Ад «катастрофы» да «нам ёсць чым ганарыцца». Беларусы паспрачаліся пра вынікі выбараў у Каардынацыйную раду


У выбарах у Каардынацыйную раду ўзялі ўдзел 6 723 асобы, і гэтая лічба спарадзіла багата меркаванняў пра тое, каго новаабраная структура будзе рэпрэзентаваць і якія наступствы будзе мець такая электаральная «актыўнасць» грамадзянаў. Ці насамрэч кампанія аказалася катастрафічнай?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Удзельнікі Вялікай палітычнай канферэнцыі па выбарах у Каардынацыйную раду трэцяга склікання. На здымку – Яўген Дудкін, Генадзь Манько, Юлія Сліўко, Роза Турарбекава, Аляксандр Азараў, Максім Шабуцкі, Лізавета Пракопчык. Варшава, Польшча. 19 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

«Гэтыя выбары, калі мы сыходзім з разумення таго, чым з’яўляюцца выбары, можна лічыць, не адбыліся. Дзейнасць на падставе такога выніку галасавання будзе з’яўляцца нелегітымнай, калі мы будзем сыходзіць з правілаў гульні, якія абрала Каардынацыйная рада», – катэгарычна заявіў «Белсату» сябра Беларускага нацыянальнага сакратарыята «Вольная Беларусь» Павел Усаў.

Ён наракае, што механізм фармавання Рады «быў фактычна напісаны на каленцы, без аналізу сітуацыі ўнутры дэмакратычнай супольнасці, без аналізу сітуацыі ў Беларусі».

«Не хапіла экспертнай магчымасці спрагназаваць такі вынік і сыходзіць з таго, што, калі будзе такі мінімальны вынік, а пра яго казалі яшчэ перад тым, як быў запушчаны працэс выбараў, то ў такіх умовах рэалізоўваць механізм выбараў – гэта самагубства, самадыскрэдытацыя, самазнішчэнне», – мяркуе Усаў.

Ён назваў вынікі кампаніі «катастрофаю для дэмакратычнай апазіцыі» і растлумачыў гэта расчараванасцю беларусаў і «слабасцю мабілізацыйнага патэнцыялу».

Выбары ў КР
Чаму за Каардынацыйную раду так мала прагаласавала? Тлумачыць Выбарчая камісія
2024.05.28 14:13

Вынікі выбараў у Каардынацыйную раду раскрытыкаваў і журналіст «Радыё Свабода» Дзмітрый Гурневіч:

«Ідэя з КР стала для апазіцыі вялікай паразай. “Прадаць” гісторыю, што прадстаўнічы орган дэмсілаў абралі жыхары ўмоўных Карэлічаў – немагчыма. Рабіць выгляд, што і гэта дасягненне – смешна. Апрача страху і апатыі, прычына і ў тым, што людзі проста не бачаць сэнсу ў гэтых бясконцых структурах, якія і так ні на што не ўплываюць».

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман канстатаваў, што выбарчая кампанія не выклікала цікавасці ў беларусаў.

«Без зразумелай мэты людзі не гатовыя выдаткаваць нават пары хвілінаў на галасаванне. Сэнс выбараў у КР не ўдалося растлумачыць не толькі бальшыні беларусаў, але і некаторым значным апазіцыйным і грамадзянскім ініцыятывам», – напісаў эксперт у артыкуле для выдання «Зеркало».

Пры гэтым Шрайбман адзначыў і станоўчыя вынікі: «Усе ўдзельнікі кампаніі – ад выбарнікаў да лідараў спісаў – атрымалі ўнікальны досвед рэальнага электаральнага працэсу, змагання за галасы людзей і рэфлексіі на тэму таго, каму гэты голас аддаць і чаму».

Старонка галасавання на выбарах
Старонка галасавання на выбарах у Каардынацыйную раду.
Фота: Белсат

Палітычны аглядальнік агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі ў сваім артыкуле звяртае ўвагу на галоўную інтрыгу: якія стасункі Каардынацыйная рада будзе мець з камандаю Святланы Ціханоўскай:

«З аднаго боку, Офісу Ціханоўскай не варта бранзавець. З іншага боку, як бы канкурэнцыя не пераўтварылася ў разбуральную для іміджу ўсіх дэмакратычных сілаў міжусобіцу. І праз гэта старая апазіцыя праходзіла. Высвятленне стасункаў у ейным лагеры выглядала бураю ў шклянцы вады, не цікавіла сярэднестатыстычнага беларуса».

Абраная прэзідэнтка плануе хуткім часам зладзіць сустрэчу з абранымі дэлегатамі. Пра гэта ідзецца ў каментары Святланы Ціханоўскай адмыслова для «Белсату».

«Каб змяніць сітуацыю ў Беларусі, каб вярнуцца дадому і вызваліць нашых блізкіх, нам патрэбныя намаганні кожнага. У бліжэйшы час я планую сустрэцца з абранымі дэлегатамі, каб абмеркаваць і арганізаваць супольную працу», – паведаміла лідарка.

Яна падзякавала ўсім, хто ўзяў удзел у кампаніі, – і кандыдатам, і выбарнікам, – нягледзячы на ціск і рэпрэсіі:

«Я спадзяюся, абноўленая Каардынацыйная рада стане пляцоўкай для ўзгаднення стратэгіяў, для дыскусіяў і кансультацыяў паміж рознымі актарамі дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці. І я радая, што людзі з рознымі поглядамі і пазіцыямі ўвайшлі ў яе склад. Хацелася б бачыць Каардынацыйную раду не пляцоўкай для высвятлення стасункаў – хаця, мабыць, гэтага не пазбегнуць – а эфектыўнай арганізацыяй для каардынацыі і супрацы».

Праз прэс-сакратара Ціханоўскай Ганну Красуліну «Белсат» спытаў пра тое, ці лічыць абраная прэзідэнтка правальнымі вынікі электаральнай кампаніі і ці можна назваць яўку прыстойнай, аднак адказаў на гэтыя пытанні не атрымаў.

Выбары ў КР
«Рэжым бачыць пагрозу сваёй злачыннай уладзе». Ціханоўская – пра выбары ў Каардынацыйную раду
2024.05.25 14:55

«Натуральна, такая невялікая яўка – гэта не тое, чым мы маглі б ганарыцца. Аднак мы разумеем прычыны, і сярод іх дакладна няма віны выбарнікаў», – заявіў «Белсату» кіраўнік НАУ, лідар спісу «Каманда Латушкі і Рух «За Свабоду» на выбарах у Раду Павел Латушка.

Ён падкрэсліў, што да слабой актыўнасці беларусаў прывялі не толькі рэпрэсіі ўнутры краіны, але і памылкі самых дэмакратычных сілаў:

«Розныя скандалы, учынкі, што дыскрэдытуюць, і правіны асобных прадстаўнікоў і прадстаўніц руху, гэта і “халасты год” кадэнцыі мінулага складу КР, які не дадаў органу даверу. Гэта і фактычная адсутнасць падтрымання выбараў з боку лідараў дэмакратычнага руху».

Палітык пры гэтым не лічыць вынікі галасавання правальнымі:

«Тысячы беларусаў і беларусак аддалі нам свае галасы, і мы будзем працаваць так, каб апраўдаць гэты давер. Мы аднолькава адказныя перад нашымі выбарнікамі – будзь іх сотні, тысячы, дзясяткі або сотні тысячаў».

Латушка ўпэўнены, што эфектыўная і рэальная праца Каардынацыйнай рады прыцягне ўвагу беларусаў, і наступным разам удзельнікаў галасавання паболее.

Выбары ў КР
Выбарчая камісія зняла спіс «Закон і правапарадак» Азарава з выбараў у КР
2024.05.24 11:03

«7 тысячаў галасоў – гэта ў 7 тысячаў разоў болей, чымся ў любога «выбарнага» органа рэжыму Лукашэнкі, бо пры ім няма і не можа быць аніякіх выбараў. Роўна настолькі цяперашняя КР больш легітымная за тую ж «палатку» Лукашэнкі», – падсумаваў Павел Латушка.

Ягоны спіс перамог на выбарах, набраўшы 2 358 галасоў і атрымаўшы 28 мандатаў. На другім месцы – «Блок Пракоп’ева-Ягорава» (1 050 галасоў і 13 мандатаў).

Адзін з лідараў гэтага спісу, Андрэй Ягораў, у размове з «Белсатам» прызнаў, што яўка атрымалася нізкая, аднак «гэта адлюстроўвае тую рэалістычную сітуацыю з колькасцю беларускага актыўнага палітыкума, які ўдзельнічае ў палітычным жыцці краіны і актыўна падтрымоўвае дэмакратычныя сілы Беларусі». А з улікам рэпрэсіяў унутры краіны і праблемаў з пашпартамі беларусаў у эміграцыі вынік дык і не благі. Ну і Ціханоўская вінаватая.

«Мы былі ў даволі напружаных умовах, частка палітычных сілаў актыўна не падтрымоўвала гэтыя выбары, на жаль, і Святлана Ціханоўская не вельмі актыўна падтрымоўвала, і гэта ўплывала на падыходы і рэакцыі грамадзянаў, некаторая частка папулярных суб’ектаў, як полк Каліноўскага, не ўдзельнічала», – адзначыў палітык.

Улзельнікі дэбатаў да выбараў у Каардынацыйную раду. Варшава, Польшча. 24 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Ягораў пры гэтым знайшоў нагоду ганарыцца, таму што беларусы «упершыню ў свеце зрабілі адкрытыя для ўсіх грамадзянаў, дзе б яны не знаходзіліся, дэмакратычныя выбары ў прадстаўнічы орган». Пагатоў і расейцы хвалілі нас у каментарах пад відэа блогера Максіма Каца.

«Калі мы паглядзім на вонкавую рэакцыю на выбары, пачытаем каментары пад тым, што зрабіў расейскі блогер Максім Кац, якога глядзяць шмат беларусаў, – у каментарах небеларусаў адзнаку выбарам ставяць вельмі высокую, то бок людзі бачаць у гэтым здаровую сітуацыю, дзе дэмакратычнае лідарства фармуецца праз дэмакратычныя працэдуры. Там бачаць унікальнасць гэтай падзеі, яны са спадзяваннем глядзяць на тое, што робіць беларуская апазіцыя, і захапляюцца ёю, лічаць гэта мадэллю для расейскай апазіцыі», – апавёў Ягораў.

Hавiны
Праз рассылку аб выбарах у КР Азарава пазбавілі доступу да плану «Перамога»
2024.05.22 14:42

Крытыку кампаніі ён звязаў з асаблівасцямі нацыянальнага характару:

«У нашым нацыянальным характары такі скептыцызм, крытыцызм. Мы не ў такім захапленні ад таго, што робім самыя, нават калі гэта даволі ўнікальная для свету рэч. Выбары онлайн для прадстаўнічага органа ў выгнанні – унікальная рэч, якую ніхто ніколі не рабіў ні з тэхнічнага, ні з палітычнага боку. У гэтым сэнсе нам усім ёсць чым ганарыцца».

Адначасова палітык прызнаў, што трэба нешта мяняць, «рабіць новае, рабіць незвычайнае», каб заахвоціць беларусаў да палітычнага жыцця:

«Калі праз прызму выбараў мы глядзім на сітуацыю ў дэмакратычнай супольнасці і на нашыя сілы, што мы маем сёння, натуральна, гэта вымагае перагляду стратэгіі. Сітуацыя з такім лікам выбарнікаў – вынік таго, што мы рабілі апошнія гады, калі дзейнасць дэмакратычных сілаў усё больш і больш замыкалася на традыцыйным наборы актыўнасцяў, вельмі нагадваючы тое, як дзейнічала беларуская апазіцыя да 2020 года».

Андрэй Ягораў, спікер Каардынацыйнай рады, выступае перад чальцамі Каардынацыйнай рады і журналістамі. Варшава, Польшча. 2 кастрычніка 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Ані катастрофы, ані правалу ў тым, як прайшлі выбары, не бачыць палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валерый Карбалевіч. «Проста няўдалы час выбралі дзеля правядзення кампаніі. Цікавасць людзей да палітыкі і да гэтага органа невялікая – гэта факт. Далей гэтага я б не рабіў ніякіх высноваў», – сказаў аналітык.

У размове з «Белсатам» ён вылучыў некалькі прычынаў нізкай яўкі, у тым ліку дэпалітызацыя беларускага грамадства і рэпрэсіі – гэта ў значнай ступені запужала людзей, хоць і былі заявы ад арганізатараў, што бяспека гарантаваная.

«Не вельмі зразумела, дзеля чаго рызыкаваць, не зразумелая роля і функцыі Каардынацыйнай рады ў гэтай канфігурацыі апазіцыйных структураў. Людзі ўнутры Беларусі лічаць, што гэта орган дыяспары, які ніяк не будзе ўплываць на ўнутрыпалітычнае жыццё самой Беларусі», – растлумачыў Карбалевіч.

Ён упэўнены, што калі б выбары зладзілі, як і планавалася, 25 лютага, калі ў Беларусі быў адзіны дзень галасавання, было б весялей: «Колькасць прагаласаваўшых была б у дзясяткі разоў болей, бо тая кампанія стварала дадатковую палітызацыю, і гэта быў бы кантраст, была б спроба альтэрнатывы».

Выбары ў КР
КДБ прызнаў усе выбарчыя спісы ў КР «экстрэмісцкімі фармаваннямі»
2024.05.16 17:37

«Натуральна, гэтую лічбу нельга назваць прыгожай, але гэта сумленная лічба!» – з захапленнем адзначыў гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман, каментуючы «Белсату» вынікі галасавання:

«Яны ж відавочна не спрабавалі там нешта палепшыць, зрабіць выгляд, што хаця б недзе там 20–30 тысячаў, каб пазбегнуць досыць непрыемнай дыскусіі. І ніхто не аспрэчвае вынікі. Ледзьве не першы раз у сучаснай беларускай гісторыі выбары прайшлі сумленна, без маніпуляцыяў і фальсіфікацыяў».

Гэтая кампанія была кшталту выбараў у парламент, а беларусаў такія выбары заўсёды мала цікавілі пасля прыходу Лукашэнкі да ўлады: «стэрыльная палата» сталася мэмам. «Выканаўчая ўлада зразумелая. Калі б абіралі кіраўніка Пераходнага кабінету, удзельнікаў было б больш», – мяркуе Фрыдман.

Ён падкрэсліў, што беларусы – людзі рацыянальныя і ўмеюць ацэньваць рызыкі:

«У сённяшніх умовах, калі ўсе людзі так ці інакш звязаныя з беларускім кантэкстам, рызыкуюць, калі ў Беларусі фактычна таталітарныя ўмовы, а ўсім, хто ўцягнуты ў гэты працэс, пагражаюць – пагражаюць родным, пагражаюць адабраць маёмасць, і ў такіх умовах людзі імкнуцца не мець з гэтым нічога супольнага і разважаюць: а што мне дасць гэтая Рада, у якой уплыў невялікі?»

Ігар Кулей і Анастасія Русецкая, вядоўцы дэбатаў да выбараў у Каардынацыйную раду. Варшава, Польшча. 24 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Фрыдман адзначыў досвед, што атрымалі як кандыдаты, гэтак і выбарнікі, і заўважыў: нейкай катастрофы не бачыць.

«Гэтыя лічбы праз пэўны час забудуцца. Зараз мы абмяркоўваем лічбы, і лукашэнкаўскія прапагандысты сканцэнтраваныя на лічбах, а цяпер давайце ўявім сітуацыю, што ў Беларусі адбыліся радыкальныя змены ў пазітыўным кірунку і што тыя структуры, якія зараз створаныя – і Офіс Ціханоўскай, і Пераходны кабінет, і Каардынацыйная рада, і самая Ціханоўская – вернуцца ў Беларусь. Калі там пачнуцца пераўтварэнні, будзе хаця б нейкі фундамент, ад якога можна будзе адштурхнуцца», – упэўнены суразмоўца «Белсату».

Аналітык мяркуе, што багата беларусаў не бачылі сэнсу ў галасаванні, бо не вераць, што дэлегаты выканаюць абяцанні, дадзеныя падчас агітацыі. Маўляў, словы пра візы, легалізацыю і перадухілення «жалезнай заслоны» прыгожыя, аднак якім чынам усяго гэтага дасягнуць?

«Людзей, якія сачылі за тым, што адбываецца і як яно адбываецца, было куды больш. Лічба непрыемная, ганарыцца няма чым, але Каардынацыйная рада існуе, выбары адбыліся, хай працуюць. Хай яны дакажуць цяпер, што тыя людзі, што так ставіліся да Рады, памыляліся», – падсумаваў Фрыдман.

Выбары ў КР
Дэбаты да выбараў у Каардынацыйную раду. Відэа і тэкставы пераказ
2024.05.24 20:50

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў