Мігранты спрабавалі падпаліць пост польскіх памежнікаў і закідвалі патруль камянямі


На польска-беларускай мяжы 13 і 14 траўня адбыліся некалькі інцыдэнтаў, паведамляе Памежная ахова Польшчы.

13 траўня мігранты паспрабавалі падпаліць пост польскіх памежнікаў у зоне адказнасці заставы ў Чарэмшы.
Фота: strazgraniczna.pl

13 траўня мігранты паспрабавалі падпаліць пост польскіх памежнікаў у зоне адказнасці заставы ў Чарэмшы. Акрамя таго, замежнікі кідалі ў патруль камяні і палаючыя галіны дрэваў. Памежнікі перадухілілі ўзгаранне, а таксама перашкодзілі мігрантам незаконна перайсці мяжу. Паведамляецца, што пацярпелых няма.

14 траўня, паводле Памежнай аховы, агрэсіўна настроеныя людзі ў масках спрабавалі пашкодзіць палкамі польскі памежны знак з нацыянальнай сімволікай. Пасля ўмяшальніцтва польскага патруля, замежнікі ўцяклі ўглыб тэрыторыі Беларусі.

Hавiны
Прэм’ер Польшчы прыехаў на мяжу з Беларуссю: «Маем справу з гібрыднай вайной»
2024.05.11 12:42

Польская памежная ахова паведамляла, што 10 траўня з боку Беларусі незаконна перайсці мяжу спрабавалі больш за 140 чалавек.

9 траўня Аб’яднанне былых беларускіх сілавікоў «BYPOL» папярэдзіла: спецслужбы Аляксандра Лукашэнкі рыхтуюць масавы прарыў мігрантаў, да 700–800 чалавек, праз польскую мяжу.

Акрамя таго, у польскіх медыях з’явілася інфармацыя са спасылкай на Аляксандра Азарава аб тым, што беларускія і расейскія спецслужбы рыхтуюць буйную правакацыю на польскай мяжы з удзелам мігрантаў і перакідваюць у Еўразвяз пад выглядам мігрантаў завербаваных агентаў-чачэнцаў.

Агулам з 10 да 12 траўня на беларуска-польскай мяжы было зафіксавана 824 спробы нелегальнага пераходу.

Hавiны
«BYPOL»: Спецслужбы пад выглядам мігрантаў перакідваюць чачэнцаў у Еўразвяз
2024.05.14 16:18

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў ЕЗ пачаў развівацца ўвесну 2021-га і дасягнуў апагею ў лістападзе таго ж года, калі натоўп мігрантаў быў гатовы амаль штурмам узяць польскую мяжу. Пасля таго як Польшча адмовілася іх упускаць, тысячы грамадзянаў усходніх краінаў захраслі на беларускім баку мяжы. Бальшыня мігрантаў была з Іраку, куды яны паступова вярнуліся адмысловымі авіярэйсамі.

На працягу трох гадоў амаль штодня фіксуюцца спробы незаконна перайсці мяжу невялікімі групамі.

Польшча і Літва ўзвялі металічныя платы на мяжы з Беларуссю, каб перадухіліць міграцыйны крызіс, які Еўразвяз назваў гібрыднай агрэсіяй з боку ўладаў Беларусі. Афіцыйны Менск у сваю чаргу рэгулярна вінаваціць ЕЗ у жорсткасці да мігрантаў, якіх сумежныя краіны выцясняюць на беларускую тэрыторыю.

На мяжы з абодвух бакоў неаднаразова знаходзілі целы мігрантаў.

Аналітыка
Навошта Лукашэнку эскалацыя міграцыйнага крызісу на мяжы з Польшчай? Маем дзве версіі
2024.05.10 17:14

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў