Ён яшчэ і паэт! Што Лукашэнка нагаварыў пра журналістаў, інфармацыйную вайну і свае вершы


Аляксандр Лукашэнка 28 траўня выступіў на Форуме медыйнай супольнасці Беларусі, на якім сабралі прадстаўнікоў праўладных медыяў. «Белсат» пераказвае найцікавейшае са стэнаграмы ягонага доўгага выступу.

Аляксандр Лукашэнка выступае на Форуме медыйнай супольнасці Беларусі. Магілёў, Беларусь. 28 траўня 2024 года.
Фота: president.gov.by

На форуме ў Магілёве Аляксандр Лукашэнка заклікаў медыі арыентавацца на чытанасць і прагляданасць, казаў пра інфармацыйныя войны і прапаганду, а таксама атрымаў статуэтку «Залатая літара». На заканчэнне наказаў «зрабіць усё, каб не разбурыць наш агульны дом» і «захаваць краіну для нашых дзяцей», выправіўся глядзець на палі Магілёўскай і Віцебскай вобласцяў.

У прыватнасці, Лукашэнка распавёў наступнае.

• Магчыма, пераблытаў дзяцінства з юнацтва. Распавядаў, што калі ўваходзіць у магілёўскі Палац культуры, узгадвае нават не маладосць, а дзяцінства: маўляў, тады сядзеў у залі і ўважліва назіраў за пленумамі абласных камітэтаў Камуністычнай партыі. Паводле афіцыйнай біяграфіі, дзяцінства ён правёў у вёсцы Александрыя Шклоўскага раёну, а ў Магілёве быў ужо студэнтам.

• Прызнаў, што вядзе інфармацыйную вайну. З наведнікамі форуму «мы працуем у адной звязцы», «адказнасць у нас адна на ўсіх: захаваць краіну і зберагчы мір». Казаў: «Вы глыбока разумееце тэму гібрыднай агрэсіі, якой мы супрацьстаім з таго моманту, як пачалі рабіць першыя суверэнныя крокі. […] З тых самых часоў, як толькі далі зразумець, што будзем праводзіць самастойную палітыку, мы жывем пад агнём сталай крытыкі, хлусні, абсурдных абвінавачванняў». Супрацоўнікаў праўладных медыяў назваў словамі «байцы, абаронцы, стратэгі, тактыкі», а інфармацыю – «рэсурс, тавар, зброя». Блогеры, выкладчыкі, ідэолагі, прэс-сакратары – таксама «ваяры». Супраць «беглых», адзначыў ён, «нашыя журналісты выдатна спрацавалі ў звязцы з праваахоўнымі органамі». На «інфармацыйным фронце» ён бачыць барацьбу, «цана якой – суверэнітэт Беларусі і нацыянальная годнасць».

Каментар
Не ведаюць хуткасці зубра. Пашпарт Новай Беларусі не змаглі падрабіць – і наўрад ці змогуць
2024.03.21 10:51

• Але «мы кажам праўду» (і прывёў у прыклад хлусню). Па словах Лукашэнкі, пасля 2020 года «мы дамовіліся рабіць стаўку на праўду», хоць такім чынам «канкураваць з дэструктыўнымі крыніцамі інфармацыі будзе цяжка. Як прыклад сваёй «праўды» ён прывёў штучна створаны ім міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з дзяржавамі Еўразвязу, у час якога беларуская прапаганда вінаваціць суседнія краіны ў смерцях мігрантаў на тэрыторыі Беларусі. Лукашэнка дадаў, што «жыццё навучыла беларусаў думаць крытычна і правяраць інфармацыю, перш чым рабіць высновы, ці прапускаць міма, калі праверыць нельга», і гэта «нашая перамога».

• «Не трэба саромецца» весці прапаганду. Лукашэнка заклікаў узмацніць прапаганду, контрпрапаганду і ідэалагічную працу, заклікаў «не саромецца гэтых паняткаў», бо яны ёсць на Захадзе, толькі іх, паводле Лукашэнкі, называюць словам «піяр». «А калі няма ў журналіста і ў цэлым у гэтым асяроддзі дзёрзкасці, гэта ўжо не журналістыка», – адзначыў ён. Лукашэнка абураўся кімсьці неназваным, хто «выходзіць на экран і лепіць там усё запар, выбачайце мяне за гэта слова, паносячы ўсё і ўся вакол, лічачы, што ты ўжо ва ўсім разабраўся». Калі яго перапыталі пра стаўленне да радыкальнага прапагандыста Грыгорыя Азаронка, Лукашэнка адказаў, што ягоную «смеласць і рэзкасць» ухваляе.

• Раздаў інструкцыі па цэнзуры і не толькі. Лукашэнка заклікаў не адмаўляцца ад заходняга кантэнту, але паставіць «ідэалагічны фільтр» – паказваць тое, што «адпавядае нашаму ладу жыцця, традыцыям, культуры, менталітэту». Таксама заклікаў «не замоўчваць праблемы» ў Беларусі, але асвятляць іх «без крытыканства і не згушчаўшы фарбаў». Ён наказаў сваім журналістам «быць актыўней у лічбавай сферы» – «вучыцца супрацьстаяць штучнаму інтэлекту ў пытаннях распазнання створаных ім фэйкаў», а таксама «змагацца з некаторымі рэчамі ў інтэрнэце, тыпу як сабраць бомбу і яе падарваць». Заклікаў зрабіць з рэгіянальных медыяў «кулак», які будзе «адносна незалежным», але кіраваным.

Агляд
Чортаў тузін справаў, «сенсацыйна раскрытых» Лукашэнкам
2023.03.09 13:48

• На Захадзе таксама журналістаў саджаюць! Лукашэнка заявіў: «Нас не трэба карміць рознага роду балбатнёй пра нібыта незалежныя СМІ, дэмакратычныя каштоўнасці. Мы ж бачым, як яны кідаюць у турмы сваіх журналістаў, закрываючы медыя і пераследуючы кожнага, хто асмеліўся не пагадзіцца з палітыкай і дзеяннямі ўладаў». Паводле яго, рыторыка «ангажаваных Захадам сучасных крыніц інфармацыі – сацсетак, тэлеграм-каналаў, разнастайных чатаў» не змянілася з часоў нацыстаў. Дзе на Захадзе «кідаюць у турмы сваіх журналістаў», ён не ўдакладніў, як і не згадаў, што за мінулы год Беларусь выйшла на трэцяе месца ў свеце (пасля Кітаю і М’янмы) паводле колькасці зняволеных журналістаў. Затое растлумачыў, што журналістаў у Беларусі садзяць не за меркаванні і пазіцыі, а «таму, што яны павялі сябе як здраднікі – пачалі ламаць і крышыць краіну».

• Казаў, што будзе гарачая вайна. «Інфармацыйная вайна – гэта прэлюдыя да гарачай фазы супрацьстаяння», – казаў Лукашэнка. Але запэўніваў, што вайну развязвае не ён, а Захад, які цісне рознымі шляхамі: «палітычным – праз прасоўванне антыбеларускай пазіцыі на міжнародным палітычным прававым полі; інфармацыйным – праз радыкалізацыю экстрэмісцкіх платформаў; эканамічным – праз раскрутку махавіка санкцыяў і прыняцце чарговых пакетаў; ваенным – праз спробы ўцягнуць Беларусь у ваенныя канфлікты». Гэтую вайну, дадаў ён, кантралююць не польскія ці літоўскія спецслужбы, а амерыканскія, якія «даюць грошы на зброю, узброеную барацьбу, на захоп хаця б шматка зямлі на тэрыторыі Беларусі – гэта ім трэба, амерыканцам перадусім, нават не еўрапейцам». Гэта ЗША навязваюць Еўропе вайну ва Украіне, а еўрапейцы кажуць, паводле Лукашэнкі, «Амерыканцам усё роўна. Гэта ў нас ідзе вайна. Мы не хочам». Раней Лукашэнка сам прызнаваў сябе суагрэсарам у нападзе на Украіну і казаў, што Беларусі санкцыі ідуць на карысць. Цяпер жа заявіў, што ён не агрэсар, «як яны там крычаць, асабліва ў Польшчы»: «Я вайны не хачу і раблю ўсё, каб яе не было».

Hавiны
«Там будуць дабрачынныя фонды, якія мы закрылі». Лукашэнка пракаментаваў інфармацыю пра новую рэзідэнцыю
2023.09.21 21:37

• Назваў рынкавую эканоміку міфам. Рынкавую эканоміку ў час распаду Савецкага Саюзу «навязалі спецыяльна» Злучаныя Штаты. Лукашэнка запэўніваў, што «ніякага свабоднага рынку, попыт-прапанова, няма і ніколі не было», бо рынак – гэта «хаос у эканоміцы». Долар быў толькі «прынадай», якую «мы заглынулі» – і доларам цяпер «душаць, падтрымліваюць, што хочуць, тое і робяць». Пра тое, як выглядаў СССР без рынкавай эканомікі, Лукашэнка не распавядаў. Да «Майдану» (Рэвалюцыі годнасці ва Украіне ў 2013–14 гадах), паводле Лукашэнкі, прывёў зусім не разварот тагачаснага прэзідэнта ад еўраінтэграцыі да Расеі, а тое, што «алігархі падзялілі, біцца пачалі». А вось Кітай «дасягнуў такіх вышынь у тым ліку дзякуючы таму, што не адмовіўся ад планавання» (а напраўду праз няўдалае планаванне аказаўся завалены эканамічнымі праблемамі). Лукашэнка таксама хваліў Японію за тое, што яна «штогод складае пяцьсот планаў, рэгулюе ўсё» – пры тым, што Японія лічыцца рынкавай, а не планавай эканомікай, і з пачатку 1990-х знаходзіцца ў стагнацыі.

• Распавёў, што пісаў вершы (але не зачытаў прыкладаў). Ён згадаў, што «насіў за 15 км свае вершы ў шклоўскую раёнку ў надзеі, што іх апублікуюць». Верыў у свае вершы: «Мне здавалася, што яны добрыя, дасканалыя». Не зачытаў прыкладаў: «Я спрабую іх знайсці зараз. Напэўна, недзе ўдома. Там сшытак мой захаваўся. Я захоўваў яго доўга. Пасля перастаў пісаць вершы. Сёння я б ужо не напісаў, як і музыкай не змог бы займацца. Цяпер і тэмаў дастаткова, і досвед дазваляе. А вершы не напісаў бы. Таму што галава забітая іншымі праблемамі». У сярэдзіне 1990-х Лукашэнка яшчэ займаўся музыкай: захавалася відэа, як ён спявае і грае на баяне. З таго часу ён не граў на публіцы, але яшчэ не раз спяваў, у тым ліку па-ўкраінску.

Разбор
Што рабіць, калі ў Беларусі пачнуць блакаваць VPN, і ці трэба хвалявацца ўжо цяпер
2024.02.12 06:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў