Уцекачы з Іраку пра міграцыю праз Беларусь: «Вам нас не зразумець»


Журналіст «Белсату» Сяргей Падсасонны цягам гэтага тыдня працуе ў Іраку, дзе збірае звесткі пра міграцыю праз Беларусь. Сёння здымачная група пабывала ў лагеры ўцекачоў Дарашакран на поўначы Іраку, дзе цяпер пражывае амаль 12 тысяч асобаў. У асноўным гэта грамадзяне Сірыі, якія ўцякаюць ад вайны ў сваёй краіне. Акрамя гэтага Сяргею Падсасоннаму ўдалося паразмаўляць з чалавекам, якія арганізоўвае нелегальную міграцыю.

Гледзячы на сталіцу Іракскага Курдыстану – горад Эрбіль, складана зразумець, чаму мясцовыя жыхары мараць пакінуць краіну. Але самыя жыхары Іраку гавораць так:

«Вам нас не зразумець. Вы бачыце толькі нейкія багатыя вуліцы, крамы, рэстарацыі, і вам здаецца, што ў нас тут усё стабільна і добра. Насамрэч усё не так», – перадае словы мясцовых жыхароў журналіст Сяргей Падсасонны.

Жыхары Курдыстану прапанавалі нашай здымачнай групе выехаць па-за межы сталіцы, у іншыя месцы краіны. І таму сёння журналісты выправіліся ў лагер для ўцекачоў Дарашакран. Гэта месца, дзе прыбываюць сірыйскія ўцекачы. На дадзены момант – гэта 11600 чалавек. З некаторымі з іх удалося паразмаўляць.

«Людзі гавораць пра тое, што яны з гэтага лагеру таксама ўцякаюць, таксама карыстаюцца паслугамі нелегальных кантрабандыстаў-перапраўшчыкаў, прадаюць сваю маёмасць у тых месцах, адкуль яны ўцяклі, і спрабуюць выехаць адсюль. Бо яны надалей не пачуваюцца тут спакойна. Кажуць, што так, ёсць тыя рэгіёны, дзе наўпроставых баявых дзеянняў няма, але пагроза гэтых дзеянняў і памяць пра гэтыя дзеянні ўсцяж застаецца».

Лагер уцекачоў Дарашакран на поўначы Іраку.
Фота: Белсат

Уцекачы кажуць, што шмат іх блізкіх жыве ў Нямеччыне, і яны таксама туды хочуць перабрацца. Выбар краіны для міграцыі сірыйцы тлумачаць наступным чынам:

«Там ёсць праграма рэсацыялізацыі, калі плацяць за жытло, калі табе, пакуль ты вучыш мову, плацяць дапамогу, і гэта ўсё прыцягвае іх туды. А таксама там няма пагрозы вайсковых дзеянняў, няма, як яны кажуць, карупцыі, няма тых праблемаў беспрацоўя, з якімі яны тут сутыкаюцца».

Нягледзячы на цяжкія лёсы мігрантаў, усё адно знаходзяцца людзі, якія гатовыя зарабляць на іхнай трагедыі. Гэта так званыя кантрабандысты, якія займаюцца перапраўкай а, па сутнасці, гандлююць жывым таварам, перакідваючы людзей у ЕЗ. З адным з такіх кантрабандыстаў удалося паразмаўляць журналісту «Белсату» Сяргею Падсасоннаму.

«Літаральна перад эфірам адбылася сустрэча з кантрабандыстам. На гэтай сустрэчы мы запісалі інтэрв’ю, у якім гэты чалавек нам распавёў усе падрабязнасці маршруту, назваў тых, хто адказваў у Беларусі за гэты шлях, як гэта выглядала, якія сумы атрымліваў ён, хто ў Беларусі атрымліваў якія сумы. Мы гэтае інтэрв’ю абавязкова падрыхтуем і ўжо ў гэтую нядзелю, спадзяюся, яго пакажам у выніковым выданні праграмы «Тыдзень».

Hавiны
Некаторыя спрабавалі трапіць у ЕЗ праз Беларусь. Як жывуць сірыйскія ўцекачы ў Іраку
2021.12.08 16:38

ВК belsat

Стужка навінаў