«Лукашэнка ператварае Беларусь у сметнік». Што значыць мяккая анексія, пра якую кажа АБСЕ


Парламенцкая асамблея Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе падчас паседжання ў канадскім Ванкувэры заявіла пра мяккую анексію Беларусі Расеяй. Карэспандэнты «Белсату» разбіраліся з тым, што гэта такое, чым адрозніваецца ад анексіі ды акупацыі і што гэтае прызнанне значыць для нашай краіны.

Удзельнікі паседжання Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў ванкувэрскай дэкларацыі з аднаго боку назвалі Беларусь суагрэсарам, а з іншага адзначылі, што Расея зладзіла таксама і «мяккую анексію» нашай краіны. Згадваецца «мяккая анексія» Беларусі ў адным шэрагу з «акупацыяй грузінскай тэрыторыі і падтрыманнем сепаратызму ў Малдове», а таксама з «беспрычыннай і незаконнай» агрэсіяй Расеі супраць Украіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Anton Vaganov / Reuters / Forum

Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў «Белсату», што «яшчэ год таму яны не пасмелі б так сказаць, назваць рэчы сваімі імёнамі, а цяпер набіраюцца смеласці», і гэта таксама вынік працы, якую вядуць дэмакратычныя сілы. 

Розніца паміж анексіяй і акупацыяй

Паводле міжнароднага права, анексія – гвалтоўнае набыццё тэрыторыі адной дзяржавы іншай, звычайна пасля вайсковай акупацыі тэрыторыі. Дзяржавы, якія ажыццяўляюць анексію, звычайна пазбягаюць выкарыстоўваць гэтае слова пры апісанні сваіх дзеянняў. Анексія можа быць узаконеная, калі яе прызнаюць іншыя дзяржавы і міжнародныя арганізацыі.

Пры гэтым анексія не раўназначная акупацыі, якая прадугледжвае захоп і кантроль пэўнай тэрыторыі: 

«Анексія звычайна ідзе за вайсковай акупацыяй тэрыторыі, калі дзяржава-акупант вырашае замацаваць свой фізічны кантроль шляхам зацвярджэння прававога статусу. Анексія тэрыторыі – гэта, фактычна, адміністратыўнае дзеянне, звязанае з заваёвай. Адной толькі заваёвы недастаткова, хутчэй дзяржава-заваёўнік павінна заявіць, што цяпер яна суверэнная над адпаведнай тэрыторыяй».

Hавiны
Пакуль існуе рэжым, Беларусь будзе ўсё глыбей пагружацца ў балота расейскай акупацыі
2023.07.05 21:21

Як адзначае энцыклапедыя Britannica, «часам, як у выпадку нямецкай анексіі Аўстрыі ў 1938 годзе, заваяванне можа быць здзейсненае пагрозай гвалту без актыўных ваенных дзеянняў».

Розніцу паміж акупацыяй і анексіяй можна прасачыць на прыкладзе расейскай агрэсіі супраць Украіны. Гэтак, анексія Крыму адбылася яшчэ ў 2014 годзе, калі паўвостраў быў уключаны з дапамогай расейскіх войскаў у склад РФ. Але так званыя «ДНР» і «ЛНР», як і акупаваныя Расеяй часткі Запарожскай і Херсонскай вобласці Украіны, былі анексаваныя толькі 30 верасня 2022 года, калі іх афіцыйна абвесцілі часткамі РФ.

«Для апраўдання актаў анексіі ў міждзяржаўных дачыненнях часам інсцэнуецца народнае «волевыяўленне» – у форме плебісцытаў сярод насельніцтва анексаваных тэрыторыяў. Гэтыя лжэплебісцыты прадстаўляюць фальсіфікацыю народнага волевыяўлення, бо яны здзяйсняюцца ва ўмовах ваеннай акупацыі дзяржавай, якая чыніць анексію», – тлумачыла «Советская военная энциклопедия» ў 1932 годзе.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў разглядае анексію як акт агрэсіі.

А што такое «мяккая анексія»?

Тэрмін «мяккая анексія» не мае выразнага тлумачэння ў міжнародным праве і ёсць дастаткова новым. Адным з першых, прынамсі ў дачыненні да постсавецкай прасторы, яго ўжыў брытанскі журналіст Томас дэ Ваал, эксперт у пытаннях Расеі і Каўказу. Яшчэ ў 2008 годзе, аналізуючы агрэсію РФ супраць Грузіі, ён заяўляў, што «мяккая анексія» – «магчыма, найвялікшая спадчына Уладзіміра Пуціна свайму пераемніку». Паводле яго, з дапамогай мяккай анексіі Расея здолела «дэ-факта ўзяць пад кантроль Абхазію, аслабіць Грузію і раздражняць Захад».

«Ідэя, якая цягам шмат якіх гадоў выяўлялася ў розных формах, заключаецца ў тым, што Расея выкарыстоўвае палітычныя, эканамічныя і ваенныя рычагі – усе яны далёкія ад традыцыйнага ўварвання – для выкарыстання этнічных канфліктаў у краінах, якія раней былі ў яе арбіце. І мэта ў тым, каб выкарыстаць гэтую напружанасць, /… /, каб атрымаць уплыў у былых савецкіх рэспубліках, не даючы гэтым краінам зблізіцца з Захадам», – тлумачыў «мяккую анексію» ў 2014 годзе эксперт Atlantic Council Уры Фрыдман.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Alexey Pavlishak / Reuters / Forum

У 2018 годзе Браян Шленк Штраўб з Універсітэту Нью-Ёрку адзначаў, што мяккая анексія «часам выкарыстоўваецца як сінонім гібрыднай вайны» дый агулам дзве гэтыя з’явы звычайна ідуць поплеч.

«Расея, выкарыстоўваючы нацыяналістычную рыторыку, прасякнутую мяккай анексіяй і гібрыднай вайной, дэстабілізавала рэгіён і дадала да яго буферную зону тэрыторыі, перашкодзіўшы пры гэтым палітычнаму прасоўванню Захаду», – пісаў ён.

З экспертнай сферы – у палітычную

На Захадзе пра мяккую анексію Беларусі кажуць ужо не першы год, праўда, да гэтага – толькі ў экспертных колах. Гэтак, яшчэ ў сакавіку 2021 года прафесар Тэхаскага ўніверсітэту ў Арлінгтане Браян Ўітмор заяўляў, што для кантролю Беларусі Расеі не патрэбныя «афіцыйнае зліццё ці далучэнне».

«Крэмль дасягае сваіх стратэгічных мэтаў у Беларусі цішком, няўхільна і метадычна. І стратэгічныя наступствы гэтай мяккай анексіі для ЗША і іх саюзнікаў у NATO велізарныя», – папярэджваў амерыканскі даследчык.

Пра гэта ж заяўляў у верасні 2020 года і старэйшы навуковы супрацоўнік у пытаннях палітыкі Еўрапейскай рады замежных справаў Густаф Грэсэль, праўда, без згадкі самога тэрміну «мяккая анексія». Пасля таго, як Крэмль падчас пратэстаў вырашыў падтрымаць рэжым у Менску, ён казаў, што Аляксандру Лукашэнку «давядзецца прыняць новыя расейскія вайсковыя базы і размяшчэнне на беларускай тэрыторыі», а «Украіна будзе мець яшчэ даўжэйшую мяжу з тэрыторыяй, на якой расейскія сілы змогуць манеўраваць, робячы краіну больш уразлівай».

«Гэты зрух зменіць рэгіянальны баланс сілаў на ўсходнім флангу NATO на шкоду альянсу. Еўропа цяпер павінна падрыхтавацца да ўсіх гэтых зменаў», – заклікаў Грэсэль. Але марна:

«Практычны ваенны захоп Беларусі Расеяй і выкарыстанне яе тэрыторыі для ўварвання Расеі ва Украіну, а таксама ўдзел Лукашэнкі ў палітычным праекце Крамля, як вонкавым, так і ўнутраным, уключаючы працэс унясення паправак у канстытуцыю, – усё гэта прыкметы таго, што Крэмль дасягнуў сваёй стратэгічнай мэты, мяккай анексіі Беларусі», – адзначаў 25 лютага 2022 года аналітык Стакгольмскага цэнтру Усходнееўрапейскіх даследаванняў Якаб Гэдэнскуг.

І вось цяпер тэрмін «мяккая анексія» ў дачыненні Беларусі выйшаў з экспертнай супольнасці ў палітычную і быў замацаваны ў заяве Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

Хто прызнае анексію наступным?

Як заявіў у каментары «Белсату» каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка, ніякія рэзалюцыі асобна не маюць моцнага эфекту, але ў сукупнасці яны набываюць большую моц. У выніку нават тыя краіны, якім не цікавая палітычная і дэмакратычная сітуацыя ў Беларусі, мусяць прыслухоўвацца да гэтых заяваў.

«Магчыма, праз такі ціск ўдасца даціснуць Лукашэнку. Трэба разумець, што няма ідэальных механізмаў. Не толькі ў нас, ні ў каго іх няма, ніхто іх не ведае, але вельмі важна ісці па ўсіх шляхах, па ўсіх кірунках, не апускаць рук. Зрэшты, нават самі лукашэнкаўцы гэта прызнаюць. Бо, вядома, калі прымаюцца нейкія санкцыі, рэзалюцыі, яны заўсёды кажуць: ды мы тут не пры чым, нам не страшна. А потым пры любой магчымасці кажуць: давайце гэтыя санкцыі адменім, гэта няправільна, а давайце такія рэзалюцыі не прымаць, пачынаюць змагацца за месца ў Радзе бяспекі ААН», – сказаў ён.

Каментар
Вадзім Мажэйка: «Магчыма, праз такі ціск атрымаецца даціснуць Лукашэнку»
2023.07.06 13:15

Паводле эксперта, такія заявы пра лукашэнкаўскі рэжым – вельмі важныя. Яны ствараюць вобраз краіны, і акурат іх улічваюць контрагенты, прымаючы рашэнні, датычныя Беларусі. Таму важна, паводле яго, каб гэтая тэма гучала на розных міжнародных пляцоўках не толькі для вырашэння ўжо існых праблемаў, але і для тых, якія могуць узнікнуць.

Значным крокам у прызнанні пагрозы Расеі ў Беларусі назвала дэкларацыю ПА АБСЕ і экспертка Atlantic Council Ганна Любакова. На ейную думку, «іншыя арганізацыі і ўрады павінны зрабіць тое самае».

«Мы сутыкаемся з рэальнай пагрозай незалежнасці», – адзначыла яна ў Twitter.

Не даць замаскаваць сітуацыю ў Беларусі

Прадстаўнік у замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінету (АПК) Валер Кавалеўскі ў каментары «Белсату» падкрэсліў, што ванкувэрская дэкларацыя АБСЕ надзвычай важная, бо дае адэкватную ацэнку дзеянняў Расеі на тэрыторыі Беларусі.

«Сапраўды, поўнай адпаведнасці вызначэнню акупацыі мы не назіраем. Але мы таксама разумеем, што Расея не будзе рабіць гэта настолькі адкрыта і груба. Замест гэтага яны выкарыстоўваюць Лукашэнку – нелегітымнага, карумпаванага і абсалютна залежнага ад Крамля, – каб праводзіць сваю палітыку ў Беларусі. Каб паступова захопліваць усе сектары дзяржаўнага кіравання ў нашай краіне і ўмацоўваць свой кантроль над нашай тэрыторыяй», – распавёў палітык.

З’яўленне такой ацэнкі ў дэкларацыі ПА АБСЕ, на ягоную думку, азначае, што яна супадае з думкамі палітыкаў, дыпламатаў і экспертаў:

«Гэта той дакумент, да якога будуць звяртацца нацыянальныя ўрады краінаў АБСЕ, якія будуць уносіць адпаведныя змены ў свае стратэгіі што да Беларусі».

Паводле Кавалеўскага, гэты дакумент мусіць перашкодзіць замаскаваць сітуацыю ў Беларусі і зрабіць выгляд, што нічога кепскага не адбываецца. 

Пры чым тут Вагнэр і ядравая зброя

Палітык нагадаў, што захаванне суверэнітэту Беларусі застаецца адным з галоўных кірункаў працы Аб’яднанага пераходнага кабінету і дэмакратычных сілаў, асабліва з моманту поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.

«Шмат чаго робіцца, каб прыцягнуць увагу да гэтай праблемы. Каб памяняць тую мову, якая апісвае сітуацыю ў Беларусі. Каб у замежных урадаў была адэкватная ацэнка таго, што адбываецца. Каб яны не казалі, што гэта звычайныя стасункі дзвюх краінаў. Бо адна краіна, якая ўжо паказала сваю варожасць у рэгіёне, паглынае іншую», – падкрэсліў прадстаўнік АПК.

На думку Кавалеўскага, прызнанню мяккай анексіі паспрыяла з аднаго боку працяглае падтрыманне Лукашэнкам расейскай агрэсіі супраць Украіны, якое «не зніжаецца, а робіцца больш аб’ёмным». А таксама апошнія падзеі – размяшчэнне ядравай зброі і запрашэнне ў Беларусь ПВК Вагнэра.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Jae C. Hong /AP Photo / East News

«Праблема ў тым, што Лукашэнка цяпер сцягвае ў Беларусь усё найгоршае з Расеі, што можа быць, ператвараючы нашую краіну фактычна ў сметнік, у прахадны двор, дзе ўсё, што магчыма, можа адбывацца. Нас ставяць на шлях канфрантацыі з нашымі еўрапейскімі суседзямі», – заявіў палітык.

Паводле яго, гэта стварае новыя пагрозы і вядзе да пагаршэння міжнароднай сітуацыі для Беларусі, праз што «нашая краіна можа яшчэ глыбей быць задзейнічаная ў канфліктах – не толькі супраць Украіны, але і супраць іншых суседзяў».

Тым часам Лукашэнка не лічыць, што страчвае суверэнітэт. 20 чэрвеня, выступаючы перад міністрамі замежных справаў краінаў АДКБ, ён заявіў, што незалежнасць страціла не Беларусь, а еўрапейскія краіны, якія адмовіліся ад таннага расейскага газу. На ягоную думку, менавіта нізкія цэны на яго ёсць паказнікам суверэнітэту. Праўда, больш такога вызначэння гэтага тэрміну мы нідзе не знайшлі.

На сустрэчы з журналістамі 6 ліпеня, адказваючы на пытанне, ці не шкадуе ён, што падзяліўся часткай беларускага суверэнітэту дзеля захавання ўлады, Лукашэнка адзначыў, што цалкам здзяйсняе ўладу ў беларускіх межах, таму, маўляў, нікому суверэнітэт не «аддаў». Пры гэтым адказаць на пытанне пра лёс расейскіх наймітаў-вагнэраўцаў у Беларусі ён не змог – «пытанне відавочна не да мяне».

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў