Аляксандр Лукашэнка – Сі Цзінь Піну: Мы не звярнулі ні ўправа, ні ўлева


4 снежня Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзінь Пінам. Размова трывала ўтрая даўжэй за запланаваны час, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Сі Цзінь Пін і Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы ў Пекіне. 4 снежня 2023 года.
Фота: БелТА

Падчас сустрэчы Аляксандр Лукашэнка вельмі дзякаваў кітайскаму лідару за сустрэчу, якую той правёў, не зважаючы на «напружаны графік».

Лукашэнка адзначыў, што сяброўства Беларусі з Кітаем доўжыцца ўжо 30 гадоў, і на гэтым шляху Беларусь ні разу не звярнула «ні ўлева, ні ўправа»: «Беларусь была, ёсць і будзе надзейным партнёрам для Кітаю».

Была згаданая і сустрэча з лідарам КНР 1 сакавіка 2023 года – «лёсавызначальная», паводле Лукашэнкі, бо задала дынаміку на ўвесь год:

«З сакавіка арганізаваныя больш за 120 узаемных візітаў. Гэта розныя візіты. І больш за ўсё, што радуе, – гэта візіты, звязаныя з вытворчасцю, гандлёва-эканамічнымі стасункамі».

Адзінае пытанне, якое турбуе кіраўніка Беларусі найбольш, – гэта хуткасць рэалізацыі праектаў паміж дзвюма краінамі:

«Калі я рыхтаваўся да гэтага візіту і сваіх калег дапытваў, што трэба зрабіць, што не рухаецца, каб сказаць старшыні пра гэта, мы не знайшлі ніводнага пытання, у якім бы не было руху. Адзінае пытанне, якое я хацеў бы з вамі абмеркаваць сёння, – гэта хуткасць. Час настолькі спрэсаваны. І ад нас – можа, на шчасце, можа, на жаль – гэтая спрэсаванасць не залежыць. Ён настолькі спрэсаваны, што мы часам адстаём, не паспяваем. Гэта не толькі Кітай, Беларусь… Усюды так адбываецца ў свеце. І той, хто першы прыйдзе да сваёй мэты, той і будзе на вяршыні».

Падчас сустрэчы Лукашэнка рабіў шмат кампліментаў у адрас палітыкі Кітаю, асабліва адзначыўшы канцэпцыю «Пояс і шлях»:

«Я даўно для сябе зрабіў выснову, што «Пояс і шлях» – гэта, як вы сказалі, ужо не канцэпцыя сёння. Гэта ўжо практыка. Рэалізаваная. І ніхто сёння з гэтым не можа спрачацца, і ніхто не можа знайсці нават дробязі, каб паддаць крытыцы. Самае галоўнае, што мэтаю вы вызначылі адзіны лёс чалавецтва. У адрозненне ад заходніх краінаў, якія спрабуюць рассекчы ўсё на часткі, вы паставілі адзіную мэту для ўсіх. Хто можа спрачацца з гэтым? Ніхто. Мір будзе за гэта ўдзячны вялікаму Кітаю».

Лукашэнка падчас звароту да Сі Цзінь Піна адзначыў, што Кітай і Беларусь маюць «адзінства ідэалогіяў»:

«Развіццё ўсебаковай і ўсепагоднай стратэгічнай супрацы Беларусі і Кітаю вызначанае адзінствам нашых ідэалогіяў ды самою логікаю сусветных падзеяў і працэсаў, якія адбываюцца сёння».

Сі Цзін Пін адзначыў, што Кітай гатовы ўмацоўваць стратэгічныя стасункі з Беларуссю, і падкрэсліў, што абедзве краіны пасля апошняй сустрэчы выйшлі на «важныя дамоўленасці на карысць дынамічнага развіцця кітайска-беларускіх стасункаў».

«Для Кітаю захаванне стабільнасці і доўгатэрміновага развіцця – гэта вельмі важна. І мы атрымалі вялікія поспехі ў гэтым. У сучасным свеце адбываюцца тытанічныя перамены, узнікаюць новыя рызыкі і выклікі. Многае, што адбываецца, для нас нечакана. Кітайскі бок гатовы разам з беларускімі партнёрамі ўмацоўваць стратэгічнае ўзаемадзеянне дзеля стварэння супольнасці адзінага лёсу чалавецтва», – заявіў кітайскі лідар.

Пры гэтым, як адзначыла выданне Reform.by, Сі Цзінь Пін і Аляксандр Лукашэнка абмяркоўвалі вайну ва Украіне, пра што паведаміла кітайскае агенцтва «Xinhua», але змаўчала прэс-служба Лукашэнкі і БелТА.

У паведамленні кітайскага агенцтва гаворыцца, што палітыкі «абмяняліся меркаваннямі пра ўкраінскі крызіс».

Нагадаем, што нечакана пасля кліматычнага саміту, які адбываўся ў ААЭ, Аляксандр Лукашэнка скіраваўся з працоўным візітам у Кітай.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў