Менск ідзе на эскалацыю. Тысяча мігрантаў у суправаджэнні вайскоўцаў прыйшла на мяжу з Польшчай


У бок памежнага пераходу «Брузгі» / «Кузніца» прыйшло звыш тысячы людзей з заплечнікамі, іх кантралююць узброеныя людзі ў камуфляжы. Сілавікі скіравалі мігрантаў у лес, тыя пачалі спробы разбурыць плот.

Больш поўнае відэа тут

Відэа натоўпу сталі з’яўляцца ў сацыяльных сетках раніцай 8 лістапада. Кадры публікавалі «Беларусь за МКАДом», Zerkalo.io, «Наша ніва», блогеры «Nexta», Антон Матолька і іншыя.

Людзі ішлі проста па шашы М6. Іх суправаджалі ўзброеныя аўтаматамі байцы ў камуфляжы без апазнавальных знакаў.

У «Брузгах» паведамілі «Белсату», што на гарадзенскіх пунктах пропуску пешы пераход не дазволены. Пытання пра натоўп мігрантаў суразмоўца на пункце пропуску не зразумеў.

Былы памежнік тэрміновай службы расказаў «Белсату», што форма ўзброеных людзей не падобная да формы памежнікаў – гэта кантрактнікі. Суразмоўца адзначыў, што «раней за адным мігрантам па ўсім лесе бегалі, і часам нават верталёты далучалі».

Хроніка, менскі час

11:15. Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведаміў, што ведае аб натоўпе мігрантаў, а беларускі бок запэўнівае «бесперабойнае функцыянаванне каналаў міжнароднага спалучэння, а таксама бяспеку людзей, якія рухаюцца па аўтамагістралі».

Той самы Памежны камітэт закрыў пераход праз наземныя межы для беларусаў і замежных грамадзянаў акрамя выключных выпадкаў.

11:25. Калона пайшла не праз памежны пераход, павярнула ў лес.

12:00. Намеснік міністра замежных справаў Польшчы Пётр Ваўжык зазначыў у эфіры Польскага радыё, што беларускія ўлады імкнуцца да эскалацыі, якая прывядзе да смяротных ахвяраў з аднаго з бакоў, але Польшча гатовая да нападу. Прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын заявіў у Twitter, што «пачалася найбуйнейшая спроба гвалтоўнага ўварвання ў Польшчу».

12:05. На пераход «Брузгі» прыбылі байцы Унутраных войскаў Беларусі, аўтазакі і машыны з калючым дротам.

12:30. Беларускія памежнікі паведамілі расейскаму «РИА Новости», што ў групе на мяжы звыш тысячы мігрантаў, «шмат жанчын і дзяцей», «пагрозы яны пакуль не ўяўляюць».

12:40. Намеснік міністра ўнутраных справаў Польшчы Мацей Вонсік заявіў у Twitter, што сілы еўрапейскай службы «Frontex» на мяжы налічваюць 1300 чалавек, польскіх памежнікаў – 16 тысяч, ім дапамагаюць 10 тысяч вайскоўцаў і паліцыянтаў. Акрамя таго, «Frontex» выслаў у Літву кантынгент з 60 спецыялістаў. Так чыноўнік адказаў на паведамленне аб тым, што Польшча не падрыхтаваная да гэткага крызісу.

12:45. Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў пракаментаваў сітуацыю з калонай мігрантаў расейскаму «РИА Новости»: заявіў, што не сумняецца ў тым, што Менск прыме ўсе захады для ўтрымання сітуацыі з уцекачамі ў законным рэчышчы. Ён прасіў улічваць «магчымую занепакоенасць у сувязі з тым, што мігранты могуць перацякаць на нашую тэрыторыю». Ён усклаў «груз адказнасці» на плечы беларускіх уладаў.

12:55. А 13-й гадзіне паводле варшаўскага часу (15:00 паводле менскага) збярэцца крызісны штаб з удзелам міністраў польскага ўраду і прадстаўнікоў адпаведных сілавых службаў, паведаміў прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі. Ён таксама напісаў: «Мяжа Польскай дзяржавы – гэта не толькі лінія на мапе. Гэтая мяжа – святыня, за якую пралівалі кроў пакаленні палякаў».

13:10. Дзяржаўны беларускі тэлеканал ОНТ заявіў, што мігранты пачалі пераходзіць польскую мяжу. На відэа за плот зайшлі таксама людзі ў камуфляжнай форме. Блогер Антон Матолька сцвярджае, што відэа пастановачнае і знятае на тэрыторыі Беларусі, а не на мяжы.

13:15. Міністр абароны Польшчы Мар’юш Блашчак паведаміў, што на мяжы ўжо звыш 12 тысячаў вайскоўцаў, падвышаны стан гатовасці Тэрытарыяльнай абароны.

14:05. Лідар польскай апазіцыйнай партыі «Грамадзянская платформа» Дональд Туск прапанаваў падумаць, «ці не прыйшоў час пачаць рэалізацыю артыкулу 4 NATO». Гэта артыкул Паўночнаатлантычнай дамовы, які прадугледжвае супольныя кансультацыі чальцоў NATO, калі адзін з іх адчувае пагрозу тэрытарыяльнай цэласнасці, палітычнай незалежнасці ці бяспецы.

14:15. Міністэрства ўнутраных справаў Літвы прапанавала Кабінету Міністраў увесці надзвычайнае становішча на мяжы з Беларуссю на фоне крызісу пад «Брузгамі».

14:20. Прадстаўнікі транспартных кампаніяў «Ecolines» і «Bialystok Ekspres Ltd.» заявілі «Белсату», што рэйсы праз мяжу па-ранейшаму плануюцца, у тым ліку маршрутам Горадня – Беласток, праз «Брузгі». Зменаў у раскладзе пакуль няма.

14:25. Расейскае «РИА Новости» сцвярджае, што польскія памежнікі заявілі ім, быццам на мяжу з Беларусі ідуць ужо некалькі тысяч мігрантаў.

14:35. Блогер «Nexta» знайшоў відэа, на якім мігрант 6 лістапада заклікае сабрацца ў паход на польскую мяжу. Паводле «Nexta», раніцай 7 лістапада быў створаны каардынацыйны чат у Telegram, дзе мігранты абвесцілі пункт збору каля «Брузгаў», яны меліся перайсці мяжу праз прапускны пункт, каб прасіць палякаў пусціць іх у Польшчу. Таксама пра тое, што мігранты самі вырашылі сабрацца, расказаў «Еўрарадыё» кіраўнік іранскай групы дапамогі мігрантам Махамед Газізадэ. Тым часам «Наша ніва» задаецца пытаннямі: як тысячы мігрантаў удалося сінхронна дабрацца да мяжы і хто арганізаваў калону, а таксама як гэта «не заўважылі» беларускія сілавікі?

15:10. Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы заявіла, што польскія памежнікі перадухілілі спробу мігрантаў прабіцца ў Польшчу на поўдні ад «Кузніцы». На відэа бачна, што мігранты спрабуюць разбурыць плот, кідаюць у польскіх памежнікаў розныя прадметы, памежнікі ўжываюць слезацечны газ.

15:40. Былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шэрэпка выказаў прапанову цалкам закрыць мяжу з Беларуссю, бо хоць гэта і будзе сур’ёзным ударам па эканоміцы, але застаецца адзіным спосабам прымусіць Лукашэнку змяніць сваю палітыку.

16:35. Прадстаўнік службы вонкавых сувязяў Пэтэр Стана заявіў на прэс-канферэнцыі, што на польска-беларускай і літоўска-беларускай мяжы працягваюцца спробы Лукашэнкі дэстабілізаваць Еўразвяз. Ён адзначыў, што Еўразвяз выбраў да беларускага рэжыму паступовы падыход, каб процістаяць інструменталізацыі мігрантаў і рэпрэсіям Беларусі супраць сваіх уласных грамадзянаў – гэта ўключае і санкцыі, і адаптацыю да новых пагрозаў. Перамовы трываюць не толькі аб узмацненні санкцыяў (іх немагчыма паскорыць праз фіксаваную працэдуру, але тэрміновасць пытання ў Еўразвязе разумеюць). Ідуць перамовы і з краінамі, адкуль паходзяць мігранты, і з краінамі транзіту.

17:10. Паводле прэс-сакратаркі Падляскага атраду Памежнай аховы Катажыны Здановіч, групы мігрантаў перасоўваюцца не толькі ў раёне Кузніцы. Яна расказала «Белсату», што некалькі дзясяткаў мігрантаў былі заўважаныя у ваколіцах вёскі Полаўцы. Большасць – маладыя мужчыны, якія крыкамі заклікаюць да штурму. Колькасць мігрантаў, магчыма, сягае некалькіх тысячаў. Пакуль невядома пра ўдалыя выпадкі сілавога прарыву мігрантаў. Таксама не было мігрантаў, якія прыйшлі ў пункт пропуску і падалі дакументы на міжнародную абарону.

17:50. Сітуацыя на мяжы застаецца напружанай. Гэта прызнае і беларускі Памежны камітэт. Ды беларускі бок заяўляе, што агрэсіўных дзеянняў мігрантаў не назіралася, а Польшча скарыстала авіяцыю «для псіхалагічнага ціску». Беларускі бок адзначае і ўжыванне слезацечнага газу, не згадваючы акалічнасці таго ўжывання – але фармулюе паведамленне так, нібы плот пачалі ламаць толькі пасля ўжывання слезацечнага газу.

18:05. Намеснік міністра ўнутраных справаў Польшчы Мацей Вонсік піша ў Twitter: «У гэты момант пад Кузьніцай ідзе чарговы бой. Памежная ахова, паліцыя і Войска Польскае абараняюць нашую мяжу ад нападу мігрантаў, натхнёных і падрыхтаваных Лукашэнкам. Памятайце, польскія службы абараняюць нас, але ім патрэбная нашая падтрымка! Не шкадуйце яе для іх!».

18:30. Мігранты ставяць вялікае намётавае мястэчка проста пад плотам на мяжы.

Яшчэ відэа

Hавiны
«Ідзіце ў Польшчу!» Мігранты распавялі, як іх збівалі беларускія памежнікі
2021.11.06 14:41

АА belsat.eu

Стужка навінаў