраваных на патрыятычнае выхаванне насельніцтва», а значыць, будучыя беларускія фільмы ў пракаце будуць прыкладна такімі ж. Карціны «Беларусьфільма» «Купала» і «Прыгоды Пранціша Вырвіча» на вялікі экран так і не выйшлі, а абсалютная большасць сучаснага беларускага незалежнага кіно пры сённяшнім рэжыме быць паказанай не можа.

Вішанькі на торце

Паўнавартаснасць і разнастайнасць кінарэпертуара вызначаецца ў тым ліку рэтраспектыўнымі паказамі і нетыповымі ініцыятывамі. Такія ў Беларусі ёсць, пераважна ў Менску, але іх усё менш і менш. У сярэдзіне верасня тут будзе паказаны адзін з найвядомейшых карэйскіх фільмаў «Олдбой» Пака Чхан-Ука, прычым з субтытрамі, што ацэняць аматары аўтарскага кіно, якое лепш чуць у арыгінале. А ў «Цэнтральным» рыхтуецца паказ нямой чорна-белай стужкі легендарнага амерыканскага коміка Бастэра Кітана «Сем шансаў» пад жывое музычнае выкананне Дзяржаўнага камернага аркестра.

***

Беларускі кінапракат усё яшчэ мае, што прапанаваць гледачам з рознымі густамі. Галівудскія рэлізы выходзяць у пракат у пірацкіх копіях і са спазненнем, але іх можна паглядзець. Фестывальнае кіно для кінаманаў магло б быць больш разнастайным, але тое-сёе можна знайсці ў афішах. Сінефільскіх ініцыятываў, якія і раней прадзіраліся ў Беларусі праз церні да зораў, – сёння катастрафічна мала, але яны ўсё яшчэ ёсць.

Меркаванні
Фільм «Барбі» як нара ў поп-фемінізм
2023.07.31 14:31

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Стужка навінаў