Стартаваў саміт BRICS, на які не пусцілі Пуціна. Чаго там хоча дэлегацыя Беларусі?


У Паўднёваафрыканскай рэспубліцы 22-24 жніўня праходзіць саміт BRICS – аб’яднанне Бразіліі, Расеі, Індыі, Кітаю і Паўднёвай Афрыкі. «Белсат» расказвае, што плануюць абмеркаваць на саміце і па што туды едзе міністр замежных справаў Беларусі.

Сцягі дзяржаваў BRICS
Сцягі дзяржаваў BRICS.
Фота: MFA Russia / X

Скарот BRIC прыдумаў у 2001 годзе брытанскі эканаміст Джым О’Ніл: ён пабачыў агульныя рысы ў імклівым (на той момант) развіцці эканомік Бразіліі, Расеі, Індыі і Кітаю. Гэтым дзяржавам ідэя спадабалася: у 2009 годзе правялі першы саміт, а ў 2010 годзе ўзялі ў клуб Паўднёвую Афрыку – арганізацыя стала звацца BRICS. Неўзабаве арганізацыя можа пашырыцца, але скарот наўрад ці стануць нарошчваць: на далучэнне прэтэндуюць аж чатыры дзясяткі краінаў.

BRICS – не «яшчэ адна Вялікая сямёрка»

Паводле звестак «Financial Times», Кітай заклікае саюзнікаў па BRICS стаць супрацьвагаю да G7, але міністр замежных справаў Паўднёвай Афрыкі кажа, што «вельмі няправільна» бачыць патэнцыйнае пашырэнне BRICS як антызаходні крок. Заходнія краіны, як піша FT, будуць разглядаць далучэнне да альянсу Беларусі, Венесуэлы і Ірану як далучэнне саюзнікаў Кітаю і Расеі. Расея ставіць пашырэнне BRICS у прыярытэты саміту, але прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў ускосна пацвердзіў, што Бразілія і Індыя выступаюць супраць заклікаў Кітаю хутка пашыраць BRICS.

У нечым BRICS сапраўды падобнае да «Вялікай сямёркі» (G7 – Злучанае Каралеўства, Злучаныя Штаты, Італія, Нямеччына, Канада, Францыя, Японія). Таксама як G7, нагода аб’яднацца ў BRICS – эканоміка, і ў кожным блоку ёсць выразны эканамічны лідар: ЗША ў G7 і Кітай у BRICS. Сумарныя аб’ёмы валавага ўнутранага прадукту паводле парытэту пакупніцкай здольнасці дзяржаваў BRICS ужо некалькі гадоў большыя за тыя ў G7, але намінальны ВУП («чыстымі» доларамі) у G7 усё яшчэ большы на 66 %.

Але між блокамі ёсць істотнае адрозненне: інтарэсы чальцоў G7 звычайна больш-менш супадаюць, а ў BRICS два найбуйнейшыя ўдзельнікі – Індыя і Кітай – пастаянна між сабою канфліктуюць (апошнія сутыкненні на мяжы былі ў 2022 годзе, але напружанне не спадае). Акрамя таго, на сёлетні саміт BRICS прасілі не прыязджаць кіраўніка адной з пяці дзяржаваў блоку – Расеі.

Гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у каментары «Белсату» звяртае ўвагу на зусім рознае ўяўленне чальцоў BRICS пра будучыню.

«У BRICS інтарэсы настолькі разнастайныя, што там вельмі складана нешта агульнае знайсці, каб гэта было не аморфнай, а шчыльна працуючай структурай», – лічыць ён.

Кітай бачыць арганізацыю альтэрнатывай «Вялікай сямёрцы», а сябе – тым флагманам, якім ёсць ЗША ў G7, тлумачыць Фрыдман. Але Індыя не пагаджаецца на першынства Кітаю, бачыць BRICS перадусім эканамічнай структурай. Расея ў сваю чаргу хоча выкарыстаць BRICS у палітычных мэтах, у барацьбе з Захадам. Да таго ж, Бразілія, Індыя і Паўднёвая Афрыка – «з усімі дэфіцытамі»,  але дэмакратычныя краіны, а Кітай і Расея – аўтакратыі, якія хочуць перафарматаваць свет і адыгрываць у ім агульную ролю, але каштоўнасці Кітаю і Расеі розныя.

У BRICS ёсць сапраўды амбітныя ідэі, але патэнцыял сумнеўны

Паводле «Reuters», ключавымі тэмамі саміту маюць стаць пашырэнне блоку і пошук новых сяброў, «Новы банк развіцця» і эканамічная кааперацыя.

«Новы банк развіцця» – найбольш паспяховая ідэя BRICS. Як піша «The Washington Post», аўтары ідэі натхняліся Сусветным банкам, ад заснавання ў 2015 годзе чальцы праекту ўхвалілі пазыкаў на 30 мільярдаў долараў (пераважна на інфраструктурныя праекты) і пагадзіліся стварыць запас з розных валютаў на эквівалент 100 млрд, з якога маюць браць пазыкі ў выпадку надзвычайных сітуацыяў.

Хоць між Індыяй і Кітаем замарожаны тэрытарыяльны канфлікт, а чальцы BRICS не вітаюць кітайскую ініцыятыву «Новага шаўковага шляху», Кітай пагадзіўся на роўныя долі дзяржаваў у «Новым банку развіцця». Банкам нават раней кіраваў індыец, цяпер жа ім кіруе былая прэзідэнтка Бразіліі Дыўма Русэф, адхіленая ад улады праз імпічмент у сувязі з карупцыйным скандалам.

Некаторыя дзяржавы BRICS таксама прасоўваюць ідэю новай рэзервовай валюты: Аляксандр Лукашэнка нават расказваў, што пра гэтую ідэю яму казаў Уладзімір Пуцін, толькі ён нічога не зразумеў. Эканаміст Дзмітрый Крук тлумачыў «Белсату»: назваць «рэзервовай» можна любую валюту, хоць венесуэльскую, але каб валюта сапраўды стала такой, яна мусіць быць «сімвалам стабільнасці» – тэарэтычна, гэта можа здарыцца з «новай валютай BRICS», ды наўрад ці ў бліжэйшыя 10-15 гадоў.

Hавiны
Лукашэнка не зразумеў, якую рэзервовую валюту ад яго хоча Масква. Спрабуем патлумачыць
2023.05.30 10:00

Але дыпламат з Паўднёвай Афрыкі казаў «Reuters», што тэмы гэтай валюты няма ў павестцы саміту. Што амаль дакладна ёсць – умацаванне эканамічных сувязяў, гандлю і інвестыцыяў, асабліва з краінамі Афрыкі і ў Афрыканскай кантынентальнай зоне свабоднага гандлю. Афіцыйная тэма саміту – партнёрства з Афрыкай «у мэтах супольнага паскоранага росту, устойлівага развіцця і інклюзіўнай шматбаковасці».

У эканамічных перспектывах BRICS, як адзначае «The Washington Post», ёсць сумневы: у апошнія гады толькі Індыя паказвае годны эканамічны рост, а Расея і частка эканомікі Кітаю «неінвестабельныя» праз заходнія санкцыі, ды і эканамічны рост Бразіліі і Кітаю запаволіўся, а Паўднёвая Афрыка наогул церпіць ад пастаянных адключэнняў электрычнасці.

Беларусь хоча далучыцца да BRICS дзеля Афрыкі ці дзеля Расеі ці дзеля Кітаю?

На далучэнне да BRICS, паводле розных звестак, прэтэндуе ад 26 да 40 дзяржаваў, ад Алжыру і Аргентыны да Саўдаўскай Аравіі і Тайланду, і многія падалі фармальныя заяўкі. Беларусь накіравала афіцыйны зварот аб жаданні далучыцца да BRICS 25 ліпеня.

Дэлегацыю Беларусі на цяперашні саміт узначальвае міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік. Ён расказваў, што дэлегацыя возьме ўдзел у дыялогах аб сувязях з Афрыкай і аб пашырэнні BRICS. Аб іншых тэмах, якія цікавілі б Беларусь на саміце, не расказвалі.

Міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік
Міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік падпісвае мемарандум аб далучэнні Беларусі да Шанхайскай арганізацыі супрацы. Менск, Беларусь. 4 ліпеня 2023 года.
Фота: МИД Беларуси / X

Лукашэнка на Еўразійскім эканамічным форуме ў Маскве 24 траўня выказаўся пра тое, што «не трэба Расеі апускаць нізка галаву ў сувязі з сітуацыяй, якая склалася», што яна можа надаць дынамікі BRICS і Шанхайскай арганізацыі супрацы. Лукашэнка таксама казаў, што Расея зараз мае вялікі аўтарытэт у свеце, ідзе ў авангардзе, можа «стаць лакаматывам» і збудаваць нейкі «саюз краінаў».

Беларусь цяпер не вельмі моцна  звязаная з трыма з пяці чальцоў BRICS, актыўна супрацоўнічае з Расеяй (так, што ў Еўропе кажуць аб мяккай анексіі) і з Кітаем (і ў вайсковай сферы, і у эканамічнай сферы). Эканамічныя інтарэсы Беларусі ў Афрыцы неадназначныя: з аднаго боку, таваразварот з дзяржавамі Афрыкі ў Беларусі даволі малы, але з другога боку, у Афрыцы даволі актыўна працуюць бізнесоўцы з атачэння Лукашэнкі – выказваліся здагадкі, што іхныя інтарэсы ў рэгіёне бароніць асабіста Лукашэнка.

Аб’ектыў
«Акно ў Азію» ці «Клуб азіяцкіх дэспатыяў»? Што за ШАС, у які сабралася Беларусь
2022.07.15 23:50

Мэты Беларусі на саміце відавочна не абмяжоўваюцца размовамі пра Афрыку. Украінскі эксперт Ігар Тышкевіч лічыць, што ўдзел у саміце і ў перспектыве ў BRICS патрэбны Беларусі са шмат якіх прычынаў. Гэта дазволіць балансаваць расейскі ўплыў і знаходзіць новыя пункты апоры для рэжыму Лукашэнкі, можа прывесці ў беларускую эканоміку інвестыцыі і адкрыць для беларускага экспарту новыя рынкі, можа стварыць крыніцу крэдытаў (альтэрнатыўную Сусветнаму банку і Еўрапейскаму банку рэканструкцыі і развіцця, таннейшую за Еўразійскі банк развіцця), можа нават даць новы шлях для кантактаў з Захадам. На думку Тышкевіча, BRICS можа ў сваю чаргу патрабаваць ад Беларусі эканамічных рэформаў і паляпшэння стасункаў з суседзямі, але наўрад ці стане патрабаваць за гэта вызвалення палітвязняў або палітычных рэформаў.

Фрыдман таксама бачыць комплекс прычынаў удзельнічаць у саміце і агулам у BRICS, але ставіцца да арганізацыі больш скептычна. Беларусі безумоўна цікавыя ў эканамічным сэнсе краіны з вялікім рынкам і вялікімі магчымасцямі, а Лукашэнка яшчэ і верыць, што за краінамі BRICS будучыня.

«Лукашэнка, мне падаецца, цалкам упэўнены, што час дамінавання Захаду скончыўся, таму трэба арыентавацца на іншыя цэнтры, і гэта зусім не Расея, а краіны „глабальнага Поўдня“», – разважае Фрыдман.

Ён згадвае і «рэверансы» Беларусі ў бок Кітаю, і заяўку Беларусі на далучэнне да Шанхайскай арганізацыі супрацы (дзе таксама ёсць Кітай і Індыя).

Акрамя таго, на думку Фрыдмана, Лукашэнка хацеў бы паўдзельнічаць ва ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне – быць можа, у мірных перамовах. Але «ніхто з ім размаўляць не жадае», таму ён спрабуе заручыцца падтрымкай дзяржаваў BRICS, каб здавацца «не часткай Захаду і не часткай Расеі». Расея ж зацікаўленая ва ўдзеле Беларусі ў BRICS, каб мець там «аўтаматычнага саюзніка», які чымсьці можа дапамагчы.

Галоўная праблема Лукашэнкі, лічыць ён, у тым, што адказаць на пытанне «а што Беларусь прынясе BRICS». Адказ невідавочны: гэта партнёр Расеі, але ўцягнуты ў канфлікты, ізаляваны, уцягнуты ў канфлікты і пакараны санкцыямі. Шанцы Беларусі ў BRICS «вельмі стрыманыя».

Пуцін – не адзіны, хто хацеў і не змог прыляцець на саміт

Уладзімір Пуцін мог бы наведаць цяперашні саміт BRICS, яго туды нават запрашалі. Але запрашэнне было высланае да таго, як Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на ягоны арышт. Прэзідэнт Паўднёвай Афрыкі ў адзін момант нават казаў, што будзе выходзіць з гэтага суду, а ягоная дзяржава прасіла ў суду зрабіць выключэнне для Пуціна, каб не рызыкаваць міжнародным скандалам ці наогул вайной з Расеяй. Ды ўрэшце дамовілася, каб Пуцін не прылятаў, а ўдзельнічаў праз відэасувязь. Кіраўнікі астатніх дзяржаваў BRICS будуць на саміце асабіста.

На саміт таксама хацеў паляцець прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, але супраць ягонай прысутнасці выступіла Расея – запрашэнне ў выніку не выслалі. А гаворкі аб удзеле Аляксандра Лукашэнкі не было ад пачатку.

Чакаць чагосьці значнага для Беларусі ад саміту не варта, лічыць Фрыдман, бо калі б былі рэальныя перспектывы, туды б накіраваўся сам Лукашэнка або хаця б прэм’ер-міністр, але не ўсяго толькі міністр замежных справаў.

Hавiны
Ці сапраўды на «антыфашысцкім форуме» ў Менску сустракаліся праціўнікі фашызму
2023.08.21 17:53

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў