Беларусь апусцілася яшчэ ніжэй у «Індэксе свабоды прэсы». Горш толькі ў 13 краінах


Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» апублікавала чарговы «Індэкс свабоды прэсы». Беларусь у ім на 167-м месцы са 180 – на 10 пазіцыяў ніжэй, чымся летась.

Индекс свободы прессы 2024
«Індэкс свабоды прэсы» арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» на мапе. 2024 год.
Скрыншот: Rsf.org

У «Індэксе свабоды прэсы» 2024 года Беларусь паставілі паміж Саудаўскай Аравіяй і Кубай. Свабоды прэсы ў Беларусі знайшлі менш, чымся ў такіх краінах, як Бангладэш, Азербайджан, Нікарагуа і Расея. І сітуацыя пагоршылася: летась Беларусь займала 157-ае месца і тады лічылася крыху больш свабоднаю за Расею, цяпер жа апусцілася адразу на 10 пазіцыяў.

Як адзначаюць складальнікі рэйтынгу, у Беларусі ўлады пераследуюць журналістаў пад цэтлікам «экстрэмізму» і супернічаюць з Расеяй у размаху неабгрунтаваных рэпрэсіяў супраць сродкаў масавай інфармацыі.

Але апускацца яшчэ ёсць куды. Ніжэй за Беларусь у рэйтынгу-2024 – Куба, Ірак, Егіпет, М’янма, Кітай, Бахрэйн, В’етнам, Туркменістан, Іран, Паўночная Карэя, Афганістан, Сірыя і Эрытрэя. Дый Беларусь могуць абагнаць: у рэйтынгу-2024 Азербайджан апусціўся на 13 пазіцыяў і займае 164-ае месца.

На 26 пазіцыяў за год апусціўся Нігер, на 26 – Аргентына, Афганістан і Грузія, на 19 – Нігер, на 12 – Славаччына. Але ўсе яны яшчэ далёкія ад канца рэйтынгу. Усе акрамя Грузіі – яшчэ ў першай сотні, Грузія ж – на 103-м месцы са 180.

«У глабальным маштабе відавочна адно: свабода прэсы застаецца пад пагрозаю з боку тых жа асобаў, якія маюць быць яе гарантамі, палітычных уладаў, – пішуць «Рэпарцёры без межаў». – З пяці паказнікаў, з якіх складаецца рэйтынг краіны, менавіта палітычны наймацней зніжаецца ў індэксе за 2024 год – на 7,6 пункта».

Нават Нарвегія, якая заняла першае месца, як адзначаюць «Рэпарцёры без межаў», знізіла палітычны паказнік. Наймацней, на 44 месцы за год, палітычны паказнік упаў у Афганістане, дзе ўладу захапілі тэрарысты-талібы. Да перавароту Афганістан у агульным рэйтынгу нават абганяў Беларусь на пяць пазіцыяў.

Складальнікі рэйтынгу адзначаюць нечаканы рост Украіны, якая за год паднялася на 18 пазіцыяў і займае 61-ае месца, нягледзячы на поўнамаштабную вайну. Гэта адбылося дзякуючы паляпшэнню паказнікаў бяспекі (зменшылася колькасць забітых журналістаў) і палітычных паказнікаў (зменшылася ўмяшанне ўладаў у дзейнасць прэсы).

Расея ж паднялася ў рэйтынгу на дзве пазіцыі: са 164-га месца на 162-ое. але, як адзначаюць «Рэпарцёры без межаў», гэта «выклікана пагаршэннем сітуацыі ў іншых краінах і крые за сабою падзенне агульнага бала».

Hавiны
Статус тэрарыстаў і амаль 90 гадоў пакарання: рэпрэсіі супраць беларускіх журналістаў за год
2023.12.28 11:03

У Беларусі на момант публікацыі за кратамі не менш за 35 супрацоўнікаў медыяў – столькі налічыла Беларуская асацыяцыя журналістаў. Гэты спіс можа быць няпоўным: родныя шэрагу палітычных вязняў баяцца мець стасункі з журналістамі і праваабаронцамі.

Акрамя таго, доўгі спіс выданняў названы «экстрэмісцкімі фармаваннямі», а іх сайты і старонкі ў сацыяльных сетках – «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Сілавікі караюць некаторых беларусаў нават за каментары незалежным выданням і падабайкі пад допісамі са спасылкамі на «экстрэмістаў». Часам выходзіць нават «агонь па сваіх».

Агляд
Што ў Беларусі «экстрэмізм»: глядзім на дзівосы спісаў «матэрыялаў» і «фармаванняў»
2023.08.26 13:16

Алесь Наваборскі / АБ belsat.eu

Стужка навінаў