Опэнгаймэр не служыць сістэме – ён яе знішчае

У час такой адчувальнай пагрозы ядравай вайны, як сёння, «Опэнгаймэр» глядзіцца, вядома, своеасабліва.

Скрыншот з трэйлеру фільму «Oppenheimer». Крыніца: Universal Pictures / YouTube

Як калі па ўласных катастрофах ты пракручваеш сваё жыццё назад і думаеш: а што, калі б у нейкі момант зрабіў іншы выбар? І ўрэшце разумееш, што ўсё ад пачатку да канца было няўхільна, але неяк бесталкова няўхільна. Толькі ў тэме «Опэнгаймэра» стаўкі вышэйшыя. У фільме ёсць сцэны, уяўныя, дзе па планеце распаўсюджваецца няспынны агонь ад ядравага выбуху – такі сабе неверагоднай жахлівасці і прыгажосці апакаліпсіс. Крыстафэр Ноўлан паставіў гэтую грандыёзнасць канца побач з бруднай, ліпкай, агіднай дзяржаўнай сістэмай. Пытанне, і дзе ў гэтых суадносінах геній Опэнгаймэр?

Я вельмі палюбіла гэты канец свету, які ў «Опэнгаймэры» не адбываецца, але візуалізуецца як тэарэтычная мажлівасць таго, што ад выбуху ядравай бомбы загарыцца атмасфера. Мне не шкада планеты – мне падабаецца ідэя таго, што чалавек настолькі магутны, каб яе знішчыць, што ён ёй роўнавялікі, што словы «Я стаў смерцю, знішчальнікам светаў» прамаўляюцца не Вішну, боствам з «Бгагават-гіты», а чалавекам.

«Сярод жывога няма нічога, што было б дастойна твайго спачування, і зямля не вартая твайго ўздыху», – як казаў Джакама Леапардзі. Ноўлан робіць чалавечы геній блізкім да боскага, толькі да яго падабрацца лягчэй. Твар Опэнгаймэра на буйных планах, дзе герой часта глядзіць як бы кудысьці ўніз (дзякуй рэжысёру, што галоўную ролю грае Кільян Мэрфі), заварожвае гэтаксама, як візуалізацыя ці то хімічных працэсаў, ці то касмічных сістэмаў, якія фізік, у адрозненне ад шмат каго з нас, здаецца, здольны спасцігнуць, а значыць, зноў жа, становіцца ім роўнавялікім.

Скрыншот з трэйлеру фільму «Oppenheimer». Крыніца: Universal Pictures / YouTube

Упівацца геніем даводзіцца нядоўга: хутка яго быццам бы пачынае зацямняць вялікая палітыка з яе інтарэсамі. Гэта было б парадаксальнае і нетрывіяльнае спалучэнне – Опэнгаймэр «знішчальнік свету» і Опэнгаймэр «маленькі чалавек» у кантэксце дзяржаўнай сістэмы. Усё ж большасць варыяцыяў на тэму прыгнечаных дзяржаваю персанажаў абмяжоўваюцца адносінамі ахвяра – сістэма. Але я не «купляю» матыў пра Опэнгаймэра як ахвяру, як інструмент у нечых руках, як пешку ў вялікай гульні, хаця дзяржава, вядома, тут монстрападобная і ўсюдыісная.

Я адразу падумала пра сваё – як нагадвае Беларусь. Імкненнем улады паставіць сябе на месца адзінага распараджальніка лёсаў, інтарэсы якога вышэйшыя за што заўгодна іншае. Гэта абавязкова мае на ўвазе патрабаванне лаяльнасці, што ў сваю чаргу мяркуе прыніжальныя дзеянні, каб гэтую лаяльнасць выбіць або за нелаяльнасць пакараць. У фільме, вядома, вядзецца пра іншую дзяржаўную сістэму ці нават дзяржаўную сістэму як такую, але яна тут гэтаксама агідная. З усімі, хто яе ўвасабляе – з прэзідэнтам Гэры Трумэнам у кароткім, але выразным выкананні Гэры Оўлдмэна, з помслівым і сябелюбівым Льюісам Штраўсам, амаль што Юдам, з ваенным кіраўніком «Мангэтанскага праекту» салдафонам Лэслі Гроўсам. З прадстаўнікамі службы бяспекі. З абалваненай публікай, якая пляскае ў далоні Опэнгаймэру пасля атамнага бамбардавання Хірасімы і Нагасакі, і Опэнгаймэр дакладна ведае, што сказаць, якому агрэсіўнаму тэзісу прапаганды падтакнуць, каб выклікаць яшчэ больш шалёныя авацыі.

Усё гэта так адштурхоўвае, што, здаецца, заслугоўвае таго, што Опэнгаймэр для іх стварыў. Паводле сюжэту сапраўды выглядае, што сістэма бярэ фізіка ў абарот. Эйнштайн у размове сам-насам падтрымлівае вобраз дзяржавы-эксплуататара, кажучы, што Опэнгаймэра будуць шанаваць і ўзнагароджваць, але ўсё гэта будзе рабіцца не для яго, а для «іх». Мне здаецца, геній перагуляў гэтых «іх». Ён не гуляў, але перагуляў, і мы разумеем гэта неяк падсвядома, урыўкамі фраз. Па сутнасці, у межах «Мангэтанскага праекту» Опэнгаймэр таксама выкарыстоўвае дзяржаву дзеля сваіх мэтаў. Два мільярды долараў, 130 тысяч чалавек, 30 абсталяваных пляцовак для даследаванняў аказаліся пад яго кіраўніцтвам – усё, каб рэалізаваць геніяльныя амбіцыі ды, як верыў фізік, спыніць войны.

Скрыншот з трэйлеру фільму «Oppenheimer». Крыніца: Universal Pictures / YouTube

Пасля таго, як стварэнне не спыніла войнаў, а замест гэтага здарыліся Хірасіма і Нагасакі, мы назіраем моташную і пакутлівую помсту сістэмы Опэнгаймэру за нелаяльнасць, за крытыку выкарыстання ядравай зброі, за сімпатыю камуністам. Зноў жа падаецца, што Опэнгаймэр робіцца ўсяго толькі «маленькім чалавекам» на тых разборках і судзілішчах, але ён не проста праходзіць праз працэдуры, на якія яго выклікаюць, а ўпісвае іх у свой уласны сцэнар – каб такім чынам, саступіўшы сістэме, зазнаўшы ганьбаванне, пакараць сябе за сваё стварэнне. Лічы, Ісус або, вядома, Праметэй – абодва «ўкрыжаваныя» ў якасці службы людзям ці за службу людзям.

Урэшце, ягонае стварэнне, а значыць, і сам Опэнгаймэр, можа перагуляць іх усіх – фізік даў сістэмам інструмент, з якім яны могуць знішчыць адна адну, а гледзячы на тое, як яго каралі за крытыку выкарыстання ядравай зброі, людзі не будуць моцна абачлівымі. Опэнгаймэру Ноўлана гэтая роля хіба падабаецца – гэта ён разбуральнік светаў, гэта ён распараджальнік лёсаў, гэта ён Праметэй, і пра інструмент для знішчэння свету ён кажа Эйнштайну, здаецца, са схаванай сатысфакцыяй.

Адзінае, незразумела, што нам усім рабіць у гэтых гульнях, дзе геній аддаў ядравую зброю нягеніям. Хіба спасылацца на Леапардзі. «Сярод жывога няма нічога, што заслугоўвала б твайго спачування, і зямля не вартая твайго ўздыху».

Меркаванні
Фільм «Барбі» як нара ў поп-фемінізм
2023.07.31 14:31

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў