«BYPOL» распавёў, з якой мэтай быў завербаваны польскі суддзя Шмыт. І чаму ўцёк у Беларусь


Польскі суддзя Томаш Шмыт, які ўцёк у Беларусь у пачатку траўня, быў даўно завербаваны беларускімі спецслужбамі. Пра гэта са спасылкаю на свае крыніцы паведамляе арганізацыя «BYPOL».

Польскі суддзя Томаш Шмыт, які папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі. 6 траўня 2024 года. Менск, Беларусь.
Фота: БелТА

Паводле арганізацыі, Томаш Шмыт быў загадзя завербаваны спецслужбамі Аляксандра Лукашэнкі, для сустрэчы са сваімі куратарамі ён і наведваў Беларусь у 2023 годзе.

«Ягонае вербаванне стала значнай падзеяй у гісторыі беларускіх спецслужбаў, да ведама быў пастаўлены сам дыктатар Лукашэнка», – адзначаюць у «BYPOL».

Як паведамляецца, у задачы суддзі ўваходзіў збор канфідэнцыйнай і сакрэтнай інфармацыі ўнутры Польшчы ў інтарэсах беларускіх спецслужбаў, а таксама дэстабілізацыя польскай сферы правасуддзя, паслабленне пазіцыі надзейнасці Польшчы ў вачах заходніх саюзнікаў у Еўрапейскім Звязе.

«Аднак у нейкі момант Шмыт спалохаўся выкрыцця і вырашыў уцячы. Без узгаднення са сваімі куратарамі ён прыехаў у Менск, чым вельмі іх раззлаваў. У сувязі з тым, што назад Шмыта адправіць было нельга было прынятае рашэнне зрабіць з гэтай падзеі інфармацыйную нагоду. Пасля чаго Шмыт стаў героем прапагандысцкіх эфіраў беларускіх дзяржаўных медыяў», – заявілі ў арганізацыі.

Цяпер з суддзёй шчыльна працуюць расейскія спецслужбы.

Агляд
Гарэлка, тролінг, шопінг, адпачынак. Чым уцеклы польскі суддзя Шмыт займаецца ў Беларусі
2024.05.15 17:08

Польскі суддзя Шмыт 6 траўня абвесціў, што ўцёк у Беларусь і папрасіў палітычнага прытулку. Варшаўскі суд 15 траўня выдаў рашэнне аб завочным арышце Шмыта. Паседжанне праходзіла ў закрытым рэжыме, таму дэталяў паведамляюць няшмат. Раней у Польшчы ў дачыненні Шмыта распачалі справу аб удзеле ў шпіянажы і дзейнасці замежнай выведкі.

Шмыт не збіраецца вяртацца ў Польшчу, застаецца ў Беларусі, дзе Лукашэнка абяцае  яму абарону і нават ахову, хоць і не даў яшчэ статусу ўцекача.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў