Лукашэнка лётаў у Зімбабвэ па літый – зімбабвійскі часопіс «NewsHawks»


Зімбабвійскі інтэрнэт-часопіс «NewsHawks» са спасылкаю на мясцовых дыпламатаў сцвярджае, што галоўнаю мэтай візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Зімбабвэ было перапрацоўванне літыю.

Артыкул часопісу «NewsHawks» пра візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Зімбабвэ. Скрыншот: anyflip.com

Ад 30 студзеня да 1 лютага Аляксандр Лукашэнка правёў свой першы візіт у Зімбабвэ – краіну на поўдні Афрыкі, за 8 тыс. км ад Беларусі. Візіт адбыўся пасля палёту ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, якія Лукашэнка наведаў восьмы раз, і з Зімбабвэ Лукашэнка вярнуўся ў ААЭ.

Паводле Лукашэнкі, у часе візіту ў Зімбабвэ дасягнулі дамоўленасцяў пра інвестыцыйныя і карпаратыўныя праекты ў прамысловасці, гандлі, сельскай гаспадарцы, энергетыцы, транспарце і здабычы карысных выкапняў, у тым ліку аб продажы беларускіх трактароў, тэхнікі для ўборкі збожжа і абсталявання для будаўніцтва і мадэрнізацыі комплексаў захоўвання збожжа, машынаў і абсталявання для лясной прамысловасці. Падпісалі пагадненні аб перадухіленні двайнога падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў, аб пабрацімскіх адносінах Менску і зімбабвійскай сталіцы Харарэ.

Паводле крыніцы зімбабвійскага выдання «NewsHawks», на публікацыю ў якім звярнуў увагу Reform.by, прычынаю візіту Лукашэнкі была «пагоня за літыем». Выданне называе Лукашэнку «апошнім дыктатарам Еўропы», які да апошняга часу не меў моцных сувязяў з Афрыкай на поўдзень ад Сахары.

Лукашэнка, як піша выданне, паабяцаў пабудаваць заводы апрацоўвання літыю, калі Зімбабвэ дасць яму доступ да экспарту літыю, які летась забаранілі вывозіць з Зімбабвэ ў неапрацаваным выглядзе (пазней забаранілі вывозіць усе каляровыя металы).

Зімбабвэ мае буйныя запасы літыю, але краіна здабывае яго параўнальна мала – у 33 разы менш за Аўстралію, у 15 разоў менш за Чылі. У здабычу літыю ў Зімбабвэ раней інвеставаў Кітай, які абяцаў укласці сотні мільёнаў долараў у будаўніцтва заводаў і пашырэнне здабычы.

Літый выкарыстоўваецца ў вытворчасці керамікі і шкла, крыніцаў току і змазачных матэрыялаў, у выплаўцы алюмінію і шмат у чым яшчэ, у тым ліку ў акумулятарных батарэях смартфонаў і электрамабіляў.

Пасля пачатку вайны ва Украіне продаж літыю ў Расею спынілі Чылі і Аргентына. Расея непакоілася, што яе «заганяюць у літыевую пастку», бо краіна крытычна залежная ад імпарту літыевай сыравіны.

У каментары «Белсату» кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін, які цікавіцца супрацаю з краінамі дальняй дугі, адзначыў цікавасць Лукашэнкі да літыю і іншых карысных выкапняў у Зімбабвэ, у тым ліку да золата і алмазаў. Здабычай золата там ужо займаецца кампанія, звязаная з паплечнікам Лукашэнкі Віктарам Шэйманам і ганаровым консулам Зімбабвэ ў Беларусі Аляксандрам Зінгманам.

Аналітыка
Што пацягнула Лукашэнку ў Зімбабвэ? Золата, алмазы, можа, і зброя, але хіба не трактары
2023.01.30 16:13

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў