Злоўжывалі людзі з Усходу, а цярпяць беларусы? Наступствы візавага скандалу ў Польшчы


Наступствам візавага скандалу ў Польшчы, калі замежнікі карысталіся студэнцкімі візамі для атрымання магчымасці працы, можа стаць стварэнне новых візавых бар’ераў для беларусаў. Такую думку ў размове з «Белсатам» выказаў каардынатар «Нашай візіі» Вадзім Мажэйка.

Вадзім Мажэйка.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Паводле аналітыка, хоць беларусы ў падобных скандалах не замяшаныя, яны «з усіх бакоў» цярпяць і робяцца крайнімі.

«Умоўна кажучы, нейкія людзі з Блізкага Усходу злоўжывалі студэнцкімі візамі, а трапляюць пад раздачу беларусы. І ў гэтым сэнсе, канешне, я разумею тых еўрапейскіх палітыкаў, якія вымушаныя кіравацца інтарэсамі свайго грамадства, якое насцярожана рэагуе на іміграцыю, але ў выніку маем сітуацыю вельмі непрыемную і для беларусаў цалкам несправядлівую», – заявіў Вадзім Мажэйка.

Ён нагадаў, што візавыя абмежаванні ўводзяцца ў дачыненні беларусаў у тым ліку для таго, каб не дапусціць агентаў спецслужбаў рэжымаў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Аднак, сказаў аналітык, у Еўропе хапае «сваіх гопнікаў, сваіх палітычных “ватнікаў”», якія супрацоўнічаюць з гэтымі спецслужбамі, як гэта было, напрыклад, у выпадку нападу на расейскага апазіцыянера Леаніда Волкава ў Вільні. Але іх дыскрымінаваць з прычыны палітычных рызык немагчыма, тады як беларусаў – магчыма.

«І ў выніку за рызыкі бяспекі пад праблемы трапляюць сотні тысяч простых беларусаў, якіх у выніку пачынаюць маральна судзіць за тое, як яны дапусцілі, што жывуць пры рэжыме Лукашэнкі, і пачынаюць практыкі калектыўнай адказнасці, якія немагчыма падтрымліваць з пункту гледжання адэкватнага ліберальнага погляду», – сказаў Мажэйка.

Чым небяспечная ізаляцыя

На думку аналітыка, візавая ізаляцыя беларусаў стварае дадатковыя праблемы для развіцця будучай дэмакратычнай Беларусі, бо «вельмі важна, каб у Беларусі было як мага болей Еўропы, як мага болей кантактаў на чалавечым узроўні – адукацыйных, культурных, любых». Мажэйка падкрэсліў, што беларусы зрабіліся закладнікамі палітыкі Пуціна і Лукашэнкі, развязанай імі вайны і тых адказаў, якія на іх дзеянні робяць палітыкі ў краінах Еўропы.

Пры гэтым найбольш цярпяць простыя беларусы, сваякі палітычных эмігрантаў ці былых палітвязняў, якія «вымушаныя стаяць дзясяткі гадзінаў у аўтобусе на мяжы», тады як багацейшыя прыхільнікі Лукашэнкі могуць паляцець у Еўропу самалётам праз Стамбул ці Дубай – «гэта проста пытанне пары тысячаў еўраў».

Сутыкаючыся з абмежаваннямі ў атрыманні візаў і наведванні краінаў Еўразвязу, беларусы пачынаюць звяртаць больш увагі на працу ў Расеі і турыстычныя паездкі ў гэтую краіну.

«Дзесяцігоддзямі беларусы былі першымі ў свеце паводле шэнгенскіх візаў. Безумоўна, гэта ўсё было ўнёскам у 2020 год і ў дэмакратычныя імкненні. А досвед паездак у Расею, Кітай, куды цяперака можна вылецець з Беларусі, вядзе ў паглыбленне ў зусім не той сацыяльны, палітычны, культурны кантэкст, які мы хочам для еўрапеізацыі Беларусі. Мы фактычна самі штурхаем беларусаў у пастку расейскай “soft power”», – заявіў Мажэйка.

Hавiны
Працяг візавага скандалу ў Польшчы: цяпер у полі зроку студэнты
2024.05.14 09:15

У Польшчы гісторыя з візавым скандалам атрымала працяг. Гэтым разам пад пільную ўвагу трапілі студэнты. Рэч у тым, што студэнцкія візы даюць права не толькі заставацца на тэрыторыі Еўразвязу для навучання, але і ўладкоўвацца на працу без адмысловага дазволу. Такім чынам, выходзіла, што плата за год навучання ў ВНУ была «ўваходным білетам» на рынак працы ў Еўразвязе.

Пры гэтым большасць атрымальнікаў студэнцкіх візаў так і не з’яўлялася на заняткі, хаця плата за навучанне ад іх прыходзіла. Гэтак, напрыклад, у Вышэйшай школе кіравання і адміністрацыі ў Аполі замежнікі складаюць 61 % ад усіх студэнтаў. Падобнай схемай у першую чаргу карысталіся студэнты з Азіі і Афрыкі.

Каб змагацца са злоўжываннямі, у Польшчы маюць намер увесці змены для ВНУ, якім цяпер трэба будзе правяраць, ці маюць абітурыенты атэстат аб сярэдняй адукацыі. А будучым студэнтам трэба будзе даказваць валоданне польскай або англійскай мовамі на спецыяльных сумоўях, якія будуць ладзіцца ў ВНУ.

Наступствы зменаў ужо закранулі беларусаў, апошнім часам паведамляецца пра ўзмацненне правяранняў. У прыватнасці, былі адзначаныя некалькі выпадкаў, калі беларускім студэнтам адмаўлялі ў атрыманні новых візаў, бо ўніверсітэты не пацвярджалі, што беларусы сапраўды там вучацца. Таксама сустракаліся выпадкі выдачы візаў на больш кароткі тэрмін – не на год, а на шэсць месяцаў.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў