«BYPOL»: Спецслужбы пад выглядам мігрантаў перакідваюць чачэнцаў у Еўразвяз


У польскіх медыях з’явілася інфармацыя са спасылкай на Аляксандра Азарава аб тым, што беларускія і расейскія спецслужбы рыхтуюць буйную правакацыю на польскай мяжы з удзелам мігрантаў і перакідваюць у Еўразвяз пад выглядам мігрантаў завербаваных агентаў-чачэнцаў. «Белсат» папрасіў кіраўніка «BYPOL» пракаментаваць гэтую заяву.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты на беларуска-польскай мяжы.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

Аляксандр Азараў пацвердзіў у размове з «Белсатам», што спецслужбы рэжыму Лукашэнкі сапраўды найбліжэйшым часам плануюць на беларуска-польскай мяжы масавы прарыў мігрантаў. У атацы будзе браць удзел 700–800 чалавек. Гэтая інфармацыя ўжо мела пацвярджэнне, бо з 10 да 12 траўня на беларуска-польскай мяжы было зафіксавана 824 спробы нелегальнага пераходу.

Таксама Азараў падкрэсліў, што рызыка атак захоўваецца і надалей, прычым пасля апублікавання інфармацыі, верагодна, спецслужбы могуць пераразмеркаваць мігрантаў і ў іншых кірунках – не выключана, што і ў літоўскім ці латышскім.

Што датычыць звестак наконт укаранення агентаў-чачэнцаў у атрады мігрантаў, то Аляксандр Азараў адзначыў, што гэтая схема выкарыстоўвалася і раней.

«Міграцыйны крызіс заўсёды выкарыстоўваецца для адпраўкі [у Еўразвяз] агентуры расейскай і беларускай. А расейцы ў гэтыя групы ўкараняюць людзей, якія падобныя да мігрантаў, людзей з Каўказу. І мы ведаем, што ў большасці гэта людзі чачэнскай нацыянальнасці», – кажа Азараў.

На пытанне на ўдакладненне, ці гэта агенты спецслужбаў або баевікі з атрадаў Кадырава, Азараў адказаў, што не ведае дакладна, якое навучанне праходзяць такія асобы.

«Але калі з памежнікамі размаўляеш, яны гавораць так: калі расейская ФСБ перадае ім дзесяць мігрантаў для перапраўкі ў Еўразвяз, то гавораць, маўляў, вось гэты мігрант павінны стоадсоткава перайсці мяжу, а ўсе астатнія – без розніцы. Таму яны [спецслужбы] падбіраюць такіх, якія падобныя на саміх мігрантаў», – кажа Азараў.

Кіраўнік «BYPOL» таксама ўзгадаў, што яшчэ калі ён працаваў у 3-м аддзеле ГУБАЗіК, які займаўся барацьбой з міграцыяй, была вядомая такая схема: калі мігранты ехалі, то заўсёды з імі быў праваднік і адзін чачэнец. Была нават такая інфармацыя, што да прыезду мігрантаў у выведку адпраўлялі менавіта чачэнцаў, якія ляжалі ў лесе цягам аднаго-двух тыдняў і праводзілі выведку: адсочвалі, калі і дзе праходзяць патрулі. А ўжо потым з гэтай інфармацыяй вярталіся ў Маскву і дакладалі пра магчымасці перасячэння мяжы. Беларускія памежнікі тады знаходзілі абсталяваныя, як у снайпераў, лежні, дзе былі гэтыя выведнікі.

«Але гэта адбывалася тады, калі нашыя памежнікі яшчэ вартавалі мяжу. Цяпер жа яны самі іх [мігрантаў] праз мяжу піхаюць. Забаронена нават іх чапаць і затрымліваць на тэрыторыі Беларусі», – адзначае Аляксандр Азараў.

Нагадаем, што 9 траўня арганізацыя былых сілавікоў «BYPOL» выступіла з заявай аб тым, што на беларуска-польскай мяжы збіраюць мігрантаў. Для гэтага задзейнічаныя супрацоўнікі АМАП, якія ноччу дастаўляюць на мяжу мігрантаў на цывільных аўтамабілях. Людзей, якія прыбываюць на мяжу, дзеляць на групы з 25–30 чалавек. Пры гэтым супрацоўнікам АМАП строга забаронена «патрашыць» мігрантаў, таму што частку грошай за праход «Менск» ужо атрымаў. У кожнай групы нелегалаў ёсць старэйшы, ён і кантактуе са старэйшым змены Дзяржаўнага памежнага камітэту і АМАП, гаварылася ў заяве «BYPOL».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў