Уладзімір Пуцін не паляціць на саміт BRICS, каб не быць арыштаваным


На саміце BRICS, што пройдзе ў жніўні 2023 года, будуць прысутнічаць прэзідэнты Бразіліі, Індыі, Кітаю і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Прэзідэнт Расеі не паляціць на сустрэчу, каб не быць арыштаваным.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: kremlin.ru

Прэзідэнт Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі (ПАР) Сірыл Рамапхоса пацвердзіў гатовасць сваёй краіны прыняць у сябе 15-ы саміт краінаў BRICS, у які ўваходзяць Бразілія, Расея, Індыя, Кітай і ПАР.

У той жа час у заяве, зробленай офісам прэзідэнта ПАР, адзначаецца, што прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін не будзе браць удзелу ў саміце – «з двухбаковай згоды». Замест яго на мерапрыемства прыедзе міністр замежных справаў Расейскай Федэрацыі Сяргей Лаўроў.

Нагадаем, што Міжнародны крымінальны суд у Гаазе 17 сакавіка 2023 года выдаў ордар на арышт расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай, з абгрунтаваннем, што гэтыя асобы падазраюцца ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расею.

Пастанову Міжнароднага крымінальнага суда падтрымаў і лідар Злучаных Штатаў Джо Байдэн, які назваў яго «апраўданым».

У той жа час ва ўрадзе ПАР падкрэслілі, што ўсведамляюць свае юрыдычныя абавязкі і прымаюць «да ўвагі паведамленне пра ордар на арышт, выдадзены МКС».

Гэта абазначае, што калі б Уладзімір Пуцін прыбыў у Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку, то ўлады краіны мусілі б арыштаваць яго і перадаць у Міжнародны суд у Гаазе.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў